Івашка, І. Звычайны Мурашкевіч : [загадчык аддзялення МПЭТК Уладзімір Мікалаевіч Мурашкеіч] / Ірына Івашка // Настаўніцкая газета. — 2020. — 4 лютага. — С. 7.
Загадчык аддзялення Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа Уладзімір Мікалаевіч МУРАШКЕВІЧ — нешматслоўны спецыяліст. Даведаўшыся, што стане героем матэрыялу, ён здзіўлена пытаецца: “А чаму я?” Пачуўшы доказы, коратка пагаджаецца: “Я зразумеў”. Спачатку ў размове падаецца, што ён неяк звязаны з ваеннай справай, але пасля становіцца зразумела, што лаканічнасць у гутарцы выдае ў ім “тэхнара”.
— Я заўсёды быў звычайны, як і ўсе. Ды і зараз я выдзяляюся толькі тым, што працую ва ўстанове адукацыі, — проста гаворыць Уладзімір Мікалаевіч. — Сябры і сям’я гавораць, што я старанны, працавіты і вясёлы. Хіба з імі не пагодзішся?
Уладзімір Мурашкевіч скончыў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя электрапрыводы”. У свой час на выбар прафесіі будучага інжынера-электрыка паўплывалі сябры: ва ўстанове вучылася шмат знаёмых, якія не праміналі расказаць пра студэнцкую пару. І паколькі ў ліцэі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта юнаку падабаліся тэхнічныя навукі, ён вырашыў, што ў яго спецыяльнасці ўсё супала.
Сярод захапленняў, якія педагог пранёс праз жыццё, — спартыўныя гульні (першае месца сярод іх займаюць традыцыйны хлапчуковы футбол і шахматы). Па словах загадчыка аддзялення, заняткі шахматамі далі плён у жыцці: малады спецыяліст навучыўся лагічна думаць, паслядоўна выбудоўваць дзеянні, расстаўляць прыярытэты. Таксама значную частку юнацтва Уладзімір Мурашкевіч прысвяціў Клубу вясёлых і знаходлівых: упершыню хлопец падняўся на сцэну яшчэ ў школе і займаўся гульнёй 8 гадоў.
Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 2010 годзе малады чалавек размеркаваўся ў Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж. Тады ўвайсці ў прафесію яму дапамог дырэктар установы Віктар Бурака. Зараз Уладзімір Мурашкевіч выкладае спецыяльныя прадметы: “Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі”, “Тэарэтычныя асновы электратэхнікі” і “Электразабеспячэнне прадпрыемстваў і грамадзянскіх пабудоў” .
— Педагагічная праца ў нас — гэта няспынны пошук метадаў і шляхоў вырашэння пытанняў, якія ставіць час. Трэба пастаянна прыдумваць, крэатывіць, — заўважае Уладзімір Мікалаевіч.
Загадчык аддзялення гаворыць, што, калі б па матывах яго жыцця здымалі фільм, ён змясціў бы шмат эклектыкі. У карціне прысутнічалі б элементы і драмы, і камедыі. Спецыяліст гаворыць, што не мае жыццёвага дэвіза, бо стараецца пашыраць уласныя гарызонты і не абмяжоўвацца. Таму з ахвотай пераймае вопыт старэйшых калег, што працуюць у каледжы, — Таццяны Грамыка, Уладзіслава Станкевіча, Аляксандра Венеўцава.
Уладзімір Мурашкевіч — сын педагога, таму не па словах ведае асаблівасці выкладчыцкай дзейнасці. Спецыяліст гаворыць, што, каб стаць выключным прафесіяналам, трэба працаваць кожны дзень. Бо адна справа — ведаць прадмет, і зусім іншая — работа з навучэнцамі, дзе без практычных навыкаў і жыццёвай мудрасці не абысціся. На думку спецыяліста, каб упэўнена адчуваць сябе ў аўдыторыі, выкладчык павінен быць адукаваным, эрудзіраваным, культурным, сумленным, інтэлігентным, валодаць сваім прадметам і незалежна ад сітуацыі трымаць слова.
— Мне важна зацікавіць навучэнцаў, зматываваць матэрыялам, прывесці прыклады з жыцця, якія знойдуць водгукі, — гаворыць загадчык аддзялення. — Чым бы дзеці ні займаліся, трэба, каб адчуваўся аўтарытэт выкладчыка. Калі да педагога няма павагі, то, што б ён ні сказаў, не будзе ўспрынята. Трэба больш усміхацца. З усмешкай і выкладчыку прасцей кантактаваць з навучэнцамі, і яны бачаць перад сабой не суровага старэйшага калегу.
Аднак першае, чаму выкладчык адводзіць вялікую ролю ў зносінах з навучэнцамі, — сумленнасць. Шчырасць ва ўсім — пачынаючы з вучэбнага працэсу, заканчваючы ўласным стаўленнем. Педагог адчувае задавальненне, калі яго вучні знаходзяць сябе ў жыцці і прафесіі.
— Калі б была магчымасць стаць на некаторы час іншым чалавекам, я стаў бы маёй матуляй, каб паглядзець на сябе збоку, — прызнаецца Уладзімір Мурашкевіч.
Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва У.М.Мурашкевіча.