Насычаны дзень на Магілёўшчыне

Сінькевіч, Г. Насычаны дзень на Магілёўшчыне : [рэспубліканскі маладзёжны цягнік «Беларусь. Моладзь. Натхненне»] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 21 ліпеня. — С. 3.

Рэспубліканскі маладзёжны цягнік “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”, які стартаваў на “Славянскім базары ў Віцебску”, свой першы прыпынак зрабіў на Магілёўшчыне. Дзень 19 ліпеня стаў вельмі насычаным для ўдзельнікаў праекта. Юнакі і дзяўчаты не толькі падрабязна пазнаёміліся з горадам на Дняпры, але і наведалі Шклоўскі раён.

У Шклоў стылізаваны чыгуначны састаў прыбыў ранняй летняй раніцай. Мясцовая моладзь сустрэла ўдзельнікаў праекта флэш-мобам “Падзяліся натхненнем з намі!”. Знаёмства з гэтым кутком Магілёў­скай вобласці працягнулася адукацыйнай праграмай “Шклоўшчына вядомая і невядомая…”. Падчас аўтобуснай экскурсіі маладыя лю­дзі ўбачылі асноўныя славутасці райцэнтра, наведалі комплекс “Трафімава крыніца”, а таксама Александрыйскую сярэднюю школу, якую ў свой час скончыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Па прыбыцці ў Магілёў юнакоў і дзяўчат чакала не менш разнастайная праграма мерапрыемстваў. Знаёмства з горадам для іх пачалося з найбуйнейшай мясцовай установы вышэйшай адукацыі — МДУ імя А.А.Куляшова. Удзельнікі праекта прайшліся па ўніверсітэцкіх калідорах і наведалі Залу славы навучальнай установы. Асаблівую цікавасць у маладых людзей выклікала экспазіцыя, прысвечаная студэнцкім гадам прэзідэнта, для якога гэты ўніверсітэт — альма-матар.

У МДУ імя А.А.Куляшова для моладз­і была арганізавана сустрэча з прадстаўнікамі выканаўчай улады, кіраўнікамі грамадскіх аб’яднанняў БРСМ, БРПА, абласнога Савета ветэранаў, рэгіянальнымі аддзяленнямі Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага саюза жанчын, сацыяльна-культурным грамадскім аб’яднаннем “Спадчына”. Дыялог атрымаўся нязмушаным. Больш за тое, сустрэча была напоўнена пазітывам, душэўнасцю і цеплынёй.

— Наша моладзь заўсёды займала актыўную пазіцыю. І сёння важна, каб гэтая пазіцыя была канструктыўнай. Вы выхаваны на традыцыях, якія жывуць у вашых сем’ях, нашай краіне. Тое, што ў камандзе цягніка так многа таленавітай моладзі, сведчыць аб правільнасці гэтых падыходаў. Давайце паглядзім навокал, разумна ацэнім сітуацыю і будзем разам далей будаваць будучыню сучаснай Беларусі, рухацца наперад, — адзначыў у сваім звароце намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Думаю, дакрануўшыся да характарыстык, заліковак нашага прэзідэнта, вы атрымалі пэўны імпульс, стымул да развіцця і ўрок жыцця, які паказвае, што поспеху трэба дабівацца плённай працай, — падкрэсліў Валерый Анатольевіч.

Валерый Малашка пажадаў пасажырам цягніка ўсяго найлепшага і выказаў упэўне­насць, што Магілёўшчына абавязкова запомніцца моладзі прыгажосцю прыроды і прыязнымі людзьмі.

Менавіта такім, адкрытым, мэтанакіраваным, шчырым патрыётам сваёй малой ра­дзімы, убачылі прысутныя маладога настаўніка беларускай мовы і літаратуры Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Антона Лабаноўскага. Ён раскрыў моладзі свой сакрэт педагагічнай філасофіі.

— Я кожны вечар рыхтую планы-канспекты, новыя заданні. І гэтую працу параўноўваю з гатаваннем пірага для сваіх вучняў. Эксперыментую, змешваю, дабаўляю розныя інгрэдыенты, а потым прыношу гэты пірог раніцай у школу і раздаю яго кавалачкі дзецям. Хтосьці возьме і з’есць з апетытам, хтосьці толькі надкусіць, а некаторыя адмовяцца, апраўдаўшы гэта тым, што не любяць салодкага. “Гатаванне” гэтага “пірага” для мяне — натхненне, а вынік — паказчык таго, наколькі прафесія педагога — маё прызванне, — адзначыў настаўнік і пажадаў удзельнікам рэспубліканскага цягніка зрабіць усё неабходнае, каб знайсці сваё прызванне ў жыцці.

На думку дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргея Сыранкова, які зараз з’яўляецца кіраўніком рэспубліканскага цягніка “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”, беларуская моладзь вельмі кансалідаваная.

— Маладыя людзі ведаюць, як будаваць будучыню, і разумеюць важнасць грамадскіх працэсаў, што адбываюцца. Вельмі важна, што ў краіне шмат чаго робіцца ў плане прадастаўлення моладзі магчымасцей для самарэалізацыі, — расказаў Сяргей Аляксандравіч, пасля чаго падзяліўся асабістай формулай поспеху.

На асабістую адказнасць кожнага за ўсё, што адбываецца ў жыцці і краіне, звярнуў увагу прысутных член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці прарэктар па вучэбнай рабоце МДУ імя А.А.Куляшова Алег Дзячэнка. Ён адзна­чыў, што, дзякуючы падтрымцы дзяржавы, сёння тысячы беларускіх юнакоў і дзяўчат уцягнуты ў актыўную грамадскую дзейнасць, мэтанакіравана рэалізуюць свой творчы, навуковы, спартыўны патэнцыял.

Падчас адкрытага дыялогу моладзь задавала пытанні ганаровым гасцям, чытала вершы ўласнага сачынення, прысвечаныя роднай Беларусі. Напрыканцы сустрэчы ў падарунак дэлегацыям абласцей уручылі кнігі аб Прыдня­проўскім краі. А магілёўцы перадалі ў Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны скульптурную кампазіцыю “Змагарам за свабоду і незалежнасць Беларусі прысвячаецца”, зробленую навучэнцамі Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа.

Найважнейшае з мерапрыемстваў на Магілёўшчыне прайшло на мемарыяльным комп­лексе “Буйніцкае поле”. У год 75-годдзя Вялікай Перамогі немагчыма не аддаць даніну памяці загінуўшым героям. Буйніцкае поле — святое месца для ўсіх магілёўцаў. У 41-м тут ішлі цяжкія баі па абароне горада. Удзельнікі праекта ўсклалі кветкі да капліцы мемарыяла, ушанавалі подзвіг салдат і абаронцаў Магілёва хвілінай маўчання.

Далей моладзі прапанавалі паўдзельнічаць у рабоце тэматычных пляцовак. Кожны малады чалавек мог выбраць для сябе кірунак па інтарэсах. Тых, хто хацеў пагаварыць на тэму здаровага ладу жыцця і спорту, чакалі на пляцоўцы “Здароўе — гэта здорава!”. Аб праяўленні актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі можна было пагутарыць на пляцоўцы “Мала­досць. Актыўнасць. Поспех”. А тыя маладыя людзі, каму цікавая тэма Вялікай Айчыннай вайны, накіраваліся ў Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага, дзе размясцілася пляцоўка “Перамога, здабытая адзінствам”.

Гэтая навучальная ўстанова невыпадкова ўвайшла ў маршрут каманды рэспубліканскага маладзёжнага цягніка. Каледж знаходзіцца якраз у вёсцы Буйнічы. Некалькі гадоў назад на тэрыторыі ўстановы стварылі маштабную музейную экспазіцыю, аднавілі нямецкую лінію абароны. Сёння тут можна ўбачыць нямецкі ваенны дот, прайсці па сетцы акопаў, зазірнуць у зямлянку ці бліндаж, узняцца на назіральную вышку, паглядзець на нямецкую ваенную тэхніку: гарматы, танк і нават самалёт. Экспазіцыя, цалкам створаная сіламі педагогаў і навучэнцаў, стала толькі першай часткай маштабнага патрыятычнага праекта. Зараз яна актыўна папаўняецца новымі экспанатамі, якія будуць дэманстраваць наведвальнікам усю моц Чыр­вонай Арміі. Значна і тое, што, акрамя музея пад адкрытым небам, ва ўстанове стварылі музейны пакой, прысвечаны творчасці вядомага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава, біяграфія якога звязана з Буйніцкім полем.

Знаходжанне каманды рэспубліканскага маладзёжнага цягніка ў Магілёве было таксама напоўнена спартыўнымі і культурнымі мерапрыемствамі. Для іх быў арганізаваны водны фестываль, а таксама творчая праграма
“РаЗАм!”.

…Цікавым, насычаным, разнастайным — такім быў дзень, праведзены ўдзельнікамі праекта ў горадзе на Дняпры. Ужо глыбокім вечарам маладых людзей урачыста праводзілі ў далейшы шлях. Наперадзе іх чакае яшчэ шмат сустрэч і прыгод. Наступныя адбудуцца ў Гомелі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.