Зорка Валерыя Казакова

Казакоў, В. Зорка Валерыя Казакова : [гутарка з пісьменнікам В. Казаковым] / Валерый Казакоў ; гутарыла Нэлі Зігуля // Беларусь. — 2018. — № 8. — С. 11—12. 

Ён, безумоўна, грамадзянін адразу дзвюх краін — Беларусi ды Расіі. У Беларусі нарадзіўся, а вось як пісьменнік, грамадскі ды палітычны дзеяч адбыўся менавіта ў Расіі. Але куды б ні закідваў яго лёс, ён ні на хвіліну не забываў пра сваю малую радзіму. Менавіта дзякуючы яму і Музей гісторыі Магілёва папоўніуся некалькімі сотнямі каштоўных экспанатаў, у тым ліку адзіным у Беларусі Статутам ВКЛ 1588 года. Нядаўна ў Магілёве прынялі рашэнне прысвоіць Валерыю Казакову званне ганаровага грамадзяніна горада і ўвекавечыць яго імя на плошчы Зорак ля кінатэатра «Радзіма». Мы пацікавіліся ў пісьменніка, шт адчувае чалавек, калі яго абвяшчаюць ганаровым грамадзянінам?

— Калі мне гэта паведамілі, трохі спалохаўся, — жартуе ён. — У мяне шмат узнагарод, але гэтая асаблівая. Рашэнне прымалася калегіяльна, гарсаветам дэпутатаў, або, як раней казалі, радай. Для мяне гэта вельмі сур’ёзна ды адказна. Прыйдзецца неяк гэтае званне адпрацоўваць (усміхаецца).

— Вы i так шмат чаго робіце. Вунь колькі кніг пра Магілёў ды Беларусь напісалі…

— Так, кніг напісаў дастаткова. Але трэба яшчэ часцей прыязджаць сюды, сустракацца з людзьмі. Бо хто такі Казакоў для звычайнага магілёуца? Я вельмі ўдзячны старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміру Цумараву, Магілёўскаму гарсавету дэпутатаў. Дзякуй дырэктару Музея гісторыі Магілёва Аляксею Бацюкову, які вылучыў мяне на гэтае званне. Для мяне важна, што зроблена гэта на падставе захавання культурнай спадчыны ды ў Год малой радзімы. Напэўна, прыйшоў час аднаўляць разбуранае. Трэба вяртаць Магілёву той выгляд, які ён меў на старых гравюрах. Разбурана каля 90% гістарычнай спадчыны. Але ж людзі тут жылі i да 1918 года. Незалежную дзяржаву мы пабудавалі, цяпер трэба аднаўляць яе гісторыю. Для гэтага неабходныя толькі воля ды жаданне. У час Вялікай Айчыннай вайны было знішчана шмат старажытных гарадоў Германіі, у іх ліку Мюнхен, Нюрнберг, Дрэздэн… Там аднавілі ўсе. I мы павінны гэта зрабіць. Калі мы будуем, напрыклад, новы касцёл, чаму напачатку не адрадзіць той, які быў раней? Хоць бы касцёл Святога Францішка Ксаверыя …

— А што асабіста вы ўкладваеце ў паняцце малая радзіма? I якія ўспаміны вам асабліва дарагія?

— Я нарадзіўся ў Магілёве, у чыгуначнай лякарні на вуліцы Бялінскага. Мой бацька працаваў чыгуначнікам. Потым мы некаторы час жылі ў Чавускім раёне, у вёсцы Гарбавічы, дзе працякае прыгожая рэчка Рэста. Бацькі чамусьці запісалі, што я нарадзіўся менавіта там. Калі мне было сем гадоў, зноў вярнуліся ў Магілёў. Тут я скончыў школу, сустрэў сваё першае каханне. Той дом, дзе я жыў, дарэчы, захаваўся. Там, у маленькай двухпакаёвай кватэры, жылі мае бацькі, я, сястра, потым да нас перабраліся яшчэ i дзядуля з бабуляй. З вёскі я прывёз у магілёўскую кватэру любімы заслон, які называў услонікам, як i мая бабуля. Захаваў у памяці яе саматканае пакрывала, іконы, каля якіх малілася мама. На адной з іх намаляваная Маці Божая з лесвіцай: сем прыступак як сімвал сямі нябёсаў. Для мяне яна асабліва дарагая яшчэ й таму, што мне яна дасталася разам з мамчыным вянчальнай вянком.

Любімыя месцы ў Магілёве — гэта Падніколле, Палыкавічы, дзе была ацаляльная крыніца, а яшчэ чыгуначны вакзал, з якім звязана дзяцінства. У Доме культуры чыгуначнікаў я ўпершыню выйшаў на сцэну. У мяне была выдатная настаўніца — Эсфір Мацвееўна Міхайлава, заслужаная артыстка РСФСР. Яна іграла ў абласным драматычным тэатры ды вяла народны тэатр у ДК. У мяне збярогся медаль лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола, якім адзначылі мяне за ўдзел у яе спектаклі. Калі ўспомніць, то я шмат роляў сыграў у сваім школьным дзяцінстве. Быў час, калі мы паказвалі па тры спектаклі ў дзень. Эсфір Мацвееўна, пэўна, бачыла ўва мне артыста. Калі ў Магілёў прыехала камісія, каб адабраць найбольш таленавітых школьнікаў для наступления ў ВПК, я па яе парадзе пайшоў на пробы ды нядрэнна сябе паказаў. Але ехаць паступаць у Маскву адмовіўся, хацеў пайсці ў армію.

— Напэўна, хто-небудзь з продкаў быў вайскоўцам?

— Магчыма. Калісьці ў Чыце пачуў цікавую гісторыю пра цёзку. Падчас Першай сусветнай вайны быў нейкі Казакоў, які служыў памочнікам у атамана Сямёнава. Лёс закінуў яго на Далёкі Усход. У 1940 годзе, кал i Саветы дабраліся да Кітая, ён схаваўся. Абматаў сябе казачымі сцягамі ды збег. Мне паказвалі альбом з яго фота, мы сапраўды з ім падобныя. Потым мама распавяла сямейную гісторыю, звязаную з нейкім гнаным казаком з Кітая. Не выключана, што гэта быў той самы памочнік атамана.

— Не шкадуеце, што не адразу сталі пісьменнікам? У войску ж не да рамантыкі…

— Чаму? У салдацкіх будняў ёсць свая рамантыка. Вядомы ўсім па сваіх выкрывальніцкіх кнігах Дзмітрый Валкагонаў гіачынаў з таго, што ствараў для будучых абаронцаў Айчыны падручнікі па этыцы ды эстэтыцы. Ён пісаў, што калі табурэткі стаяць роўна, гэта эстэтычна, а калі раскіданыя — не. А калі сур’ёзна, то ваенная праца таксама сёе-тое дае не толькі для цела, але i для духу. Яна дысцыплінуе. Пісьменнік — гэта катаржанін, які гадзінамі сядзіць за сталом, каб напісаць восем-дзесяць старонак. Калі ты ўстаў ды пайшоў, то ўсё пакінуў. Вернешся ты да гэтага яшчэ ці не — хто ведае. Хтосьці піша па начах, хто з раніцы, як Юры Палякоў. Ён і мяне на гэта натхніў. Я прачынаўся ў пяць гадзін раніцы ды нешта да дзесяці пісаў. Потым праз нейкі час зноў сядаў. Калі ёсць натхненне, знешнія раздражняльнікі не перашкаджаюць. Нават калі ты сядзіш у кафэ. Магу яшчэ Вагнера ўключыць у навушніках. Пад яго лепш пішацца.

— Вы лёгкія наўздым. Сёння ў Магілёве, заўтра ў Маскве. Адлегласці для вас не перашкода. Што вы адчуваеце пры такім рытме жыцця?

— Мама называла мяне Вецер. У мяне і пазыўны калісьці быў у арміі «Вецер». Мая сям’я добра ведае, што гэта такое. Неяк у Мінску прачнуліся раніцай, а я ім: «Хуценька збірайцеся, едзем у Маскву». I паехалі. Пабылі там некаторы час, пахадзілі па храмах, прапанаваў з’ездзіць i ў Суздаль…

— Вы вернік?

— У мяне ніколі не было спрэчак з маёй душой. У нас i бабулі маліліся, і дзядулі. Яны, хутчэй за ўсё, былі ўніятамі. У вёсцы, у Чавускім раёне, жылі каталікі і ўніяты. А я вось праваслаўны. Калі быў дзіцем, бабуля вадзіла мяне ў Магілёве ў праваслаўны храм у гонар Трох Свяціцеляў. Я ведаў, што ёсць Бог, які ўсё бачыць. I хлусіць нельга.

— I ніколі нікому не хлусілі?

— Хлусіў (усміхаецца). Але па-дзіцячы. Спадзяваўся, што Бог не ўбачыць. А дзед казаў: «Калі Бог не ўбачыць, я ўбачу». Цяпер я ўцаркоўлены чалавек, вернік Валаамскага манастыра. Калісьці нават быў там паслушнікам, працаваў на яго аднаўленні. Месца вельмі незвычайнае ды настолькі намоленае, што гэта фізічна адчуваеш. Быццам нейкая сіла прымушае цябе ўстаць там на калені. У мяне такі парыў быў толькі ў храме апостала Паўла ў Рыме. А яшчэ ёсць вельмі незвычайная царква на мяжы з Арменіяй. Там магутная энергетыка. На Магілёўшчыне вельмі сакральнае месца — царква ў Баркалабава Быхаўскага раёна. I на абраз Баркалабаўскай Божай Маці нельга глядзець як на нешта звычайнае. Яе погляд у душу пранікае, гэта адзін з наймацнейшых беларускіх абразоў. У Вільнюсе падобнай сілай валодае абраз Божай Маці Вострабрамскай. Я асабіста вельмі шаную абраз, якім яшчэ мой прапрадзед валодаў.

— Наогул кажуць, што вастрэй за ўсё адчуваеш сувязь з продкамі й прыродай, калі жывеш у вёсцы.

— Зямля продкаў сапраўды лечыць душу. У Магілёве я гэта асабліва востра адчуваю. Тут магілы маіх бацькоў, дзядоў. З дзядамі трэба размаўляць, паважаць іх, вучыла мая бабуля. У мяне ёсць хутар на мяжы Гродзенскай i Брэсцкай абласцей у Карэліцкім раёне. Калі ўбачыў гэта месца, захацеў застацца. Цікавае супадзенне. Па запісах, я нарадзіўся ў вёсцы Гарбавічы Чавускага раёна, а хутар знаходзіцца ў вёсцы Гарбатовічы.

— I часта ў жыцці здараюцца такія супадзенні?

— Ды колькі заўгодна. Аднойчы я павінен быў ісці на адну сустрэчу, але мне так не хацелася гэтага рабіць, і я не пайшоў. А тыя, хто пайшлі, усе загінулі. Інтуіцыя моцная рэч. У кожнага нешта ёсць такое. Вось я кніжку напісаў пра чорнага ката, там якраз пра такія рэчы гаворыцца. Наступная частка будзе, магчыма, яшчэ больш мiстычная, трэцяя — наогул фэнтэзі пра старажытную Беларусь. Толькі ў гэтым жанры можна ўявіць, якой была наша Беларусь. Калі пачнеш проста казаць, што так усё было, шмат паўстане спрэчак. Адны будуць сцвярджаць, што гэта частка Расіі, нехта — што гэта частка Польшчы, трэція ўспомняць пра Літву, а на самай справе гэта была Беларусь. Адно толькі дакладна вядома, што людзі жывуць у гэтых месцах амаль пяць тысячагоддзяў. I амаль у кожнай другой еўрапейскай нацыі ёсць ген беларуса. Што такое Герадотава мора, ніхто дакладна не ведае. I пра гэта мала кажуць. Мне хочацца раскрыць гэтую таямніцу.

— Калі папрасіць парады ў Валерыя Казакова, якой яна будзе?

— Няхай усе людзі, якія сябе адчуваюць беларусамі, будуць годнымі гэтага вялікага племені. Не трэба быць багатым, каб зробіць унёсак у захаванне нашага агульнай спадчыны. Гэта трэба зрабіць дзеля нашых нашчадкаў. Калі кожны з нас знойдзе сваю малую радзіму, будзе ў нас і вялікая. I ў дзяржавы будзе вялікая будучыня. Звярнуў увагу, што ў мяне ўсё больш становіцца суседзяў па хутары. Там пілуюць, тут стругаць — жыццё б’е ключом. Нешта прачынаецца ў людзей унутры.

Нэлі Зігуля