Яцкевіч, З. Ігнат Іеўлевіч / З. Яцкевич // Вестник Могилева. — 1992. — 11 сентября. — С. 7.
Нарадзіўся ён 26 верасня (па старому стылю) 1619 года ў Магілёве і быў ахрышчаны ў Крыжаўзвіжанскай царкве (сёння яна знаходзіцца ля Быхаўскага рынка). Верагодна недзе побач на Дубровенскім прадмесці і жыла сям’я небагатых, але адукаваных магілёўскіх мяшчан Іеўлевічаў. Варта прыгадаць, што дзядзька Ігната — Фама Іеўлевіч, быў рэктарам школы брацкага Багаяўленскага манастыра ў Кіеве.
Першапачатковую адукацыю ён атрымаў у Шклове і магілёўскай брацкай школе пад кіраўніцтвам розных бакалаўраў: Стэфана, Макарыя Галоўнага (Шклоў), Цімафея Грыбача, Сцяпеннага Паўла і Канстанціна (Магілёў) і іншых. 3 1630 года вучыўся ў Кіеве, затым з 1632 года ў Буйнічах і зноў у Магілёве і Кіеве. Пасля гэтага працаваў хатнім настаўнікам у розных гарадах і нарэшце паступіў у Замайскую акадэмію ў Польшчы. Гэта адбылося хутчэй за ўсё дзякуючы вядомаму мецэнату Богдану Сцецкевічу. У акадэміі малады Ігнат вывучаў тэалогію, медыцыну і анатомію.
I. Іеўлевіч, працуючы прафесарам вольных навук ў КіеваМагілянскай калегіі, разам з яе рэктарам С. Пачанскім прымае актыўны ўдзел у арганізацыі першай на тэрыторыі Малдавіі буйнай навучальнай установы — славянагрэкалацінскай акадэміі ў Ясах (1640 г.). 31 жніўня (па старому стылю) 1647 г. I. Іеўлевіч прымае пастрыг, штобезумоўна паўплывала на яго далейшы лёс. У 1655 г. ён становіцца ігуменам (настаяцелем) брацкага Полацкага манастыра, дзе стварае бібліятэку і адкрывае школу. Варта адзначыць, што ў самаго іераманаха І.Іеўлевіча была таксама досыць добрая бібліятэка.
Будучы адукаваным і культурным чалавекам, а таксама аматарам мастацтваў, бяспрэчна, ён значна ўплываў на тагачасную полацкую моладзь. 3 апошняй варта вызначыць Сымона Полацкага (настаўніка Пятра I) і Філафея Утчыцкага (расейскага пісьменніка). Будучы актыўным грамадскім і царкоўным дзеячам Іеўлевіч быў знаёмы і вёў перапіску з Ф.М. Ртышчавым, А.Л. Ардзіным-Нашчокіным, маскоўскім патрыярхам Іоакімам. На жаль, да нас амаль не дайшло паэтычных і навуковых твораў гэтага цікавага чалавека. Вядома толькі ягоная аўтабіяграфічная даведка і некалькі вершаў. Але і тэта ўнікальныя гістарычныя і літаратурныя рэчы, якія распавядаюць аб гісторыі першай паловы ХУІІ ст., цесных культурных і педагагічных сувязях беларускага і украінскага народаў.
Дакументальныя сведчанні аб жыцці і дзейнасці Ігната Іеўлевіча абрываюцца на сакавіку 1686 года, таму дата ягонай смерці, як і навогул цікавы лёс нашага земляка, патрабуе далейшых доследаў, а імя вядомасці і ўшанавання.
З. ЯЦКЕВІЧ