Зігуля, Н. Выхаванне актыўнага грамадзяніна : [магілёўская гімназія № 2] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2018. — 24 лістапада. — С. 3.
— Мы арганізуем адзіныя інфармацыйныя гадзіны для навучэнцаў старшых класаў з мэтай іх патрыятычнага выхавання, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі. І запрашаем на сустрэчы цікавых палітычных і грамадскіх асоб, тых, каму моладзь жадала б задаць свае пытанні. Бо заўсёды цікава пачуць меркаванне збоку, — удакладняе Вольга Лысянкова, намеснік дырэктара магілёўскай гімназіі № 2. Менавіта сюды мы завіталі, каб паназіраць за тым, як у краіне рэалізуецца праект «Школа актыўнага грамадзяніна».
Нагадаем, што падобныя сустрэчы ладзяцца па ініцыятыве Міністэрства адукацыі. Напрыклад, 22 лістапада размова вялася на тэму «Беларусь. Сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя падзеі лістапада». Са старшакласнікамі другой гімназіі ў Магілёве сустрэўся старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.
— З маладымі нельга хлусіць, трэба быць шчырымі і не баяцца іх пытанняў. Мы ў гэтым узросце таксама былі максімалістамі. Проста маладым уласцівы творчы пошук, а сталасці — разуменне, што свет не пераробіш. Моладзь — гэта заўсёды рухавік грамадства, вечны яго драйвер. І вельмі хацелася б, каб усё тое, што мы робім у парламенце, у краіне, садзейнічала б таму, каб моладзь шукала сябе тут, каб яна будавала сваю краіну, каб несла за гэта адказнасць. Я перакананы, што ў нас класныя дзеці, гэта пацвярджаюць і сацыялагічныя даследаванні. Абсалютная большасць маладых людзей марыць стварыць сям’ю. А сям’я і радзіма — гэта знакавыя рэчы, якія аб’ядноўваюць усе пакаленні.
На думку парламентарыя, акрамя такога кшталту сустрэч трэба, каб і бацькі, і дарослыя, і тыя, хто выхоўвае дзяцей, абавязкова прысутнічалі ў тых сферах, дзе бавіць час моладзь — у інтэрнэце, напрыклад. «Бывае нейкі ролік, закінуты ў сусветнае сеціва, дае больш моцны эфект, чым маса сумных лекцый», — заўважае дэпутат.
Кіраўніцтва гімназіі салідарнае ў тым, што сустрэчы з цікавымі людзьмі дапамагаюць навучэнцам выхоўваць у сабе крытычнае мысленне, камунікатыўныя навыкі, развіваць лідарскія якасці. Дарэчы, найбольш актыўныя гімназісты таксама з’яўляюцца лектарамі, вядуць размову з аднагодкамі на прынцыпах «роўны навучае роўнага». У гімназіі адзначаюць, што нават выбары ў маладзёжны парламент вяліся вельмі актыўна. Падлеткі пісалі праграмы, змагаліся за перамогу, бралі на сябе нейкія абавязацельствы.
— Маладому чалавеку ў першую чаргу трэба быць актыўным для сябе, бо, калі нешта хочаш змяніць у краіне, трэба перш за ўсё пачынаць з сябе. І ўдзел нават у маленькіх акцыях дапамагае рабіць нешта вялікае, агульнае і імкнуцца да лепшага, — упэўнена навучэнка гімназіі Карына Бурачэўская, фіналістка інтэлектуальнага тэлешоу «Я ведаю».
— Нават з улікам асаблівасцяў падлеткавага ўзросту, уласнага яму нігілізму, нашы гімназісты дэманструюць шчырую любоў да сваёй гімназіі, сваёй малой радзімы, — кажа Вольга Лысянкова.
— Ёсць ісціны, якія не старэюць. У старажытных рымлянаў быў лозунг «Жыццё кароткае, бацькаўшчына — вечная». А вялікі французскі гісторык казаў: «Дзяржавы знікаюць не ад эканамічных крызісаў, а ад адсутнасці веры, што гэта дзяржава мусіць быць». Веры ў тое, што ў Еўрапейскім саюзе называецца сістэмай каштоўнасцяў, а ў нас ідэалогіяй. Гэта фундаментальныя рэчы — павага да сям’і, павага да сцяга, дзяржавы, культуры. Гэтыя паняцці пры ўсёй разнастайнасці грамадства, незалежна ад яго ўзросту і палітычных прыхільнасцяў, з’яўляюцца падмуркам. Маладыя людзі — найважнейшы элемент грамадства. І не толькі таму, што яны працяг нас. Яны добрыя настолькі, наколькі добра мы іх выхавалі і ў тым ліку, наколькі якасная палітыка ў дачыненні да моладзі праводзіцца на заканадаўчым узроўні, — рэзюмаваў Ігар Марзалюк.
Нэлі ЗІГУЛЯ