Замест спадзяванняў на лепшае : «Кандыд, альбо аптымізм» паводле Вальтэра ў Магілёўскім абласным тэатры лялек

Яроміна, К. Замест спадзяванняў на лепшае : «Кандыд, альбо аптымізм» паводле Вальтэра ў Магілёўскім абласным тэатры лялек / Кацярына Яроміна // Мастацтва. — 2019. — № 8. — С. 36—37. 

Аповесць Вальтэра «Кандыд, альбо аптымізм» у свой час зрабілася сапраўдным бэстсэлерам. Спектакль, пастаўлены праз два з паловаю стагоддзi у Магілёве, здаецца, гэты поспех успадкаваў: «Кандыд…» названы падзеяй міжнароднага маладзёжнага форуму «М.арт.кантакт» i трапіў на паказы Belarus open форуму «Тэарт». Глядацкай прыхільнасці яму, мяркуючы па усім, таксама не бракуе.

Магілёўскі «Кандыд, альбо Аптымізм» можна назваць узорным прыкладам удалай работы ўсёй пастановачнай трупы, адметнага паразумення рэжысёра Ігара Казакова, мастака Аляксандра Вахрамеева, драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага, што напісаў для спектакля адмысловую інсцэніроўку, ды артыстаў — некаторых, як Аляксандра Куляшова м Наталлю Калакуставу, запрасілі з драматычнага тэатра. Знайшлася агульная мова і з Вальтэрам. Праз «круцельскі раман» сучаснікі французскага асветніка з лёгкасцю пазнавалі сваю будзённасць.

Дзякуючы Ігару Казакову ў дасціпным партрэце эпохі Асветніцтва нашы гледачы могуць выразна бачыдь рысы сённяшняга дня — то ў сваеасаблівых зонгах (кампазітар Яўген Мількоў), якімі заменены доўгія апісанні падарожжаў Кандыда, то ў красамоўных дэталях, вылучаных Дзмітрыем Багаслаўскім. Тэкст Вальтэра ўспыхвае іскрынкамі-згадкамі, напрыклад, у працы мерчандайзера, а з невялічкага эпізоду з суддзёй, што ў аповесці займае літаральна некалькі радкоў, утвараецца шыкоўная сцэна, дзе тузін штрафаў Кандыду прызначаецца яшчэ да тага, як той паспеў выкласці сутнасць справы. Праз сцэнічны твор вылучыліся ўніверсальныя сюжэты і праблемы, якія выразна акрэсліваюць тэму нязменнасці свету і датклівасці чалавека. У XXI стагоддзі, як і ў XVIII, пануюць гвалт, хцівасць, пажадлівасць, падман, часам нават з формы не змяняюцца, а чалавек гэтаксама шукае страчаны рай, з аптымізмам углядаючыся ў будучыню.

Увасабленнем гэтай няспыннай вандроўкі паўстае аскетычная сцэнаграфія Аляксандра Вахрамеева: чатыры рухомыя рамы раз-пораз ператвараюцца сярод іншага і ў карабель, на якім падарожнічае са сваім таварыствам Кандыд. Мастак і рэжысёр далікатна і стылёва абазначаюць эпоху Асветніцтва — прыкладам, асобнымі дэталямі касцюмаў. Але парыкі, што ў адной са сцэн робяцца часткай цела, дыяметральна супрацьлеглай галаве, аблокі белай пудры ды іншыя «прыкметы часу», кшталту каўпакоў памагатых Інквізітара, мадыфікаванага варыянта папяровых мітраў ерэтыкоў, — хутчэй антураж, які падкрэслівае пазачасавасць праблем, закранутых Вальтэрам, нязменнасць чалавечае прыроды і «самага лепшага са светаў». I гэтую прыроду, дакладней, яе найгоршыя праявы, шчодра выкрывае сваім спектаклем Ігар Казакоў.

У халоднай графіцы чорна-шэрай сцэнічнай прасторы — таго самага найлепшага і надзіва нядобразычлівага да чалавека свету — усё, што і так досыць празрыста чыталася ў Вальтэра, узбуйняецца, даводзіцца ці не да карыкатурнасці, робіцца дзесьці яшчэ больш смешным, а дзе — страшным. «Нявінны пацалунак» з Кунігундай — прычына выгнання Кандыда з ято «зямнога раю», замка барона Тундэртэн-Тронка, — перакідаецца доўгай і заўзятай любоўнай гульнёй герояў, а змаганне Інквізітара і Яўрэя за прыгажуню — у зацягнутае меранне, так бы мовіць, сваімі мужчынскімі фізічнымі асаблівасцямі.

У «Кандыдзе» пануе жывы план, але самыя пікантныя моманты вырашаюцца пры дапамозе сродкаў тэатра лялек, што ў фарсавай стыхіі спектакля ператварае сцэны на мяжы прыстойнасці і густу… у смешныя да слёз, як гэта адбываецца з забавамі мажной Кунігунды ды Кандыда, таксама ствараюцца абагульненыя і красамоўныя вобразы гвалту, ваеннай мясарубкі, інквізітарскіх зверстваў. Вытыркаюцца з дзіравае дошкі маленькія, нязграбныя, безаблічныя чалавечкі, акурат «гарматнае мяса», а па іх лупяць малаткамі — як у папулярнай гульні-настолцы. Лялькі ляцяць праз сцэну, засыпаючы планшэт, іх расціскае каток інквізіцыі, аднак аўтадафэ і катаванні вельмі хутка набываюць рысы вясёлай забавы — гэткага барбекю з паўаголенымі дзяўчатамі.

Хістанне паміж тымі мадальнасцямі, пераход ад пляцавага, смешнага, «нізкага» да трагічнага, страшнага, працверажальна крытычнага вызначаюць пастаноўку Ігара Казакова, у якой беспамылкова ўгадваецца творца, які колькі год таму ўразіў грамаду адметным «Гамлетам». Пасля размовы з Кандыдам, дзе Кунігунда ўзгадвае мяккую, бялявую скуру балгарскага афіцэра, фактычна свайго гвалтаўніка (і гэта чарговы раз выклікае шчыры глядацкі смех), нельга не заўважыць: і ў ролі, якую сыграла Вольга Яфрэмава-Кухарава, і ў падкрэслена сэксуалізаваным вобразе Пакеты Настассі Лапцінскай, і ў выразна акцэнтаванай гісторыі Старой у выкананні Наталлі Калакуставай адлюстроўваецца статус жанчыны выключна як аб’екта, чыя адзіная каштоўнасць — прыгажосць ды маладосць як умовы мужчынскага здавальнення. Таму смех глядзельні выбухае быццам праз нябачныя слёзы. Рэфрэнам гучаць крыкі сумневу, болю і роспачы Кандыда, блазнаватага ў сваім аптымізме, але вельмі хутка да яго вяртаецца наіўная вера, маўляў, «усё да лепшага ў гэтым найлепшым са светаў». I толькі ў фінале гіпсавы бюст філосафа Панглоса, апостала рэлігіі аптымізму, разлятаецца на друзачкі, а герой Аляксандра Куляшова з дурненькага, інфантыльнага хлапчука, якім здаваўся цягам дзеяння, ператвараецца ледзь не ў пакутніка, чый твар усё яшчэ асвятляе ўсмешка, але ўжо не аптымістычная, а сарданічная.

У магілёўскім «Кандыдзе…», здаецца, знойдзена аптымальная ступень раўнавагі паміж літаратурным матэрыялам і яго сцэнічнай інтэрпрэтацыяй, актуалізацыяй сэнсаў без іх відавочнай падмены. Ды ў сваім бачанні свету Ігар Казакоў падаецца больш крытычным за Вальтэра. Нават краіна ўсеагульнага дабрабыту Эльдарада ў вырашэнні рэжысёра выдае хутчэй на добра закамуфляваную антыўтопію, але ніяк не на «зямны рай»: надта ўжо завучана, як дзеці на ранішніку, ягоныя жыхары ўсхваляюць свой цудоўны край, «дзе няма ні банкаматаў, ні ваенкаматаў». Аднак пры ўсёй крытычнасці ды іроніі «Кандыд, альбо Аптымізм» Ігара Казакова ўсё ж прасякнуты верай у чалавека. Так, Эдэм страчаны і вярнуцца ў яго немагчыма, аж толькі чарговы раз страціўшы ўсё — разам з аптымізмам, — Кандзід з зацятай упартасцю працягвае сваё падарожжа-жыццё.

Цаляючы ў наіўны, пасіўны аптымізм, стваральнікі спектакля самі яго сілкуюць — у дачыненні да айчыннага тэатра. Замест пустых спадзяванняў на лепшае альбо пошукаў раю за морам яны дэманструюць вынік актыўных дзеянняў, даглядаюць свой сад, робяць сучасны, актуальны тэатр тут і цяпер.