Сінькевіч, Г. І прафесіі навучаюцца, і творча развіваюцца : [рэгіянальна этап рэспубліканскага агляду тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і педегогаў прафесіянальна-тэхнічных устаноў ] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 19 сакавіка. — С. 14.
Мінулы тыдзень адзначыўся адметнай падзеяй для прафесійна-тэхнічных устаноў Магілёўшчыны. У вобласці адбыўся рэгіянальны этап рэспубліканскага агляду тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і педагогаў устаноў гэтага профілю.
Маладыя людзі і іх выкладчыкі атрымалі магчымасць прадэманстраваць шырокай аўдыторыі ўсю разнастайнасць сваіх творчых знаходак, тэхнічных распрацовак і інавацыйнай думкі. Выставачная зала Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 1, дзе сёлета ладзіўся агляд, была запоўнена экспазіцыямі. Удзел у творчым спаборніцтве прымалі 29 прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў рэгіёна. На выставу было прадстаўлена звыш 580 разнастайных экспанатаў.
Вельмі крэатыўнымі былі творчыя работы ўдзельнікаў. Уражвала разнастайнасць відаў і жанраў прадстаўленай на выставе творчасці. Сваё майстэрства навучэнцы і педагогі дэманстравалі ў мастацкай вышыўцы, саломапляценні, ганчарстве, разьбе па дрэве, бісерапляценні, выяўленчым мастацтве, дызайне адзення. Усе работы адрознівала высокая якасць выканання і непаўторная знешняя эстэтыка. Некаторыя вырабы захоўвалі самабытнасць народных промыслаў, іншыя былі выкананы ў сучасных творчых напрамках. Здзіўляла яшчэ і тое, што з самага простага матэрыялу ўдзельнікі змаглі стварыць сапраўдныя творы мастацтва.
Напрыклад, як прадстаўнікі Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. Творчая экспазіцыя навучальнай установы ў асноўным складалася з работ педагога аб’яднання па інтарэсах “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Таццяны Палькевіч і яе навучэнцаў. Цудоўная калекцыя адзення, вырабы з дрэва, карціны ў розных тэхніках надоўга прыкоўвалі погляд і наглядна пацвярджалі, што ў каледжы шмат таленавітых маладых людзей. І адметна, што кіраўніцтва ўстановы стварае для іх усе неабходныя ўмовы для самарэалізацыі.
— Мы прапаноўваем навучэнцам розныя магчымасці для развіцця іх здольнасцей. Зараз у каледжы дзейнічаюць трынаццаць гурткоў спартыўнай і мастацкай накіраванасці. Педагогі дадатковай адукацыі заўсёды арыентуюцца на інтарэсы дзяцей. Гэта прыносіць адпаведны плён. Нашы навучэнцы — пастаянныя прызёры як творчых аглядаў і выстаў, так і конкурсаў прафесійнага майстэрства, — паведаміла начальнік аддзела па рабоце з моладдзю каледжа Л.М.Бабкова.
Незабыўныя ўражанні пакінула экспазіцыя Магілёўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага эканамічнага каледжа. Прадстаўнікі навучальнай установы паказалі свае таленты ў разнастайных кірунках дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва. Унікальныя творчыя работы з саломкі, воўны, металу, скуры, выкананыя ў розных тэхніках і стылях, сапраўды ўражвалі.
— У нас вельмі многа таленавітых дзяцей. І такая ж вялікая колькасць таленавітых педагогаў. Яны ўмеюць захапіць, матываваць навучэнцаў. У каледжы функцыянуе шмат розных аб’яднанняў па інтарэсах. Кожны можа знайсці сабе занятак па душы. Педагогі разам з дзецьмі пастаянна нешта прыдумваюць, ажыццяўляюць нейкія наватарскія творчыя ідэі. Вынік гэтай дзейнасці — непаўторныя творчыя работы, якія заўсёды высока ацэньваюцца на творчых конкурсах і фестывалях, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце каледжа Т.П.Красуцкая.
Акрамя творчых работ, на выставе было мноства экспанатаў тэхнічнай творчасці. Удзельнікі агляду прадставілі ўвазе прысутных разнастайныя вынаходствы і распрацоўкі практычнага характару. Яны ўключалі ў сябе рацыяналізатарскія прапановы ў машынабудаванні, будаўніцтве, эканоміі энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, сельскай гаспадарцы.
Так, прадстаўнікі Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа дэманстравалі на аглядзе 29 цікавых тэхнічных распрацовак. Навучэнец Яўген Мядзведзеў прадстаўляў праект, які можа любога навучыць самастойнай зборцы камп’ютара. Навучэнец Максім Калачоў стварыў апарат для дыстанцыйнага кармлення катоў, які дапаможа наладзіць харчаванне свойскіх гадаванцаў у час адсутнасці гаспадароў. А вось майстар вытворчага навучання Уладзімір Краўчанка разам з педагогам дадатковай адукацыі Мікалаем Слясарчыкам стварылі аўтарскі ўзор аўтамабіля гадоў СССР.
— Гэты аўтамабіль — своеасаблівая рэалізацыя творчых здольнасцей навучэнцаў. Хацелася далучыць моладзь да аўтамабільнай гісторыі. Машына стваралася з нуля. За аснову ўзялі старую “Волгу” ГАЗ-21. Яе выкарыстоўвалі як лякала. Усё астатняе — уласныя ідэі. Работы было вельмі многа, і яна расцягнулася больш чым на два гады. Навучэнцы змаглі не толькі праявіць сваю творчасць, але і адтачыць розныя прафесійныя навыкі, — расказаў педагог дадатковай адукацыі каледжа Мікалай Слясарчык.
Дарэчы, у Магілёўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы развіццю тэхнічнай творчасці, яе папулярызацыі сярод педагогаў і навучэнцаў удзяляюць вялікую ўвагу.
— Далучэнне моладзі і выкладчыкаў да заняткаў тэхнічнай творчасцю ў нашай установе ў прыярытэце. Гэтая дзейнасць спрыяе прафесійнаму станаўленню педагагічных работнікаў, раскрыццю талентаў навучэнцаў. А яшчэ сумесная работа над праектамі дапамагае дасягнуць згуртаванасці, адзінства думак навучэнцаў і педагогаў. Як вынік — апошнія пяць гадоў мы пастаянна перамагаем на розных рэспубліканскіх конкурсах, як творчых, так і прафесійных, — адзначыў дырэктар каледжа С.М.Казлоў.
Неардынарныя экспанаты прадстаўляў на выставе і Магілёўскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж. Прадстаўнікі навучальнай установы стварылі ўніверсальны станок для свідравання, заточвання і шліфавання розных дэталей, мадэль прамысловага маніпулятара, якую можна эфектыўна выкарыстоўваць у вучэбным працэсе. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікаў праект “Горад зялёнай энергіі”. Ён уяўляў сабой маштабны інтэрактыўны макет, на якім навучэнцы прадставілі сваё бачанне выкарыстання ў гарадскім жыцці альтэрнатыўных крыніц энергіі.
— На выставе сапраўды было многа цікавых работ. Уражвала іх разнастайнасць. З многімі ўдзельнікамі мы ўжо знаёмыя: яны не ўпершыню прымаюць удзел у нашым аглядзе. Але радуе, што яны пастаянна ўдасканальваюць сваё майстэрства, імкнуцца да новага. Напрыклад, сёлета ў прадстаўленні многіх праектаў іх аўтары выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, QR-коды. Гэта дае магчымасць больш дэталёва даведацца пра вырабы за кароткі час. Па сутнасці, экспанат можа сам сябе прадставіць, і гэта вялікі плюс, — паведаміла метадыст аддзела выставачнай і прэзентацыйнай работы Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці А.Г.Каблукова.
Акрамя непаўторнасці і наватарства, кожны экспанат выставы вызначаўся адной агульнай адметнасцю. Усе работы тым ці іншым чынам былі звязаны з будучай прафесіяй навучэнцаў, якія іх распрацоўвалі. Маладыя людзі сапраўды зацікаўлены той справай, з якой вырашылі звязаць сваю прафесійную дзейнасць. А ў навучальных установах створаны ўсе неабходныя ўмовы як для якаснага навучання, так і для творчага развіцця.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.