«Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога»

Касцюк, Ю. «Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога» : у Магілёўскай абласной бібліятэцы стварылі віртуальны музей Аркадзя Куляшова / Юлія Касцюк // Літаратура і мастацтва. — 2019. — 19 красавіка. — С. 11. 

Калі на гістарычнай карце беларускай паэзіі правесці прамую па самых высокіх вяршынях, то яна, па меркаванні паэта Ніла Гілевіча, пройдзе так: Багушэвіч — Багдановіч — Колас — Купала — Куляшоў.

Аркадзь Куляшоў — адзін з тых, хто вывеў беларускую паэзію, а разам з тым і ўсю літаратуру на міжнародны ўзровень: яшчэ пры жыцці паэта на беларускай, рускай і замежных мовах было выдадзена 93 яго кнігі. Сёлета 105 гадоў з дня нараджэння славутага сына Магілёўшчыны.

З нагоды ўшанавання памяці выдатнага паэта аддзел маркетынгу Магілёўскай абласной бібліятэкі стварыў унікальны інтэрнэт-праект — віртуальны музей Аркадзя Куляшова «Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога».

Рэсурс складаецца з сямі вялікіх раздзелаў, матэрыялы якіх ахопліваюць розныя бакі шматграннай жыццёвай і творчай дзейнасці Аркадзя Куляшова, узнаўляюць малавядомыя факты і істотна дапаўняюць выкладзеную ў даведніках біяграфію. Шматлікія звесткі падмацаваны ўспамінамі родных, сяброў і калег па пяры, тэкстамі выступленняў А. Куляшова, інтэрв’ю, лістамі, архіўнымі матэрыяламі, фотаздымкамі і дакументальнымі кадрамі.

На старонках рэсурсу даецца поўны спіс яго кніг, прыводзяцца тэксты асобных вершаў і паэм, публіцыстычных артыкулаў, копіі рукапісаў і машынапісаў з аўтарскай праўкай, аўдыязапісы твораў у выкананні як самога аўтара, так і чытальнікаў, а таксама вялікая колькасць літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, што сведчыць аб тым, як цікавіліся яго творчасцю і як высока яе цанілі яшчэ пры жыцці чытачы і крытыкі, калегі.

Вывучаецца праца Куляшова ў галіне мастацкага перакладу, да якой ён ставіўся з такой жа адказнасцю, як і да ўласнага верша. Даследуюцца яго паэтычныя пераклады на беларускую мову вершаў С. Ясеніна, М. Лермантава, Р. Гамзатава, К. Куліева, вершаў і паэм А. Пушкіна, «Песня аб Гаяваце» Г. Лангфела, «Энеіда» I. Катлярэўскага, адзначаныя высокай культурай, натхнёнай дакладнасцю, а таксама Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Купалы ў 1971 годзе.

З майстэрствам Куляшова-сцэнарыста знаёміць раздзел «Паэт у мастацтве»: працяглы час ён працаваў галоўным рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм», з’яўляўся суаўтарам трох мастацкіх стужак, у якіх зняліся такія вядомыя акцёры, як Клара Лучко, Расціслаў Янкоўскі, Мікалай Яроменка (старшы), Наталля Кусцінская, гучаў голас Эдыты П’ехі, а фільм «Чырвонае лісце» ў 1958 годзе стаў лідарам пракату: на працягу года карціну паглядзелі больш як 33 мільёны гледачоў.

Рэсурс дае магчымасць праслухаць і песні, напісаныя знакамітымі беларускімі кампазітарамі на вершы Куляшова, сярод якіх — усім вядомая песня Ігара Лучанка «Алеся», што ў выкананні ансамбля «Песняры» набыла шырокую вядомасць. Але мала хто ведае, што ў яе аснову пакладзены верш «Бывай», напісаны Куляшовым у чатырнаццацігадовым узросце. Прататыпам вобраза Алесі была школьная сяброўка маладога паэта, шаснаццацігадовая дзяўчына, прыгожая і абаяльная — Аляксандра Карыткіна. Яна абудзіла ў падлетка пачуццё першага кахання, якое ён пранёс праз усё жыццё.

Інтэрнэт-рэсурс аказаўся такім маштабным па аб’ёме змешчанай у ім інфармацыі, што праца па напаўненні яго старонак працягваецца. Для вучняў і настаўнікаў стане каштоўным раздзел «Куляшоў у школе», дзе прапанаваныя сцэнарыі святочных мерапрыемстваў дапоўнены метадычнымі распрацоўкамі ўрокаў па творчасці паэта, а таксама літаратурнымі гульнямі і інтэрактыўнымі віктарынамі. Раздзел «У памяць», які змяшчае творы-прысвячэнні паэту, цікавы звесткамі пра лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, літаратурны музей на радзіме паэта — Касцюкоўшчыне і ўвекавечванне памяці паэта на ўзроўні рэспублікі.

На сёння віртуальны музей Аркадзя Куляшова з’яўляецца адзіным праектам такога кшталту і маштабу ў Магілёўскай вобласці, ды і наогул у рэспубліцы.

Ідэя стварэння віртуальнага музея Аркадзя Куляшова абумоўлена яшчэ і тым, што да гэтага часу ў краіне не выдадзены навуковы каментаваны Збор твораў А. Куляшова. Яшчэ на пачатку 1980-х гадоў у Інстытуце літаратуры НАН Беларусі была распачата праца па яго падрыхтоўцы, але па незалежных ад Інстытута прычынах так i засталася не завершанай, як, зрэшты, не рэалізавана i другая спроба ажыццявіць даўно чаканы праект па выданні Збору твораў А. Куляшова ў 8 тамах, якую планавалася здзейсніць у 2014 годзе, да 100-годдзя паэта.

Час не ўладны над мастацтвам, нельга паставіць кропку ў летапісе жыцця Майстра i яго твораў. Таму яго дыялог з часам, з усёй неабсяжнасцю быцця працягваецца, а віртуальны музей Аркадзя Куляшова будзе напаўняцца новымі матэрыяламі.

Пры стварэнні рэсурсу выкарыстаны вялікі пласт дакументаў з фонду ўстановы культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У. I. Леніна», матэрыялы са свабодных крыніц. Але ж першааснову склалі напрацоўкі, якія ствараліся ў бібліятэцы на працягу папярэдніх некалькіх гадоў: гэта грунтоўныя метадычныя рэкамендацыі з электронным дадаткам і біябібліяграфічны паказальнік, выдадзеныя да 100-годдзя паэта, а таксама карпатлівая пошукавая праца ў Беларускім дзяржаў-ным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Стваральнікі рэсурсу ўдзячныя дырэкцыям Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь за дазвол выкарыстання ў праекце копій фондавых архіўных дакументаў.

Юлія КАСЦЮК,
вядучы рэдактар аддзела маркетынгу Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. I. Леніна