У маладзёжнага парламента першы юбілей

Аляксеенка, Д. У маладзёжнага парламента першы юбілей / Дзмітрый Аляксеенка // Настаўніцкая газета. — 2018. — 6 снежня. — С. 10. 

Пяць гадоў назад Магілёў далучыўся да глабальнай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Афіцыйная цырымонія падпісання трохбаковага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэтам і Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) адбылася ў Белай зале гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу. Такім чынам, з боку гарадскога выканаўчага камітэта былі пацверджаны намеры і абавязацельствы пастаянна клапаціцца пра дзяцей і ўлічваць іх думкі ў прыняцці рашэнняў, развіваць гарманічную для жыцця гарадскую прастору, спрыяючы больш поўнай рэалізацыі правоў дзіцяці.

Магілёў стаў дваццаць другім горадам Беларусі, які далучыўся да рэалізацыі гэтай ініцыятывы, якая зарадзілася ў Еўропе ў сярэдзіне 90-х гадоў XX стагоддзя.

У нашым горадзе гэта бадай першая грунтоўная ініцыятыва аб дзецях, падлетках і моладзі, якая рэалізуецца разам з дзецьмі. І гэта невыпадкова, бо ў аснове пабудовы -горада, дружалюбнага да дзяцей, ляжаць ключавыя прынцыпы Канвенцыі аб правах дзіцяці, рэалізацыя якіх цесна пераплецена з 17 Мэтамі ўстойлівага развіцця, якія вядомы як Глабальныя мэты і рэалізуюцца дзяржавамі — членамі ААН у галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года. Галоўнае ў рэалізацыі праекта “Горад, дружалюбны да дзяцей” — удзел у ім саміх дзяцей, бо ключавы прынцып ініцыятывы — права дзіцяці быць пачутым.

Ва ўсіх гарадах, якія далучыліся да ініцыятывы, на сесіях гарадскіх саветаў зацверджаны праграмы дзеянняў, створаны каардынацыйныя саветы, грамадскае самакіраванне дзяцей і моладзі. У снежні 2013 года пры Магілёўскім гарадскім Савеце дэпутатаў створаны маладзёжны парламент, які ажыццяўляе сваю дзейнасць на базе мнагапрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва. Парламент з’яўляецца кансультатыўным органам і ажыццяўляе сваю дзейнасць на грамадскіх пачатках. Выбары праводзіліся ў кожнай установе адукацыі горада. Правам быць выбраным членам парламента валодалі навучэнцы 9, 10, 11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, навучэнцы ПТНУ, ССНУ, студэнты 1—3 курсаў УВА.

Па выніках праведзеных выбараў у склад маладзёжнага парламента ўвайшлі 68 прадстаўнікоў усіх навучальных устаноў горада. Да іх далучыліся 7 дарослых — членаў Кансультатыўнага савета Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Быў сфарміраваны савет маладзёжнага парламента, куды ўвайшлі старшыня, два намеснікі, сакратар і сем старшынь камісій. Неабходна адзначыць, што дзейнасць камісій закранае ўсе сферы жыцця дзяцей, падлеткаў і моладзі: адукацыя і прафарыентацыя, прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў, фарміраванне культуры здаровага ладу жыцця, арганізацыя занятасці і сацыяльная абарона, прасоўванне дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, арганізацыя вольнага часу.

Першая сесія маладзёжнага парламента прайшла ў гарадской ратушы. Адкрываючы яе, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Фёдар Міхеенка адзначыў: “Стварыўшы маладзёжны парламент з прадстаўнікоў усіх устаноў адукацыі Магілёва, мы атрымаем праз яго магчымасць наладзіць цесную зваротную сувязь з моладдзю. Мы зможам арганізаваць работу, накіраваную на папулярызацыю сярод маладых людзей сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання, выяўленне лідараў маладзёжнага руху, прадастаўленне моладзі магчымасці ўдзелу ў распрацоўцы і рэалізацыі гарадскіх і раённых сацыяльных праграм”.

Пачынаючы з першага склікання кожны член маладзёжнага парламента — гэта не толькі актыўны ўдзельнік агульнагарадскіх мерапрыемстваў, але і іх непасрэдны арганізатар. За перыяд работы маладзёжнага парламента арганізаваны і праведзены шэраг агульнагарадскіх маладзёжных акцый, накіраваных на патрыятычнае выхаванне моладзі, фарміраванне культуры здаровага ладу жыцця, прафілактыку асацыяльных паводзін непаўналетніх, а таксама на актывізацыю валанцёрскага руху.

Так, па ініцыятыве маладзёжнага парламента ў горадзе ўвасоблены ў жыццё такі сацыяльны праект, як “Цэнтр узаемадзеяння”, накіраваны на павышэнне ўзроўню сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця ў грамадства, фарміраванне ў вучняў талерантнага стаўлення да праблем дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Праект “Вясёлыя перапынкі” стаў брэндам устаноў адукацыі нашага горада. Нашы парламентарыі рэалізавалі праект па здаровым ладзе жыцця “Горад супраць стрэсу”, што дазволіла прыцягнуць увагу да заняткаў фізічнай культурай, з мэтай прафілактыкі стрэсу, праз арганізацыю і правядзенне агульнагарадскога кросу. Экалагічныя праекты “БлагоДарю, Могилев”, “Лепшы горад на Зямлі” спрыялі прасоўванню маладзёжных ініцыятыў: уладкаванню веласіпедных дарожак і схем веласіпеднага руху ў горадзе, конкурсу ідэй правядзення Дня горада ў новым маладзёжным фармаце.

Многія ідэі маладых парламентарыяў ужо знайшлі сваё ўвасабленне пры правядзенні вялікага гарадскога пікніка на набярэжнай ракі Днепр у Магілёве. Па ініцыятыве маладзёжнага парламента валанцёры прымаюць удзел у правядзенні інфармацыйных біт-урокаў “Паасобны збор смецця — дрэс-код Магілёва”. На працягу пяці гадоў маладзёжны парламент актыўна прымаў удзел у валанцёрскім руху, нашы парламентарыі — частыя госці ў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, ва ўстановах адукацыі, дзе вучацца дзеці з абмежаваннямі ў здароўі.

Асабліва значным стала правядзенне гарадскіх мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 70-годдзя Вялікай Перамогі і 75-годдзя абароны Магілёва. У іх ліку — гарадская патрыятычная акцыя “Вальс Перамогі”, агульнагарадскі праект “Стужка памяці”, акцыі “Ліст ветэрану”, “Кветкі каля дома”, “Іх імёнамі названы вуліцы”. Пры актыўным удзеле парламентарыяў у Магілёўскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя К.Маркса адбыўся тэлемост Магілёў — Тула, прымеркаваны да 70-годдзя Вялікай Перамогі, у якім прынялі ўдзел ветэраны ВАВ, кіраўніцтва двух гарадоў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, пісьменнікі, гісторыкі, пошукавікі.

У 2017 годзе Магілёў адзначыў свой 750-ы дзень нараджэння. Падарунак гораду — добрыя справы маладых парламентарыяў: арт-праект “Магілёў вядомы і невядомы”, акцыя “Прызнанне ў любові Магілёву”, інтэрактыўная пляцоўка “100 прычын, чаму я люблю Магілёў”.

Інфармацыю пра сваю работу члены маладзёжнага парламента размяшчаюць у групе ва “УКантакце”. Сёння мы працуем над тым, каб у моладзі з’явіўся свой сайт, і падтрымлівае нас у нашым імкненні гарадскі Савет дэпутатаў.

Далучэнне і рэалізацыя глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў” дазволіла магіляўчанам стварыць сваю ўнікальную мадэль эфектыўнага ўзаемадзеяння дарослых і дзяцей у горадзе.

У студзені бягучага года ў Магілёве быў праведзены маніторынг становішча дзяцей і падлеткаў, які дапамог убачыць, як жывецца юным грамадзянам у нашым родным горадзе, што ўжо зроблена для дзяцей і над чым трэба будзе яшчэ папрацаваць.

На пачатку кастрычніка адбыліся выбары ў трэцяе скліканне маладзёжнага парламента, а гэта новыя ідэі, ініцыятывы, праекты. Сёння маладзёжны парламент Магілёва замацаваўся на прыступцы, калі дзеці і моладзь выступаюць ініцыятарамі акцый, праграм, праектаў, а дарослыя дапамагаюць ім рэалізоўваць іх прапановы. Гэта высокі ўзровень адказнасці як дарослых, так і дзяцей, бо наш горад — гэта наша адказнасць.

Дзмітрый АЛЯКСЕЕНКА, 
дырэктар мнагапрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва.