Галоўнае — іх поспехі

Сінькевіч, Г. Галоўнае — іх поспехі : [дырэктар МДАЛ № 3 К. М. Грыгаровіч] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 16 ліпеня. — С. 1. 

Кажуць, поспех установы напрамую залежыць ад яе кіраўніка, яго ўмення з’яднаць людзей у адзіную каманду, здольную пакараць працоўныя вышыні. Ведаючы дасягненні Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3, з гэтым складана не пагадзіцца. Сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці трэці ліцэй — прызнаны лідар па ўсіх паказчыках на працягу многіх гадоў. Да звання лепшай навучальную ўстанову разам з калектывам педагогаў-аднадумцаў прывёў дырэктар Канстанцін Міхайлавіч Грыгаровіч.

Кожная працоўная раніца Кан­станціна Міхайлавіча пачынаецца з ліцэйскага парога. Ён вітае навучэнцаў і педагогаў, якія спяшаюцца ў ліцэй, з кожным заўсёды пагутарыць, заахвоціць да плённай вучобы ці працы. А затым дырэктар з галавой акунаецца ў кіраўніцкія справы, многія з якіх патрабуюць неадкладнага вырашэння. Яго працоўны дзень распісаны літаральна па мінутах. І так ужо шмат гадоў. Калі больш дакладна — амаль 30.

Трыццаць гадоў плённай кіраў­ніцкай працы… Для Канстанціна Міхайлавіча Грыгаровіча гэты перыяд значыць вельмі многа, бо гэта час пастаяннай і мэтанакіраванай работы па арганізацыі якаснага навучання і выхавання дзяцей. Дарэчы, гэты высакакласны настаўнік і вопытны кіраўнік да педагогікі імкнуўся з таго часу, як стаў школьнікам.

— Таму што і тады, і зараз лічу прафесію настаўніка адной з самых значных, патрэбных, высакародных. У нашых руках — лёсы дзяцей, іх бацькоў. Мы наогул у адказе за ўсё грамадства, за тое, якім яно будзе, — упэўнена кажа Канстанцін Міхайлавіч.

Маючы цвёрды характар, сваіх мэт ён прывык дасягаць. Вось і тады, яшчэ школьнікам, мэтанакіравана ішоў да сваёй мары стаць настаўнікам. Адзнакі па школьных прадметах меў выдатныя, таму, выбраўшы для навучання цяперашні МДУ імя А.А.Куляшова, паступіў ва ўніверсітэт з лёгкасцю, а скончыў яго з дыпломам з адзнакай. Потым была праца ў якасці настаўніка, намесніка дырэктара спецыяльнага вучылішча для цяжкіх падлеткаў, дырэктара гарадской сярэдняй школы № 40. На ўсіх пасадах К.М.Грыгаровіч працаваў з поўнай самааддачай, што дапамагала ўстановам выходзіць на лідарскія пазіцыі, а іх вучням — дасягаць поспеху.

Такі падыход да працы не застаўся незаўважаным. У 90-я гады, калі ствараліся ўстановы адукацыі новага тыпу, менавіта К.М.Грыгаровіча запрасілі ўзначаліць абласны ліцэй № 3, які рыхтаваўся да адкрыцця. Рашэнне Канстанцін Міхайлавіч прыняў тады станоўчае і ні разу аб гэтым не пашкадаваў.

— Працаваць з нуля заўсёды цікава. А калі пад тваім кіраўніцтвам цудоўныя педагогі, якія падтрымліваюць усе пачынанні і навацыі, гэта цікавей удвая, — адзначае К.М.Грыгаровіч.

За амаль 30 гадоў кіравання ліцэем Канстанцін Міхайлавіч разам з калектывам аднадумцаў прывёў навучальную ўстанову да значных поспехаў. Сёння трэці абласны ліцэй — своеасаблівы вучэбна-даследчы і адукацыйна-культурны цэнтр у сістэме ўстаноў адукацыі Магілёўскай вобласці. На працягу шэрага гадоў установа з’яўляецца пераможцай адпаведнага абласнога працоўнага спаборніцтва. Галоўнае, на што тут робяць упор, — дасягненне паспяховасці кожнага вучня. Ліцэй арыен­таваны на работу з адоранымі дзецьмі, таму прынцыпы дзейнасці заснаваны на прымяненні асобаснага падыходу да ўсіх навучэнцаў. Пад кіраўніцтвам дырэктара педагагічны калектыў мэтанакіравана працуе над стварэннем умоў для самаразвіцця дзяцей, прыцягнення іх да творчай, навукова-даследчай работы, алімпіяднага руху.

Паколькі вывучэнне прадметаў у ліцэі вядзецца на павышаным узроўні, вялікая ўвага ўдзяляецца якасці адукацыі. Настаўнікі бесперапынна працуюць над удасканаленнем вучэбнага працэсу. Перыядычна ўстанова займаецца рэалізацыяй інавацыйных праектаў.

— Усе падлеткі, якія прыхо­дзяць на навучанне ў ліцэй, адораныя. Таму сваёй асноўнай мэтай мы бачым далейшае раскрыццё іх здольнасцей. Для гэтага кансалідаваны намаганні ўсіх настаўнікаў, і мы дасягаем добрых вынікаў у гэтым кірунку. На працягу многіх гадоў нашы вучні дэманст­руюць лепшыя паказчыкі ў вобласці ў алімпіядным руху і цэнтралізаваным тэсціраванні. Нашай сапраўднай гордасцю з’яўляюцца шматлікія перамогі ліцэістаў на міжнародных алімпіядах, а таксама звыш 200 навучэнцаў, якія сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. За высокія дасягненні ў падрыхтоўцы пераможцаў прадметных алімпіяд і інтэлектуальных конкурсаў наш калектыў у свой час быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі, — паведамляе Канстанцін Міхайлавіч.

Па яго словах, дасягаць такой выніковасці дазваляе адпаведны падыход да работы. Педагогі ліцэя імкнуцца акрыліць, падтрымаць кожнага вучня.

— Кожны педагог у ліцэі — прафесіянал. Прычым прафесіянал, які штодня праяўляе добрасумлен­насць і максімальную аддачу ў працы. Большая частка калектыву мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Усе нашы настаўнікі валодаюць сапраўдным талентам і любоўю да педагогікі, а боль­шасць з іх — своеасаблівыя перадавікі ў сістэме адукацыі, — адзначае К.М.Грыгаровіч.

Па меркаванні дырэктара, эфектыўнасць арганізацыі вучэбнага працэсу напрамую зале­жыць і ад таго, наколькі спрыяльныя ўзаемаадносіны паміж настаўнікамі і вучнямі. Таму ў ліцэі ў прыярытэце наяўнасць якаснага выхаваўчага і адукацыйнага асяроддзя. Тут склалася пэўная выхаваўчая сістэма, накіраваная на фарміраванне самадастатковай асобы вучня. Над яе рэалізацыяй працуе калектыў прафесійных класных кіраўнікоў і выхавальнікаў, актыўна далучаюцца да гэтай работы і настаўнікі.

— Разам мы змаглі дасяг­нуць стварэння ў ліцэі адукацыйнага асяроддзя з даволі высокай матыва­цыяй да вучобы. На навучанне да нас з’язджаюцца дзеці з розных куткоў вобласці. Усіх іх, розных і непадобных адно на аднаго, праз далучэнне да нашых традыцый мы імкнёмся аб’яднаць духам ліцэй­скага братэрства. Такі падыход да выхавання дазваляе нам да­сягаць фарміравання гарманічнай, рознабаковай асобы кожнага вучня. Усе нашы навучэнцы пасля выпуску пакідаюць летапіс свайго класа, дзе выказваюць словы любові да ліцэя і падзякі педагогам. Значна і тое, што былыя выпускнікі прыводзяць да нас на вучобу сваіх дзяцей. Гэта свед­чыць аб выключным даверы да нашай навучальнай установы, — падкрэслівае Канстанцін Міхайлавіч.

К.М.Грыгаровіч узнагароджаны шматлікімі граматамі мясцовых выканаўчых улад, Міністэрства адукацыі, медалём “За працоўныя заслугі”, мае званне “Выдатнік адукацыі”, з’яўляецца заслужаным работнікам адукацыі. За шматгадовую плённую дзейнасць у сістэме адукацыі яму аб’яўлена Падзяка прэзідэнта краіны.

Уласныя працоўныя дасягненні для К.М.Грыгаровіча важныя, але галоўны прыярытэт для яго — поспехі ліцэя, навучэнцаў і педагогаў. Канстанцін Міхайлавіч упэўнены: высокая ацэнка працы не нагода для таго, каб стаяць на месцы. У перспектыве ён мае намер працягваць уласнае прафесійнае ўдасканаленне, а таксама весці наперад сваю навучальную ўстанову.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.

Фота аўтара.