Бачкарова, Ю. Палітра творчасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта : [адкрыты фестываль студэнтаў «Палітра творчасці»] / Юлія Бачкарова // Настаўніцкая газета. — 2018. — 20 снежня. — С. 14.
Што рабіць студэнту, калі яго будучая прафесія не звязана з творчасцю, але ж так хочацца спяваць, танцаваць, удзельнічаць у тэатральных пастаноўках і займацца фотамастацтвам? Рашэнне знайшлі ў Беларуска-Расійскім універсітэце: яркім, таленавітым і неардынарным прапанавалі прыняць удзел у адкрытым фестывалі “Палітра творчасці”. Для гэтага ўстанова адукацыі на цэлыя тры дні ператварылася ў тэрыторыю творчай думкі, сяброўскіх зносін і маладзёжнага мастацтва.
“Асаблівасць нашага фестывалю менавіта ў тым, што яго ўдзельнікамі становяцца канкурсанты, не звязаныя з атрыманнем адпаведнай творчай спецыяльнасці, — расказала загадчыца сектара педагагічнага суправаджэння і развіцця творчых ініцыятыў БРУ Лідзія Анатольеўна Дзямідава. — Гэта тэхнары, эканамісты, медыкі… Добра і вельмі прыемна, што гэтыя студэнты ўспрымальныя да творчасці. Больш за тое, яны не толькі кожны год ахвотна прыязджаюць на наш фестываль і з вялікім энтузіязмам пакара-юць магілёўскую сцэну, але і заражаюць гэтым захапленнем сваіх аднагодкаў. Так, з кожным разам усё больш маладых людзей цікавіцца, калі будзе праводзіцца чарговы фестываль, тэлефануюць і знаходзяць нас у сацыяльных сетках. Таму я з упэўненасцю магу сказаць, што гэтае мерапрыемства знаходзіць у студэнцкім асяроддзі толькі пазітыўны водгук”.
Сёлета на ўдзел у фестывалі заявіліся каля 200 канкурсантаў з устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі. Так, нашы найбліжэйшыя суседзі былі прадстаўлены студэнцкімі калектывамі са Смаленска, Пскова і Тулы. З беларускага боку былі прадстаўнікі Брэстчыны і Магілёўшчыны. Канкурсанты выступілі ў чатырох самастойных праграмах: конкурс папулярнай песні, конкурс сучаснага і эстраднага танца “Танцы 100%”, конкурс “ТЭАТР +” і фотаконкурсы.
Гаварыць аб тым, ці значна з кожным годам узрастае ўзровень творчага майстэрства студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей, Лідзія Анатольеўна не бярэцца, бо нават пастаянныя ўдзельнікі фестывалю штогод прывозяць новую конкурсную праграму і кожны раз знаходзяць, чым здзівіць журы і як вылучыцца сярод астатніх канкурсантаў. І, безумоўна, у іх атрымліваецца гэта зрабіць. Таму многія нумары гледачы і журы з задавальненнем паглядзелі б яшчэ не адзін раз.
У заключным гала-канцэрце фестывалю прынялі ўдзел студэнты, нумары якіх былі прызнаны лепшымі і занялі прызавыя месцы. Выступленні былі згрупаваны па трох блоках: з удзелам лаўрэатаў I, II і III ступеней адпаведна. Пасля завяршэння кожнага блока праходзіла ўзнагароджанне пераможцаў. Так, дыпломы І ступені ўручаны: у намінацыі “Вакальны ансамбль” вакальнай групе “Трыумф” Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і ў намінацыі “Саліст-вакаліст” студэнтцы Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Таццяне Кароткінай. Лепшыя работы ў фотаконкурсе “Мой родны куток зямлі” прадставілі Мікіта Шатроў (БДСГА) і Ян Мяцеліца (БРУ), у фотаконкурсе “Студэнцкі АРТ-палёт” — Яўген Бушуеў (Бранскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт).
У намінацыі “Сучасны танец” дыпломы І ступені — у танцавальнага калектыву Miracle (Бранскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт) і калектыву сучаснага спартыўнага танца “EXCITE” (БРУ). Лепшым у намінацыі “Эстрадны танец” прызнаны калектыў сучаснага і эстраднага танца “Dance-кактэйль” (БРУ). Дыпломам І ступені “Чытальнік. Мужчынская роля” ўзнагароджаны Раман Рудскі (народная тэатральная студыя “Слова”, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт). У намінацыі “Чытальнік. Жаночая роля” лепшымі прызнаны адразу дзве канкурсанткі — Марыя Талсташава (тэатр-студыя “Парадокс”, БДСГА) і Наталля Лазаковіч (тэатральны калектыў “Апельсін”, БРУ). У намінацыі “Тэатральная мініяцюра” перамогу атрымала Мілена Шлімакова (народная тэатральная студыя “Слова”, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт).
Юлія БАЧКАРОВА,
Фота аўтара