Карэкцыя трывожнасці ў дзяцей

Курганава, І. Карэкцыя трывожнасці ў дзяцей : [вопыт педагагічна-псіхалагічнай дапамогі дзецям у яслях-садзе №38 Магілёва] / Ірына Курганава // Настаўніцкая газета. — 2018. — 15 верасня. — С. 19. 

Год ад году расце колькасць трывожных дзяцей, якія вызначаюцца неспакоем, няўпэўненасцю, эмацыянальнай няўстойлівасцю. Такая трывожнасць можа правакаваць узнікненне неўрозаў і іншых адхіленняў. У сваёй рабоце я стараюся ўдзяляць асаблівую ўвагу такім дзецям, змякчаць іх эмацыянальны дыскамфорт, павышаць актыўнасць і самастойнасць, навучаю іх даступным спосабам зняцця залішняга напружання, вучу расслабляцца.

Работа па праблеме прафілактыкі трывожнасці ў дзяцей праводзіцца ў наступных кірунках: псіхадыягностыка; стварэнне банка даных па трывожных дзецях установы дашкольнай адукацыі; распрацоўка праграмы ці плана па рабоце з трывожнымі дзецьмі (у залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей дзяцей); стварэнне ўмоў для развіцця магчымасцей дзяцей (падбор абсталявання і гульнявога матэрыялу); карэкцыйна-развіццёвая работа; псіхолага-педагагічная асвета ўсіх ­удзельнікаў выхаваўча-адукацыйнага працэсу; псіхалагічная дапамога дзецям і іх бацькам пры магчымых праблемах.

Для выяўлення дзяцей з павышанай трывожнасцю я выкарыстоўваю метад назірання, апытальнік Г.П.Лаўрэнцьевай, Т.М.Цітарэнка, апытанне выхавальнікаў, якія ­адзначаюць, ці характэрны для паводзін дзяцей такія прыметы, як пастаянны неспакой, цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі, мышачнае напружанне, раздражняльнасць, парушэнні сну і г.д. Для ўдакладнення магчымых прычын павышанай трывожнасці я выкарыстоўваю малюнкавы тэст “Мая сям’я”, для вызначэння эма­цыянальнага стану дзіцяці — методыкі “Кактус”, “Неіснуючая жывёла”, “Дом, дрэва, чалавек”, “Крыўда”, “Паравозік”, “Кветачка-васьмікветачка”, “Пошта”, “Лесвічка”, інтэрпрэтатыўны тэст “Сумная мама” і інш.

Вопытны выхавальнік у першыя дні знаёмства з дзецьмі зразумее, у каго ёсць павышаная трывожнасць. Аднак перш чым рабіць канчатковыя высновы, неабходна паназіраць за дзіцем, якое выклікае занепакоенасць, у розныя дні тыдня, у час навучання і свабоднай дзейнасці, зносін з іншымі дзецьмі. Атрыманыя вынікі абмяркоўваем з педагогамі, якія працу­юць з гэтымі дзецьмі. Распрацоўваем алгарытм сумеснай дзейнасці.

Важным этапам у арганізацыі работы псіхолага з’яўляецца работа з бацькамі выхаванцаў і педагогамі. Для іх праводзяцца кансультацыі, семінары, трэнінгі, якія прызначаны павысіць кампетэнтнасць у гэтай галіне. Пры неабходнасці для найбольш эфектыўнага ўзаемадзеяння з дзіцем наладжваецца ­ўзаемадзеянне псіхолага, педагогаў, бацькоў.

Карэкцыйна-развіццёвую работу з трывожнымі дзецьмі я праводжу ў трох кірунках: павышэнне самаацэнкі; навучанне дзіцяці ўменню кіраваць сабой у канкрэтных сітуа­цыях, якія яго найбольш хвалююць; зняцце мышачнага напружання.

Пры правядзенні карэкцыйна-развіццёвых заняткаў, накіраваных на зніжэнне ўзроўню трывожнасці, я выкарыстоўваю гульнятэрапію, элементы цялеснай тэрапіі, арт-тэрапію, прыёмы рэлаксацыі і канцэнтрацыі ўвагі на сваіх адчуваннях. На кожных занятках гучыць музыка, якая супакойвае і аднаўляе.

Пры правядзенні заняткаў я прытрымліваюся наступных умоў: прыняцце дзіцяці такім, якое яно ёсць; пачатак і канец заняткаў павінны быць рытуальнымі, каб захаваць у дзіцяці адчуванне цэласнасці і завершанасці заняткаў; улічэнне прынцыпу паэтапнага паглыблення і выхаду з сітуацыі, якая траўміруе; нельга падганяць ці запавольваць гульнявы працэс; у любой гульні дзіцяці прапануецца магчымасць імправізаваць; гульня не каментуецца.

Усе заняткі маюць гібкую структуру з розным зместам. У час заняткаў дзеці сядзяць у крузе, што дае магчымасць для адкрытых зносін, адчуванне цэласнасці, завершанасці, уносіць гармонію ў адносіны дзяцей, палягчае ўзаемаразуменне. Прыкладная структура заняткаў складаецца з рытуалу прывітання (2 мінуты), размінкі (5 мінут), карэкцыйна-развіццёвага этапу (10—15 мінут), падвядзення вынікаў (5 мінут), рытуалу развітання (2 мінуты).

Падчас прывітання дзеці з задавальненнем выконваюць практыкаванне “Падорым усмешкі адно аднаму”, пры якім яны стаяць у крузе, узяўшыся за рукі, вітаюць адно аднаго ўсмешкай. Пры выкананні практыкавання “Што я люблю?” дзеці па крузе перакідваюць адно аднаму мяч і гавораць пры гэтым:
“Я люблю рабіць…” (кожнае гаворыць па чарзе, што яно любіць з ежы, адзення, у што любіць гуляць і г.д.).

Для раскрыцця свайго “Я”, дасягнення ўзаемаразумення з іншымі людзьмі і згуртаванасці выкарыстоўваю гульню “Маё імя”. Педагог-псіхолаг задае пытанні, дзеці па крузе адказваюць, напрыклад, “Табе падабаецца тваё імя?”, “Хацела б ты, каб цябе звалі
па-іншаму? Як?”.

Пры цяжкасцях у адказах педагог-псіхолаг называе ласкальныя вытворныя ад імя дзіцяці, а тое выбірае, што спадабалася. Псіхолаг гаворыць: “Ці вядома вам, што імёны растуць разам з людзьмі? Сёння вы маленькія і імя ў вас маленькае. Калі вы падрасцяце, імя таксама падрасце разам з вамі і стане поўным, напрыклад, Света — Святлана, Дзіма — Дзмітрый” і г.д.

Спрыяе павышэнню самаацэнкі і гульнявое практыкаванне “За што мяне любіць мама”,пры выкананні якога кожнае дзіця па чарзе адказвае. Потым можна папрасіць аднаго з дзяцей (жадаючага), каб яно паўтарыла тое, што сказалі іншыя. Калі ўзнікнуць цяжкасці, дзеці могуць яму ­дапамагчы. Пасля ­гэтага трэба ­абмеркаваць з дзецьмі, ці прыемна ім было, што іншыя дзеці запомнілі гэтую ­інфар­мацыю. Выхаванцы звычайна саміробяць выснову, што трэба ўважліва ста­віц­ца да навакольных і слу­хаць іх. Спачатку дзеці, каб паказацца значнымі, расказва­юць, што мамы любяць іх за тое, што яны мыюць посуд, не перашка­джаюць пісаць дысертацыю, любяць маленькую сястрычку… Толькі пасля шматразовага паўтарэння гэтай гульні дзеці прыхо­дзяць да высновы, што іх лю-бяць проста за тое, што яны ёсць.

Практыкаванне “Я вельмі добры” таксама спрыяе павышэнню самаацэнкі ў дзяцей. Ім прапануецца прамовіць вельмі гучна, гучна, шэптам “Я вельмі добры!”. У гульні “Пахвалілкі”кожны атрымлівае картку, на якой зафіксавана якое-небудзеь дзеянне ці ўчынак, якія адабраюць навакольныя. Прычым фармулёўка абавязкова пачынаецца словамі “Аднойчы я…”. Напрыклад: “Аднойчы я дапамог бабулі” і г.д. На абдумванне задання даецца 2—3 мінуты, пасля чаго кожнае дзіця па крузе (ці па чарзе) робіць кароткае паведамленне пра тое, як аднойчы яно выканала менавіта тое, што адзначана ў яго картцы. Пасля таго, як усе дзеці выкажуцца, педагог-псіхолаг адзначае, што кожнае дзіця валодае якімі-небудзь талентамі, але для таго, каб гэта заўважыць, неабходна ўважліва, клапатліва і добразычліва ставіцца да навакольных.

Фарміраванню ўпэўненасці ў сабе дапамагае гульня “Казачная скарбонка”. Педагог-псіхолаг паведамляе дзецям, што Фея казак прынесла сваю скарбонку — у ёй схаваліся героі казак. Далей ён гаворыць: ­“Успомніце сваіх любімых казачных герояў і раскажыце, якія яны, чым яны вам падабаюцца, як яны выглядаюць”. Далей з дапамогай “чароўнай палачкі” ўсе дзеці ператвараюцца ў казачных герояў.

Мэта практыкавання “Я ўмею” — гарманізацыя прэтэнзіі на прызнанне. Дзецям прапануецца па чарзе называць, можна і паказаць, якое-небудзь сваё ўменне (напрыклад, хутка бегаць, высока скакаць). Усім неабходна ўважліва слухаць, таму што кожнае ўменне можа быць названа толькі адзін раз. Калі хтосьці не здолее ўспомніць сваё ўменне, то выбывае з гульні. Выйграе той, хто застанецца ў крузе да канца.

Развіццю сацыяльнага даверу спрыяе практыкаванне “Неваляшка”. Дзеці дзеляцца на групы па тры чалавекі. Адно з іх “неваляшка”, а двое расхістваюць гэтую “неваляшку”.

Для ўсведамлення свайго эмацыянальнага стану, развіцця ўмення адчуваць настрой і суперажываць навакольным выкарыстоўваецца практыкаванне “Ператварэнні”. Педагог-псіхолаг прапануе дзецям: нахмурыцца, як… асенняя хмара, раззлаваны чалавек; пазлавацца як… злая чараўніца, два бараны на мосце, галодны воўк, дзіця, у якога адабралі мяч; спужацца, як… заяц, які ўбачыў воўка, птушаня, якое выпала з гнязда; усміхнуцца, як… кот на сонейку, само сонейка, хітрая ліса і г.д.

Пераадоленне негатыўных перажыванняў, сімвалічнае знішчэнне страху адбываецца пры выкананні практыкавання “Страшная казка па крузе”. Дзеці і дарослы прыдумляюць разам страшную казку. Яны гавораць па чарзе, па 1, 2 сказы кожнае. Казка павінна нагрувасціць так многа страшнага, каб гэтае страшнае ператварылася ў смешнае.

Навыкі самарэгуляцыі развівае практыкаванне “Ссунь камень”. Дзеці ляжаць на спіне, уяўляюць, што каля правай нагі знаходзіцца велізарны цяжкі камень. Трэба добра ўперціся правай нагой (ступнёй) у гэты камень і пастарацца хаця б злёгку ссунуць яго з месца. Для гэтага трэба злёгку прыўзняць нагу і вельмі напружыць яе (8—12 секунд). Потым нага вяртаецца ў зыходнае становішча; “нага цёплая.., мяккая.., адпачывае…”. Потым тое ж самае робіцца з левай нагой.

Для пераадолення рухальнага аўтаматызму добра падыходзіць практыкаванне “Забаронены рух”. Дзеці стаяць тварам да вядучага і паўтараюць рухі, якія паказвае ён. Потым выбіраецца адзін рух, які паўтараць забаронена. Той, хто паўторыць яго, выходзіць з гульні.

Практыкаванне “Апельсін” вучыць кіраваць станам мышачнага напружання і расслаблення. Дзеці ляжаць на спіне, галава крыху набок, рукі і ногі злёгку расстаўлены ў бакі. Прапануецца ўявіць, што да правай рукі падкаціўся апельсін, трэба ўзяць яго ў руку і выціскаць сок (рука павінна быць сціснута ў кулак і вельмі напружана 8—10 секунд). Потым педагог-псіхолаг гаворыць: “Расцісніце кулачкі, адкаціце апельсін, ручка цёплая.., мяккая.., адпачывае… Расслабцеся. Запомніце свае адчуванні. Потым апельсін падкаціўся да левай рукі” — і тая ж працэдура выконваецца з левай рукой. Потым выконваецца практыкаванне адначасова дзвюма рукамі.

У час карэкцыйна-развіццёвых заняткаў дзеці вызваляюцца ад адмоўных эмоцый, развіваецца сацыяльны давер, павышаецца ўпэўненасць у сваіх сілах, значнасць у вачах навакольных. Пасля заканчэння цыкла заняткаў педагогі і бацькі адзначаюць, што дзеці праяўляюць менш неспакою ў стрэсавых ­сітуацыях, напрыклад, пры выступленні на ранішніках, падчас адказаў на занятках і г.д. Яны ўжо не такія нясмелыя і нерашучыя, а атрыманыя навыкі наладжвання кантактаў у гульнях з іншымі дзецьмі дазваляюць ім адчуць сябе больш упэўненымі сярод равеснікаў.

Ірына КУРГАНАВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 38 Магілёва.

iioeee640