Пинчук, Н. М. Мы — магілёўцы : літаратурна-краязнаўчы турнір / Н. М. Пінчук // Выхаванне і дадатковая адукацыя. — 2019. — № 1. — С. 35—36.
Для ўстановы турысцка-краязнаўчага профілю прыярытэтным сродкам выхавання грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў вучняў з’яўляецца краязнаўчая дзейнасць, падчас якой у дзяцей фарміруецца інтарэс да вывучэння гісторыі сваёй малой радзімы. Пры гэтым краязнаўства разумеецца шырока: сувязь моладзі з матэрыяльнай і духоўнай спадчынай продкаў дапамагае не толькі ацаніць мінулае і сённяшняе, але і пазнаць сябе ў жыцці, вызначыцца ў будучыні.
Выхаванне грамадзянскай культуры і патрыятызму школьнікаў праз вывучэнне і захаванне гістарычнай спадчыны роднага горада стала мэтай праекта “Літаратурна-краязнаўчы турнір “Мы — магілёўцы”. Распачаў яго два гады таму цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” г. Магілёва сумесна з аддзелам па адукацыі Ленінскага раёна г. Магілёва ў межах рэспубліканскай акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”.
Яшчэ адной падставай для актьівізацыі даследчай краязнаўчай дзейнасці стала святкаванне юбілейных дат у жыцці Магілёва — у 2017 г. адзначалася 750-я гадавіна заснавання горада, а ў 2018 г. — 80-я гадавіна заснавання Магілёўскай вобласці.
Сутнасць праекта заключаецца ў інтэграцыі краязнаўчых ведаў у адукацыйны працэс праз развіццё экскурсійна-пазнаваўчай і праектна-даследчай дзейнасці навучэнцаў. Удзельнікам прапаноўвалася выйсці за межы традыцыйных спосабаў збору інфармацыі: здабываць яе не толькі з літаратурных крыніц і сродкаў інтэрнэту, a і шляхам практычнай работы з матэрыяламі, якія сведчаць пра жыццё і гісторыю роднага горада, праз зносіны з людзьмі, якія валодаюць адмысловымі ведамі ў гэтай галіне. Таму кола партнераў праекта было вялікім:
■ Грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”;
■ Магілёўскае адцзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі;
■ Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава (аддзел археалогіі);
■ Музей гісторыі Магілёва;
■ Магілёўскі дзяржаўны ўнівесітэт імя А. Куляшо-ва (кафедра сучаснай гісторыі);
■ Магілёўская абласная бібліятэка; і інш.
На першым пасяджэнні арганізацыйнага камітэта сумесна з партнёрамі былі распрацаваны схема ўзаемадзеяння, план рэалізацыі праекта, яго асноўныя этапы, формы і сродкі дзейнасці; падрыхтавана палажэнне аб правядзенні турніру; азначана метадычнае забеспячэнне.
Да ўдзелу ў турніры запрасілі вучняў сярэдніх і старэйшых класаў устаноў адукацыі, а таксама навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі. Усе яны ўтварылі некалькі каманд па 4 чалавекі ў кожнай. Пазнаёміцца паміж сабой удзельнікі змаглі на арганізацыйным мерапрыемстве, куды былі запрошаны не толькі школьнікі, але і педагогі-куратары.
Турнір праводзіўся з лістапада па сакавік (2016/ 2017 навучальны год) і з кастрычніка па красавік (2017/2018 навучальны год). У яго праграму былі ўключаны:
■ адукацыйныя заняткі — кіналекторыі, экскурсіі, сустрэчы са знакамітымі людзьмі (пісьменніка-мі, мастакамі, выкладчыкамі і інш.);
■ конкурс з некалькіх тураў, разлічаны на праверку ведання мовы, гісторыі і культуры роднага краю.
Заданні конкурсу абвяшчаліся на сайце цэнтра турызму і краязнаўства, у групе “BK” цэнтра, а таксама дасылаліся электроннымі лістамі кожнай установе адукацыі. Вынікі спаборніцтва па этапах змяшчаліся ў турнірнай табліцы, за якой маглі сачыць усе ўдзельнікі на сайце цэнтра. Па выніках усіх этапаў былі абвешчаны пераможцы, якіх узнагародзілі дыпломамі аддзела па адукацыі Ленінскага раёна г Магілёва і адмысловымі прызамі ад партнёраў праекта. Галоўным прызом стала шматдзённая экскурсія па нашай краіне.
ЭТАПЫ ТУРНІРУ 2016/2017 НАВУЧАЛЬНАГА ГОДА
Першы тур — гістарычны.
Кіналекторый “Магілёў у гістарычных фотаздымках”, гістарычная анлайн-віктарына “Старажытны Магілёў”.
Падчас лекторыя школьнікі даведаліся пра цікавыя i малавядомыя факты з гісторыі роднага горада, прасачылі асноўныя этапы яго станаўлення, убачылі рэдкія фотаздымкі старажытнага Магілёва, сталі ўдзельнікамі віртуальнай экскурсіі па старых завулках горада. У межах анлайн-віктарыны самастойная работа над пытаннямі падштурхнула навучэнцаў акунуцца ў пошукавую дзейнасць, глыбока зазірнуць у мінулае. Дзеці шукалі адказы ў архівах, сустракаліся з супрацоўнікамі абласнога краязнаўчага музея і драматычнага тэатра, звярталіся да знакамітых мясцовых гісторыкаў.
Другі тур — літаратурны.
Конкурс на лепшага чытальніка вершаў пра родны горад, “адкрыты мікрафон” для аўтарскіх твораў, сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі Магілёва.
Удзел у правядзенні гэтага этапа прынялі прадстаўнікі Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Алесем Казекам. Вынікам сумеснай работы стала выданне невялікага зборніка аўтарскіх вершаў пра горад, частка якіх была пазней уключана ў склад штогадовага зборніка гарадскога літаратурнага клуба “Святліца”. Некаторыя вершы з дазволу аўтараў выкарыстоўваліся ў праектах, прысвечаных святкаванню 750-й гадавіны Магілёва.
Трэці тур — мастацкі.
Фотаконкурс “Магілёў вачыма дзяцей”.
Выхаваўчыя магчымасці фарміравання ўнутранага свету чалавека праз мастацтва фатаграфіі цяжка пераацаніць. Фатаграфія здольная абудзіць дрымотныя таленты мастака, развіць уменне захапляцца прыгажосцю быцця. Школьнікам былі прапанаваныя наступныя намінацыі:
■ “Наш Магілёў” — віды горада, унікальныя будынкі, цікавыя месцы, якія захаваліся да сённяшняга дня;
■ “Стары альбом” — сканаваныя фота з хатняга архіва розных гістарычных перыядаў, дзе члены сям’і адлюстраваны на фоне гарадскіх аб’ектаў;
■ “Магілёў і мы” — уласнае фота або фота ў кампаніі сяброў, блізкіх, сваякоў на фоне знакавых будынкаў, гарадскіх пейзажаў;
■ “Вядомыя людзі Магілёва” — мастацкі фотапартрэт вядомых людзей горада (мастакоў, лі-таратараў, музыкаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, артыстаў, грамадскіх дзея-чаў і інш.);
■ “Фотаімгненне” — непастановачнае фота, якое паказвае людзей, гарадскі асяродак у нечаканых ракурсах; рэпартажныя фота, гумарыстыч-ныя сюжэты і інш.
Чацвёрты тур — мовазнаўчы.
Праходзіў у форме грамадскай дыктоўкі на базе адной з школ горада. Першая частка сустрэчы прай-шла ў выглядзе пазнавальнай віктарыны па беларускай мове, якую падрыхтавалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. У другой частцы ўдзельнікі напісалі дыктоўку, тэкстам якой стаў аўтарскі твор “Горад мар і надзей” Лінёвай Ганны, пераможцы літаратурнага этапа.
Пяты тур — краязнаўчы.
Лекторый “Магілёўшчына — мінулае і сучаснае”, гульня-квэст “Па старой Ратушы”.
Лекторый правялі супрацоўнікі Магілёўскага краязнаўчага музея, паведамленне дапаўнялася дэманстрацыяй музейных экспанатаў.
Тэмы выступленняў: “Легенды аб заснаванні Магілёва”, “Магілёў у складзе ВКЛ”, “Магілёў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў”, “Магдэбургскае права ў Магілёве”, “Вялікая Айчынная вайна. Абарона горада. Партызанскі рух”, “Сучасны Магілёў”.
Кульмінацыяй літаратурна-краязнаўчага турніру стала гульня-квэст “Па старой Ратушы”. Такая форма работы вызвала найбольшую зацікаўленасць удзельнікаў. У пяці залах Ратушы былі падрыхтаваны пытанні-рэбусы з выкарыстаннем экспанатаў музея. Каманды разгадвалі загадкі і крочылі па маршруце да фінішу.
ЭТАПЫ ТУРНІРУ 2017/2018 НАВУЧАЛЬНАГА ГОДА
Першы тур — гісторыка-археалагічны.
Лекторый “Магілёў гістарычны”, гістарычная анлайн-віктарына “Старажытны Магілёў”.
Арганізатары вырашылі пашырыць тэматыку турніру. З археалагічнымі ведамі навучэнцаў пазнаёмілі супрацоўнікі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Раманава і Магілёўскага дзяржаўнага ўнівесітэта імя А. Куляшова.
Другі тур — літаратурна-мовазнаўчы.
Конкурс “Літаратурны батл”, серыя літаратурных сустрэч са знакамітымі людзьмі (пісьменнікамі, мастакамі, выкладчыкамі), гарадская грамадская дыктоўка (пераклад тэксту).
Па ўмовах конкурсу “Літаратурны батл” удзельнікі павінны былі загадзя пазнаёміцца з азначанымі творамі, у якіх узгадваецца Магілёў, Прыдняпроўе. Падчас батлаў школьнікі выконвалі адмысловыя заданні творчага накірунку. Напрыклад, знаходзілі аўтарскую рыфму з некалькіх прапанаваных, аб’ядноўвалі творы па заданай тэматыцы і г. д.
Трэці тур — краязнаўча-экскурсійны.
Лекторый “Магілёўшчына — мінулае і сучаснасць” (на базе музеяў горада), квэст па Магілёву.
Правядзенне турніру дазволіла зрабіць выснову: працэс грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў надзвычай эфектыўны пры супрацоўніцтве ўстаноў дадатковай адукацыі з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, установамі культуры і іншымі зацікаўленымі структурамі.
Н. М. ПІНЧУК,
педагог-арганізатар цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” г. Магілёва.