Найлепшыя мультфільмы года : у Магілёве падвялі вынікі XXI Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка 2018»

Зігуля, Н. Найлепшыя мультфільмы года : у Магілёве падвялі вынікі XXI Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка 2018» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2018. — 30 кастрычніка. — С. 3.

У Магілёве падвялі вынікі ХХІ Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка 2018».

Тры незабыўныя фестывальныя дні праляцелі, як адно імгненне, падарыўшы дзецям і дарослым цікавыя сустрэчы з любімымі мультфільмамі і іх стваральнікамі. Вельмі насычанай і разнастайнай была конкурсная праграма. Нагадаем, што за званні найлепшых змагаліся ў Магілёве ўжо прызнаныя майстры анімацыйнага мастацтва і будучыя мультыплікатары. У спаборніцтвах за вялікі хрустальны аловак удзельнічалі аўтары з 31 краіны. Яны прадставілі на суд міжнароднага журы, якое ўзначальваў мэтр савецкай мультыплікацыі, стваральнік легендарнага «Антошкі» Леанід Носараў, 61 стужку.

У топ-11 «Анімаёўкі» (менавіта столькі было намінацый) увайшлі стужкі «Падзенне» (Францыя), «Пяць хвілін да мора» (Расія), «Прорва» (Нідэрланды) «Пустэча» (Эстонія), «Міціна каханне» (Расія), «Маяк» (Францыя), «Bloeіstraat 11» (Нідэрланды), «Каробка» (Францыя), «Падарожжа ў Тэль-Авіў» (Швейцарыя), «Ваўчанятка» (Беларусь). А мультфільмам года і ўладальнікам Гран-пры стала стужка «Меркурый» італьянскага рэжысёра Мішэля Бернардзі.

Свае лідары вызначыліся і сярод юных аніматараў. Паміж сабой канкуравалі больш за 50 стужак з пяці краін. Двойчы ў гэтых спаборніцтвах «засвяціліся» выхаванцы магілёўскай дзіцячай анімацыйнай студыі «Аловак». У намінацыі «Самы пазнавальны анімацыйны фільм» перамог твор Веранікі Радзівонавай «Легенда пра Мірскі замак» , а першы прыз у намінацыі «Найлепшы беларускі анімацыйны фільм» узяў Арцём Мазько з мультфільмам «Пярэварацень». Абедзве дзіцячыя работы створаны пры садзейнічанні педагога і кіраўніка студыі Настассі Клачковай.

Нэлі ЗІГУЛЯ