Барысенка, М. Мёртвыя і жывыя : [гутарка з пошукавіком, краязнаўцам М. Барысенка] / Мікалай Барысенка ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2019. — 25 студзеня. — С. 1. 4.
Пазычыць назву ў Канстанціна Сіманава для першага артыкула вырашыла не выпадкова. Героі яго рамана паўтарылі лёс мужных абаронцаў Магілёва. З акружэння ўдалося выйсці нямногім, большасць засталася ляжаць у безыменных магілах — іх вельмі шмат на Магілёўшчыне. Вызваленне вобласці было не менш цяжкім і крывавым. Кожны год на месцах былых баёў працуюць Вахты памяці, арганізаваныя сіламі абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага атрада «Віккру» (ад лацінскага «Vіctorіa cіventa» — «Перамога, заваяваная крывёй»). Цяпер гэта адзінае афіцыйна зарэгістраванае на тэрыторыі краіны такое аб’яднанне. У 16 раёнах вобласці дзейнічаюць дваццаць яго атрадаў і груп. Штогод па выніках пошукавых работ аб’яднання выпускаецца часопіс «Магілёўскі пошукавы веснік», дзе друкуюцца апошнія звесткі з архіўных крыніц і экспедыцый. Гэта выданне існуе дзякуючы падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Стваральнікам і натхняльнікам атра да з’яўляецца Мікалай Барысенка, не абыякавы чалавек, які аддаў пошукавай справе 25 гадоў свайго жыцця.
— Што наогул падштурхнула вас заняцца гэтай дзейнасцю?—пацікавіліся мы ў Мікалая Сяргеевіча.
— Вайна не абмінула ніводнай беларускай сям’і, мая таксама не была выключэннем. З васьмі братоў дзеда на вайне ацалелі ўсяго двое. І толькі аб адным з загінулых атрымалася знайсці звесткі. За свой апошні бой ён пасмяротна быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Першая ў маім жыцці Вахта памяці праходзіла каля вёскі Шапялевічы Круглянскага раёна. У 1944-м савецкі дэсант крыху не разлічыў прызямленне і трапіў проста ў цэнтр нямецкай калоны. Мы знаходзілі ў колішніх акопах астанкі нямецкіх і савецкіх салдат, якія так і ляжалі побач, нават не разамкнуўшы рукі ў апошняй сваёй смяротнай сутычцы. За 11 дзён паднялі астанкі 13 нямецкіх і 60 савецкіх салдат.
— У зніклых без звестак няма нават даты смерці. І для іх родных у любым калене гэта трагедыя. Большасць запытаў з просьбай адшукаць сваякоў паступае на сайт пошукавага атрада «Віккру» цяпер менавіта ад унукаў і праўнукаў невядомых салдат. Да нас звяртаюцца грамадзяне Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Латвіі, ЗША, Ізраіля. За год мы атрымліваем некалькі сотняў такіх лістоў.
Пошукавая работа — гэта наш пярэдні край барацьбы за савецкіх салдат, за забітых мірных жыхароў, за захаванне сапраўднай гісторыі вайны. Сіла — у праўдзе, а праўда — у архіўных дакументах і палявых даследаваннях! Нельга, каб той магутны гісторыка-патрыятычны патэнцыял, які неслі ўдзельнікі і ветэраны вайны, зараз растварыўся і знік. І тут не павінна быць фармалізму. Байцам нашага атрада не трэба тлумачыць, чаму так важна знайсці кожнага байца. Маладым людзям, якія прывыклі да «стралялак» у інтэрнэце, было б карысна пабываць з намі на месцах крывавых бітваў Вялікай Айчыннай. Убачыць узаранае поле з раскінутымі па ім чалавечымі касцямі. Магчыма, нешта б перамянілася ў іх душы.
— Чаго сёння не хапае для развіцця больш маштабнага пошукавага руху ў краіне?
— Не хапае нарматыўнай базы, якая б прадугледжвала стварэнне сектараў пошукавай работы пры абласных цэнтрах творчасці і каардынавала б іх дзейнасць, не хапае фінансавання, юрыдычнай самастойнасці і шмат чаго іншага. Сёлета мы накіравалі свой зварот у Акадэмію навук Беларусі з просьбай уключыць нашы прапановы ў праект нарматыўнай базы, якая датычыцца дзейнасці пошукавых арганізацый.
Мы шмат гаворым пра патрыятызм, а пошукавая дзейнасць як-раз і выхоўвае ў чалавеку патрыёта. Па даных на 2018 год, толькі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ў брацкіх воінскіх пахаваннях і адзіночных магілах спачывае больш за 325 тысяч чалавек, з іх вядомыя імёны толькі каля 75 тысяч воінаў, астатнія 250 тысяч — безыменныя! І гэта толькі ўлічаныя пахаванні. Дзясяткі тысяч не пахаваных афіцыйна салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі працягваюць заставацца ў акопах, траншэях, лясных ямах, балотах. Дагэтуль невядомы імёны і месцы гібелі членаў лётных экіпажаў, якія не вярнуліся з баявога задання. Для нас справа гонару аднавіць іх, аддаць ім апошнюю пашану. І вельмі маглі б дапамагчы гэтай справе сектары пошукавай работы, пра якія мы сёння так марым. Сумесна з упраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь і 52-м асобным пошукавым батальёнам яны б займаліся зборам інфармацыі пра невядомыя падзеі ў гады вайны, даследчай і аналітычнай працай, правядзеннем летніх пошукавых лагераў, разведвальных пошукавых экспедыцый па месцах былых баёў, стварэннем куткоў і музеяў пошукавай работы, вядзеннем банка даных аб нававыяўленых невядомых раней пахаваннях воі-наў Чырвонай Арміі. Такая праца цяпер актыўна праводзіцца ў Расіі, падтрымліваецца на самым высокім дзяржаўным узроўні і фінансуецца з федэральнага бюджэту.
— Сёлета вашаму пошукаваму аб’яднанню спаўняецца 25 гадоў. Самы час падсумаваць, што зроблена і што яшчэ трэба зрабіць.
— Падчас нашых сумесных з 52-м асобным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь экспедыцый паднятыя і ўрачыста перапахаваныя болей чым 11 50 салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, 76 з іх вернутыя імёны. Акрамя гэтага, па архіўных матэрыялах устаноўлена болей чым 20 тысяч імёнаў абаронцаў Магілёўшчыны, якія лічыліся зніклымі без звестак.
Па ініцыятыве «віккраўцаў» тры вуліцы Магілёва названы імёнамі герояў абароны — Рыгора Златавустаўскага, Мікалая Цярохіна і Якава Слепакурава. У Чавускім раёне ўстаноўлены першы ў краіне помнік штрафным батальёнам Чырвонай Арміі, якія на працягу некалькіх месяцаў 1943-га штурмавалі на Проні нямецкія пазіцыі.
Наперадзе ў нас яшчэ вельмі шмат работы. Наспела неабходнасць узвядзення годнага мемарыяла ў Чавускім раёне. Тут, на рацэ Проня па лініі Дуброўна — Слаўгарад (Прапойск), у 1943— 1944 гадах на працягу паўгода дзясяткі дывізій Заходняга фронту вялі цяжкія кровапралітныя баі. За гэты час яны страцілі больш чым 330 тысяч чалавек — забітымі, параненымі, зніклымі без вестак. І мы павінны аддаць ім даніну павагі.
У планах таксама стварэнне навукова-папулярных кніг аб дзейнасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны вайсковых дыверсійных разведгруп на тэрыторыі вобласці, партызанскага друку ў Клічаўскай партызанскай зоне. Строім планы наконт наступных Вахтаў памяці. Архіўныя дакументы і нямецкія аэрафотаздымкі дапамогуць нам вызначыцца з месцамі пошукаў. Спадзяёмся, што ў выніку нашых экспедыцый белых плям у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стане яшчэ менш. За апошнія шэсць гадоў клубам былі ўстаноўлены месцы падзення ў гады вайны савецкіх самалётаў: пікіруючага бамбардзіроўшчыка Пе-2 у Магілёўскім раёне і далёкага бамбардзіроўшчыка Іл-4 у Клічаўскім. Па нумарных дэталях рухавікоў пры дапамозе расійскіх і ўкраінскіх пошукавікаў установлены імёны экіпажаў і баявыя гісторыі самалётаў. На магіле лётчыкаў у вёсцы Макаранцы Магілёўскага раёна ўстаноўлены помнік, а ў Клічаве, на пахаванні борт-стралка і стралка-радыста, — памятны знак. На жалобнай урачыстай цырымоніі перапахавання прысутнічалі сваякі загінулых з Масквы і Ташкента. Зараз спрабуем устанавіць экіпаж савецкага знішчальніка Ла-5 у Чавускім, бамбардзіроўшчыка Як-4 у Быхаўскім і трох ТБ-2 у Кіраўскім раёнах, якія былі збіты немцамі на працягу 1941—1944 гадоў. Адным словам, работы столькі, што хопіць яшчэ на некалькі пакаленняў наперад.
Нэлі ЗІГУЛЯ.