Сінькевіч, Г. Неабыякавая да чужой бяды : [сацыяльны педагог сярэдняй школы № 19 Валянціна Аляксандраўна Пасюкова] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 4 лютага. — С. 11.
Абараніць інтарэсы дзяцей, дапамагчы маленькаму чалавеку разабрацца з сабой, навакольнымі, падтрымаць яго ў любой складанай жыццёвай сітуацыі. У гэтым бачыць сваю галоўную задачу сацыяльны педагог сярэдняй школы № 19 Магілёва Валянціна Аляксандраўна ПАСЮКОВА.
У педагогіку Валянціна Аляксандраўна прыйшла свядома. Дарэчы, услед за яе прыкладам потым рушылі сёстры, якія таксама выбралі настаўніцкую прафесію.
— У свой час я скончыла фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Аднак свае сілы ў прафесіі паспрабавала яшчэ студэнткай. Тады з-за аварыі на ЧАЭС у школах на пацярпелых тэрыторыях быў вялікі недахоп педагогаў, таму настаўнічаць я пачала з пятага курса ўніверсітэта. Выкладала ў Глухскай сярэдняй школе Быхаўскага раёна. Туды накіравалася і па размеркаванні, — расказала В.А.Пасюкова.
З Быхаўшчынай працоўная дзейнасць Валянціны Аляксандраўны была звязана на працягу васьмі гадоў. Пасля жыццё склалася так, што яна вырашыла вярнуцца ў родны Магілёў. З работай у тыя гады было складана.
— Мяняць прафесію і сыходзіць з педагогікі не хацелася. Але я доўга не магла знайсці работу. Усё вырашыў выпадак. На вечары сустрэчы выпускнікоў мне прапанавалі месца сацыяльнага педагога ў маёй роднай сярэдняй школе № 19 Магілёва. Вырашыла паспрабаваць. Скончыла адпаведныя курсы і кардынальна змяніла профіль. Сёння, азіраючыся назад, аб тым рашэнні не шкадую. Нават больш. Лічу, што той выпадак быў для мяне шчаслівым, бо ў працы сацыяльным педагогам я сапраўды змагла прафесійна рэалізавацца, — адзначыла В.А.Пасюкова.
Сацыяльным педагогам Валянціна Аляксандраўна працуе на працягу дваццаці гадоў. За гэты час яна пабудавала сваю эфектыўную сістэму работы. Галоўнае, да чаго яна імкнецца, — знайсці свой падыход да кожнага дзіцяці.
— Кожнае дзіця павінна сустрэць дарослага чалавека, які дапаможа яму ў цяжкія моманты жыцця, абароніць, дасць мудрую параду, адгаворыць ад неабдуманага ўчынку. Вельмі добра, калі гэтым чалавекам для дзіцяці з’яўляецца тата ці мама. Але, на жаль, далёка не ўсе бацькі спраўляюцца з гэтай роляй. Тады такім чалавекам для дзіцяці павінен стаць сацыяльны педагог. Але знайсці да дзіцяці падыход няпроста. Неабходна пастарацца і стаць для яго старэйшым дасведчаным сябрам, таму што толькі сябру дзіця адкрые душу і сэрца. Толькі надзейнаму чалавеку зможа даверыцца, падзяліцца горам і радасцю, звярнуцца па дапамогу і параду, — пераканана В.А.Пасюкова.
Па такім жа прынцыпе Валянціна Аляксандраўна выбудоўвае ўзаемаадносіны з бацькамі навучэнцаў. Яна заўсёды сама выходзіць на кантакт, аказвае ўсебаковую падтрымку мамам і татам па любых пытаннях. Істотна дапамагае мнагадзетным сем’ям. І асабліва пільна працуе з нядобранадзейнымі бацькамі. Упор робіць на ранняе выяўленне сямейнага недабрабыту. Для гэтага В.А.Пасюкова наладзіла плённае міжведамаснае ўзаемадзеянне з іншымі зацікаўленымі службамі. З нядобранадзейнымі сем’ямі яна працуе разам з супрацоўнікамі ўстаноў аховы здароўя, праваахоўнымі органамі. Значна, што Валянціна Аляксандраўна ў гэтай рабоце імкнецца не застацца абыякавай. Для яе не бывае чужой бяды, чужых дзяцей. Яна пераканана: нават у самай цяжкай сітуацыі сям’і можна дапамагчы.
— Наведваючы сем’і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, мы не проста адзначаем, што праблема ў малазабяспечанасці, злоўжыванні бацькамі спіртнымі напоямі. Заўсёды задаёмся пытаннем, чаму сям’я трапіла ў такую сітуацыю, як ёй можна дапамагчы. Вызначыўшы сямейныя праблемы, прыступаем да практычнай работы. Праз гутаркі, кансультаванне аказваем сям’і інфармацыйную, арганізацыйную дапамогу: прадастаўляем звесткі пра рэжым працы розных службаў, пра тое, якія дакументы неабходны для вырашэння таго ці іншага пытання, — падкрэсліла В.А.Пасюкова.
Такі комплексны падыход дае свой вынік. Пры своечасовым выяўленні сямейнага недабрабыту, дапамозе бацькам у складанай сітуацыі атрымліваецца не дапусціць адабрання дзіцяці з роднай сям’і. На працягу апошніх сямі гадоў такіх выпадкаў у школе не было. Ды і ў цэлым колькасць навучэнцаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, ва ўстанове знізілася.
Значнае месца ў сваёй дзейнасці Валянціна Аляксандраўна адводзіць падтрымцы дзяцей, якія здзейснілі пэўныя правапарушэнні і знаходзяцца на розных формах уліку. Яна з’яўляецца кіраўніком праблемнага сацыяльна-педагагічнага семінара для настаўнікаў школы і кіраўніком клуба для бацькоў “Падлетак і закон”.
— Бывае так, што дзеці спатыкаюцца на жыццёвай дарозе. І ў гэтым выпадку вельмі важная падтрымка дарослых: бацькоў, педагогаў. Калі падлетак адчувае гэтую падтрымку, бачыць, што ў яго вераць, ён зможа зноў стаць на правільны шлях, — пераканана В.А.Пасюкова.
Сваю дзейнасць Валянціна Аляксандраўна не зводзіць толькі да работы з цяжкімі вучнямі і нядобранадзейнымі сем’ямі. Важным яна лічыць таксама захаванне здароўя дзяцей: фізічнага, псіхалагічнага, маральнага. Яна арганізоўвае адпачынкавыя мерапрыемствы для сваіх падапечных, далучае іх да актыўнай занятасці, карысных грамадскіх спраў.
— Школа — гэта часцінка дзіцячага жыцця даўжынёй у 11 гадоў. Чым яна стане для дзіцяці? Якім выйдзе за яе парог сённяшні маленькі чалавек? Гэта залежыць ад нас, педагогаў. І асабліва ад сацыяльных педагогаў, якія павінны абараняць інтарэсы дзяцей, бачыць іх праблемы і ўмець іх вырашаць, — гаворыць В.А.Пасюкова.
За два дзесяцігоддзі Валянціна Аляксандраўна назапасіла важкі працоўны вопыт, дасягнула значных працоўных вышынь. Яна з’яўляецца фіналісткай адпаведнага рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства, неаднаразова ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад, граматай Міністэрства адукацыі.
Гэтыя ўзнагароды для яе важныя, але галоўным яна лічыць іншае: захаваць сям’ю для дзіцяці, убачыць былых падапечных, якія сталі добрапрыстойнымі грамадзянамі. Вось што прыносіць ёй найбольшае задавальненне ад работы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.