Сэрца дзяўчыны

Сэрца дзяўчыны : [магілёўская пісьменніца В. Бялова] / падрыхтавалі Алесь Казека і Святлана Багдановіч // Магілёўскія ведамасці. — 2018. — 20 июля. — С. 14. 

Вольга Бялова

Бялова Вольга Юр’еўна нарадзілася 8 мая 1985 года ў горадзе Магілёве. Скон-чыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Літаратурная работа (драматургія)» (курс А. В.Сабалеўскага). Працуе настаўніцай па класе тэатра ў ДУА «Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў №1». П’еба Бяловай В.Ю. «Прыгоды Заранкі і Янкі» пастаўлена ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы ў 2008 годзе. У 2015-м выдадзена першая кніга Вольгі Бяловай «Шчасце» — зборнік вершаў і п’ес на рускай і беларускай мовах. З 2016 года — член Саюза пісьменнікаў Беларусь У верасні 2016-га выйшла другая кніга вершаў «29».

Не сумуй без мяне

Не сумуй без мяне. Я сама па сабе сумую.
Не пільнуй на зямлі, бо… Ахоўнік — злы лёс —
не дазволіць гуляць па людскім светлым полі
сярод белых, знаёмых з дзяцінства, чуллівых бяроз;
зацягнуўшы аднойчы ў высокі пазажыццёвы лес,
у маўклівы гушчар, дзе няма анікога жывога.
У адзіноце, бы ў моры бяскрайнім, штодзённа плыву
на зялёным дубовым, ветрам сарваным лістку
да ляснога цара (я не ведаю, д’ябла ці Бога?)
з адзіным таемным жаданнем, у сэрцы — з трывогай.
За шчасцем зямным яму аднаму. Па бяскрайняй прасторы
я плыву. Я плыву па начах. Па шаўковых прасцінах
я прыходжу ў снах да цябе, у такі родны пакой
Стол пісьмовы… люстэрка… дзе вынайсці сілы
на наступны, апошні заплыў? Любы мой!..
Спіш салодка, душы маёй свет. I спакой
поўніць паветра жыццёваю сілай.
Назаўсёды твая. Ты… пакуль яшчэ мой.
Толькі б даплысці… толькі даплысці…
на хісткім лістку з перарванаю жылай.
Не сумуй без мяне. Не сумуй. Не…

Чорная хмарка

Чорная хмарка
па маім жыцці —
варонай-пляткаркай.
Куды ісці?
Схавацца ў полі,
у зёлках высокіх?
Цяжкая доля
ўзыдзе асокай.
Заснуць?
А ці можна
прачнуцца
шчаслівай?..
Стаць песняй журботнай,
размовай чуллівай?
Сэрца дзяўчыны
не знойдзе спакою.
Стаць аблачынай,
праліцца вадою
ў калодзеж вясковы?
Ды чорная хмарка
зляціць з гары
варонай-пляткаркай,
насыпле гора,
атруціць вадзіцу,
калі да мяне
будзе нехта хіліцца…
Сэрца маё
не знойдзе спакою.
I застаецца толькі…
Cамою…
плыць чорнаю хмарай
па белым свеце,
у дзюбе смецце,
нядолю несці
ў кожны двор,
у кожную хату…
Дзе й без мяне
гора багата.
Пагоняць людзі
старую варону.
Буду лятаць
з дому да дому
ўсё жыццё…
Да скону.