«Залаты шлягер»: успамiн пра будучыню?

Антонава, I. «Залаты шлягер»: успамiн пра будучыню? / Iрына Антонава // Мастацтва. — 2006. — №7. — С. 20-21.

Былі часы, калі магілёўскі «Залаты шлягер» па маштабах мог сапернічадь са «Славянскім базарам у Віцебску». А магчыма, i пераўзыходзiў яго. Паводле легенды, усё пачалося з думкі, выказанай аднойчы Алегам Цівуновым. Падчас гутаркі са знаёмымі з магілёўскай фiлармоніі спявак прамовiў: «Даўно прыспеў час і Магiлёву прыдумаць штосьці адметнае».

Ідэя трапiла на падрыхтаваную глебу. Магілёў, вядомы сваім багатым гістарычным і культурным мінулым, тым не менш заўсёды камплексаваў на фоне Віцебска, які даўно ўжо заваяваў славу другой — культурнай — сталіцы Беларусі.

Ішоў дзевяноста пяты год. Народ з настальгіяй успамінаў Савецкі Саюз і ўсё, што той у сабе ўвасабляў, у тым ліку і любімыя песні. Гэта цяпер усе, ад «Бліскучых» і Юліі Началавай да беларускіх тэледыктараў, з выглядам першаадкрывальнікаў спяваюць «Синенький скромный платочек…», а адзінаццаць гадоў назад гэта было ноў-хаў — прыдумаць фестываль, на якім ізноў зазіхацяць старыя, моцнай вытрымкі, «залатыя» шлягеры. I запрасіць на яго першых выканаўцаў, якія сышлі з вялікай эстрады, і маладых артыстаў.

Што такое сапраўдны фестываль? Па-першае, мора энтузіязму. Па-другое, мора грошай. Па-трэцяе, падтрымка і разумение ў вярхах. «Шлягер» спачатку ўпэўнена абапіраўся на гэтых трох кітоў. Чаго каштавала адна падтрымка Прэзідэнта, які не толькі асабіста пабываў на першых магілёўскіх фестывалях, але нават — было такое! — на вачах у задаволенай публікі пагадзіўся на «белы» танец са знанай госцяй з Малдовы Надзеяй Чапрагай.

А з якім азартам шукалі першых удзельнікаў! У пошуках адрасоў і тэлефонаў «зорак» савецкага часу тэлефанавалі маскоўскім сябрам, прымушалі тых гартаць старыя нататнікі, шукалі ў бібліятэках і выхваляліся адзін перад адным, калі ўдавалася ўрэшце знайсці каардынаты эпахальнага, але амаль забытага Валерыя Абадзінскага альбо моднай чвэрць стагоддзя таму Галіны Нянашавай.

Ах, якімі незабыўнымі былі тыя першыя сустрэчы! У холе гасцініцы «Магілёў» народ праводзіў захопленымі вачамі даўно зніклую з экранаў тэлевізараў Марыю Пахоменка і ўздыхаў: і ўзрост у чалавека, але ж трэба — якая прывабная! Па вуліцы Першамайскай пад ручку з маладой жонкай шпацыраваў сам Мікіта Багаслоўскі, кампазітар і жартаўнік. Каля машыны абдымаліся старыя сябры Эдуард Хіль і Ігар Лучанок, абяцаючы адзін аднаму абавязкова сустрэцца ў рэстаране за дранікамі. Як бог з неба, раптам спускаўся з простай гасцінічнай лесвіцы недасягальны Муслім Магамаеў, а яму насустрач каралеўскай хадой ішла дзівосная Нані Брэгвадзе! А арганізатары, як карты з калоды, прад’яўлялі ўсё новых «тузоў»: Аіду Вядзішчаву і Вадзіма Мулермана, якія прыехалі з Амерыкі толькі на «Залаты шлягер»; Леаніда Барткевіча, які вярнуўся назаўжды на радзіму; Ксенію Геаргіядзі, якая так і не наладзіла сваё жыццё у Грэцыі.

У той час не ведалі, ці то 7 лістапада адзначаць, ці то зрабіць выгляд, што яго наогул няма. У Магілёве гэты дзень раптам зноў ператварыўся ў чаканае свята — музычнае, на якое адпраўляліся ўсёй сям’ёй і на якім да гадзіны ночы спявалi ўсёй залай разам з любімымі артыстамі кранальную песню «Надзея».

Да свайго 5-годдзя фестываль, які пачаўся дзякуючы бязвінна-наіўнаму пажаданню Цівунова, набраў такія сур’ёзныя абароты, што аргкамітэт «Шлягера» ўзначаліў вядомы расійскі палітык, тады выканаўчы сакратар СНД Юрый Яраў, а Расія пагадзілася падставіць плячо ў фінансаванні гэтак неабходнага народам абедзвюх краін мерапрыемства. Магілёўцы стагналі ад захаплення: да іх, у горад вялікай хі-міі, цяпер прыязджалі людзі, якіх яны нават не марылі ўбачыць «ужывую». Раберціна Ларэці, які некалі сваім голасам заваяваў свет. Іспанскі дуэт «Бакара», пласцінкі якога ў свой час лічыліся неверагодным дэфіцытам. Загадкавы Рыкарда Фольі. I, падумаць толькі, сам мэтр італьянскай эстрады, абаяльны прыгажун Тота Кутуньё! Не буду сцвярджаць катэгарычна, але здаецца, гэта былі першыя «прыгоды італьянцаўу Расіі». Сустрэўшы неверагодную, вар’яцкую любоў да сябе ў былым СССР, яны раптам зразумелі, што запатрабаваныя, і з азартам пакацілі па гарадах і вёсках.

Фестываль прыкметна памаладзеў. А арганізатары перажывалі пачуццё небывалага палёту. Здараліся канцэрты, калі на сцэну магілёўскага ДК хімікаў выходзіў дзесятак народных артыстаў. Прыязджала шыкоўная Людмiла Зыкіна. Яшчэ слабы пасля хваробы прылятаў спецыяльна на «Шлягер» Кабзон. Выклікала шквал апладысментаў Валянціна Панамарова. Збірала цэлы Лядовы палац на свой сольнік Сафія Ратару. На адным з фестываляў разам з «Песнярамі» раптам з’явіўся Леанід Барткевіч — яшчэ амерыканец, у скураных бліскучых штанах, гэта было першае яго выступление на радзіме пасля доўгіх гадоў эміграцыі… А якія былі «Рамансіяды» — з Барысам Штокалавым, Віргіліусам Нарэйкам, Анатолем Салаўяненкам! I не купіць білетаўна «Музычную кінапанараму», таму што ў ёй таксама цэлая абойма любімых, знакамітых — ад Наталлі Варлей да Людмілы Турчанка.

Што датычыць конкурсаў маладых выканаўцаў, дык яны таксама з’яўляліся добрай школай, прайсці якую з’язджаліся вакалісты з Грузіі, Украіны, Малдовы, Прыбалтыкі, Казахстана, Балгарыі, Югаславіі, Ізраіля і нават Амерыкі. У Магілёве дагэтуль памятаюць імя аднаго з першых пераможцаў — улюбёнца публікі Тэймураза Баджгуа, грузіна з выдатным, прыгожым голасам, і ягоную песню «Тбілісо»…

На жаль, шмат пра што цяпер даводзіцца казаць у мінулым часе. Фестываль, перажыўшы небывалы росквіт, сутыкнуўся з цяжкасцямі. Змяніўся ягоны статус — цяпер «Шлягер» праходзіць разу два гады. Прыкметна, амаль удвая, скараціўся яго бюджэт, што адразу зрабіла немагчымым правядзенне конкурсу маладых выканаўцаў. 3 мінулага года паміж сабою спаборнічаюць вакальна-інструментальныя ансамблі. Менш зорным стала журы. Паменшылася колькасць фестывальных пляцовак. I ў раёны цяпер ніхто з артыстаў не ездзіць.

Ці зменіцца цёмная паласа на светлую? Ці адродзіцца фестываль, аналагаў якому, падобна, пакуль няма? Фестываль, якога чакаюць гледачы?