Помнік невядомым танкістам

Зігуля, Н. Помнік невядомым танкістам : Магілёўскі прафесійны ліцэй № 9 імя А. Старавойтава ўшанаваў памяць невядомых абаронцаў / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2020. — 22 мая. — С. 24. — Мясцовае самакіраванне.

Магілёўскі прафесійны ліцэй № 9 імя А. Старавойтава ўшанаваў памяць невядомых абаронцаў

У ліцэі адзінаццаты год функцыянуе ваенна-патрыятычны праваслаўны клуб«Сокал», выхаванцамі якога з’яўляюцца падлеткі ад 14 да 18 гадоў і старэйшыя, бо тыя, хто меў да яго адносіны, застаюцца яго членамі назаўсёды. Клуб займаецца падрыхтоўкай будучых абаронцаў Айчыны, тут вучаць навыкам стральбы, рукапашнаму бою, паводзінам у экстрэмальных сітуацыях, а таксама дабрачыннасці. Байцы клуба ў якасці валанцёраў наведваюць Дом дзіцяці і бальніцу сястрынскага догляду. А яшчэ адшукваюць закінутыя воінскія пахаванні і аднаўляюць іх.

Шэсць гадоў таму ў вёсцы Басценавічы ўстанавілі два гранітныя помнікі, а сёлета паявіўся яшчэ адзін — у Шклоўскім раёне непадалёкад вёскі Заходы. З гісторыі вядома, што ў ліпені 1941-га тут згарэў танк разам з экіпажам. Да якой часці належалі гэтыя чырвонаармейцы, на жаль, невядома. Захавалася толькі памятная шыльда, якая ўрасла ў дрэва. Вакол былога месца бою ўтварыўся лес, і знайсці яго станавілася ўсё цяжэй. Цяпер побач з памятным дрэвам паявіўся яшчэ і гранітны помнік.

— Устанаўлівалі з блаславення ўладыкі Сафронія, — удакладняе дырэктар ліцэя, дэпутат Магілёўскага гарсавета і ідэйны натхняльнік клуба «Сокал» Міхаіл САСОНКА. — Вакол добраўпарадкавалі месца, паклалі плітку і зрабілі агароджу. А яшчэ паставілі тры камяні з жалезнымі зоркамі, якія сімвалізуюць тых трох невядомых танкістаў. Апошнюю ноч перад Днём Перамогі мы з хлопцамі правялі ў лесе. Разбілі там лагер, палілі вогнішча, спявалі салдацкія песні. Да нас далучыліся байцы яшчэ аднаго магілёўскага ваенна-патрыятычнага праваслаўнага клуба «Перасвет» з іх кіраўніком, благачынным Сяргеем Лабадой.

На адкрыццё помніка прыехалі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, старшыня Магілёўскага гарсавета Максім Гурын, прадстаўнікі ДТСААФ, жыхары навакольных населеных пунктаў. Пахаванне знаходзіцца далёка ў лесе, але гэта не перашкодзіла людзям прыйсці і пакланіцца героям. Некаторыя прыязджалі цэлымі сем’ямі, разам здзецьмі. Па традыцыі наведалі гэта месца і байкеры, большасць з якіх служыла менавіта ў танкавых войсках. Свята атрымалася вельмі душэўнае і кранальнае, было шмат жывых кветак.

— Той, хто ведае сваю гісторыю, у таго ёсць будучае, — перакананы Міхаіл Сасонка. — Гэтая памяць вельмі патрэбна нашым хлопцам. Калі я бачу слёзы на іх вачах, сапраўдныя, мужчынскія, якія ніякіх адносін не маюць да слабасці, я разумею, як гэта важна. Менавіта такім чынам выхоўваецца патрыятызм.

Нэлі ЗІГУЛЯ.