Прывітанне з Каліфорніі

Янковіч, М. Прывітанне з Каліфорніі : [вучань СШ № 18 г. Магілёва Я. Сцефанкоў] / Мар’я Янковіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 18 ліпеня. — С. 11. 

Праграмісты і дызайнеры з усяго свету штогод назіраюць за адной з самых маштабных ІТ-канферэнцый, дзе, напэўна, самая паспяховая ІТ-кампанія расказвае, якімі смартфоны, планшэты і камп’ютары будуць заўтра. У межах Worldwide Developers Conference кампанія Apple прадстаўляе навінкі тэхнікі, праграмнага забеспячэння і інструментаў для распрацоўшчыкаў.

Але нас найбольш цікавіць конкурс Swift Student Challenge, які праходзіць у межах канферэнцыі. Школьнікі і студэнты з усяго свету дэманструюць свае здольнасці, ствараючы праекты на мове праграмавання Swift. Сярод пераможцаў сёлетняга конкурсу — вучань сярэдняй школы № 18 Магілёва Яўген Сцефанкоў. Гэта ўжо другі значны поспех школьніка: крыху раней ён стаў фіналістам конкурсу “100 ідэй для Беларусі” з дадаткам для хуткага правядзення тэстаў на ўроках.

Мы пагаварылі з Яўгенам пра яго праекты, вывучэнне праграмавання і планы на будучыню.

Хуткія тэсты

На конкурсах камп’ютарных праграм і мабільных дадаткаў часта можна сустрэць праекты, якія дапамагаюць палепшыць школьнае асяроддзе. Праект Яўгена не выключэнне:

— Праверка ведаў займае і ў настаўніка, і ў класа шмат часу. З год назад я звярнуў увагу на тое, што вынікаў тэстаў даводзіцца чакаць вельмі доўга. Нават калі настаўнік хутка праверыць тэсты, даведацца адзнаку адразу не атрымаецца — прыйдзецца чакаць мінімум да наступнага ўрока, — пачаў свой аповед Яўген.

Школьнік даўно цікавіцца праграмаваннем, таму вырашыў падысці да праблемы як распрацоўшчык і перакласці праверку тэстаў на мабільны тэлефон, а дакладней, на дадатак на смартфоне настаўніка.

Вось як выглядае работа дадатку QuTest (скарачэнне ад quick test — хуткі тэст). Настаўнік дае вучням раздрукоўкі, якія нечым нагадваюць частку для адказаў у бланку цэнтралізаванага тэсціравання, — дзецям патрэбна проста замаляваць клетачкі з варыянтамі адказу, якія яны лі­чаць правільнымі. Калі вучні выканалі заданне і здалі работы, педагогу дастаткова навесці на бланк камеру смартфона з дадаткам, у які ўжо загружаны правільныя адказы. QuTest сам складзе табліцу з адзнакамі класа за тэст.

— У аснове дадатку — камп’ютарны зрок, — расказвае школьнік. — Ён знаходзіць у кадры бланк, разлічвае каардынаты кожнай клеткі, параўноўвае са сваімі данымі і вызначае, замалявана патрэбная клетачка ці не. Адбываецца ўсё за некалькі секунд.

Зручна, што ў QuTest настаўнік зможа не толькі ства­раць свае тэсты, але і выбіраць гатовыя з бібліятэкі. Так праверка ведаў стане сапраўды хуткай і не будзе патрабаваць шмат намаганняў.

— Школьнікам таксама зручна: можна зарэгістравацца ў дадатку як вучань і атрымаць доступ да вынікаў сваіх тэстаў. Такі карыстальнік будзе ведаць сваю адзнаку, як толькі настаўнік прасканіруе яго бланк.

На стварэнне дадатку Яўгену спатрэбілася два-тры месяцы летніх канікул:

— Першы прататып я стварыў у мінулым маі, каб пратэсціраваць камп’ютарны зрок у школе. Прататып паспрабавалі на практыцы падчас тэставага ўрока. Задаволенымі засталіся і вучні, і настаўнік.

А ўжо ў верасні з’явіўся сам дадатак для аперацыйнай сістэмы iOS. Па ўмовах сістэмы, пакуль Яўген непаўналетні, ён не можа апублікаваць сваю распрацоўку ў агульным доступе. Таму прыйдзецца пачакаць. З іншага боку, за гэты час школьнік можа дапрацаваць дадатак, каб настаўнікі маглі карыстацца ўдасканаленай версіяй.

А пакуль Яўген паспяхова прадстаўляе свой дадатак на конкурсах і канферэнцыях. Акрамя выступлення ў фінале конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, ён ужо стаў пераможцам стартап-форуму Mogilev Invest Day 2019, заняў другое месца ў адкрытым турніры па праграмаванні Coding Fest. Таксама Яўген стаў прызёрам міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку” ў расійскім Бранску.

— У лютым я прадставіў праект на Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе ў Санкт-Пецярбургу. Хоць я і не стаў пераможцам, але сам удзел у конкурсе такога ўзроўню — гэта незвычайны вопыт. З ліку яго пераможцаў адбіраюць будучых удзель­нікаў міжнароднай выставы навукі і інжынерыі Intel ISEF, прадстаўляць свой праект побач з імі — ужо дасягненне.

Магчыма, скарбонка поспехаў вучня хутка папоўніцца: Яўген чакае фіналу рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлект”.

— Я ўжо не першы год удзель­нічаю ў такіх конкурсах, маю пэўны вопыт, — расказвае хлопец. — Але кожнае выступленне патрабуе асобнай падрыхтоўкі. Прэзентацыя значна зале­жыць ад аўдыторыі і патрабаванняў конкурсу. Напрыклад, адно з самых запамінальных для мяне выступленняў — Mogilev Invest Day. У мяне было толькі 2—3 хвіліны на поўнае выступленне, неабходна было расказаць толькі самае галоўнае. Было вельмі важна хутка справіцца з хваляваннем. Здаецца, атрымалася!

Як расказаў Яўген, рыхтавацца да кожнага выступлення: ствараць прэзентацыю і тэкст кожнага выступлення, вучыць і рэпеціраваць прамову — яму дапамагае настаўніца інфарматыкі Таццяна Уладзіміраўна Акуленка.

Playground для конкурсу Apple

Пра конкурс кампаніі Apple Яўген даведаўся з год назад. Кампанія праводзіць яго для школьнікаў і студэнтаў, якія праграмуюць на мове Swift і жадаюць ствараць праграмы і дадаткі для камп’ютараў і смартфонаў Apple. Задача ўдзель­нікаў — стварыць playground, “гульнявую пляцоўку”. Гэта простае асяроддзе для гульні, якое ўдзельнік можа прыдумаць і стварыць на мове праграмавання Swift. Тэма вольная, таму кожны можа вы­браць нешта блізкае для сябе.

— Я вырашыў зрабіць сімуляцыю аэрапорта. Я сам цікаўлюся сімулятарамі авіяцыі, таму мне было цікава маляваць, як прылятаюць і адлятаюць самалёты, — расказаў пераможца.

Удзельнікі маюць два тыдні на тое, каб рэалізаваць і дас­лаць свой праект. Журы ацэньвае, з аднаго боку, крэатыўнасць ідэі, з другога — чысціню і якасць самога кода, а таксама інструкцыю для карыстальніка, якую аўтар “пляцоўкі” павінен скласці на англійскай мове.

— Верагоднасць перамогі я ацэньваў у 10%, — смяецца Яўген. — Але 16 чэрвеня прыйшло пісьмо з віншаваннямі і запрашэнне на канферэнцыю: я стаў адным з 350 пераможцаў з 41 краіны свету.

Звычайна пераможцы прылятаюць у Каліфорнію (ЗША), каб асабіста паўдзельнічаць у Worldwide Developers Conference, але ў гэтым годзе з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі прыйшлося абмежавацца анлайн-удзелам.

— На працягу канферэнцыі нас навучалі новым тэхналогіям Apple, напрыклад, дэманстравалі асаблівасці новай версіі Swift. Мы атрымалі бэта-версіі абноўленай аперацыйнай сістэмы.

Сімуляцыя аэрапорта — “гульнявая пляцоўка” Яўгена на Swift.

Хутка да Яўгена дайшлі і заслужаныя падарункі — эксклюзіўная куртка пераможцы і магніцікі з Каліфорніі, дзе марыць хаця б аднойчы пабываць кожны праграміст.

Але галоўны прыз школьніка — гэта год падпіскі на акаўнт распрацоўшчыка ў AppStore (для звычайнага праграміста ён каштуе 100$). Дзякуючы гэтаму, Яўген, як толькі ён дасягне паўналецця, будзе мець магчымасць выкласці свае распрацоўкі ў агульны доступ. Тады кожны жадаючы зможа загрузіць сабе, напрыклад, QuTest.

Будучыня за смартфонамі

QuTest i “гульнявая пляцоўка” для конкурсу — не першыя распрацоўкі Яўгена. Хлопец цікавіцца праграмаваннем з 6 класа, калі ў яго толькі пачалася інфарматыка як прадмет і з’явілася магчымасць запісацца на факультатыў па ім.

— Нас навучалі праграмаванню на Pascal ABC, а пасля мы перайшлі на C++, — расказаў школьнік. — Я доўга займаўся спартыўным праграмаваннем і ўдзельнічаў у алімпіядах. А пасля бацькі мне купілі камп’ютар з умовай, што я буду выкарыстоўваць яго для распрацоўкі. І я трымаю слова!

Так, яшчэ ў 8 класе Яўген стварыў сваю першую самастойную распрацоўку — электронны дзелавы блакнот, які дапамагае планаваць час. Менавіта з яго пачаліся эксперыменты школьніка з дадаткамі для смартфонаў. Зараз Яўген шукае ідэю для наступнага дадатку, які зможа завая­ваць папулярнасць у AppStore.

— Мне вельмі важна набрацца больш досведу, каб пазбягаць стандартных памылак, — тлумачыць хлопец. — Напрыклад, калі я рабіў мінулыя дадаткі, я не ўлічваў парады Apple, якія дапамагаюць зрабіць дадатак больш зручным для карыстальніка і больш падобным да іншых дадаткаў iOS. Таму зараз прыйдзецца добра дапрацоўваць гэтыя праекты.

Планы на будучыню ў Яўгена таксама дакладныя: у наступным годзе ён скончыць школу і збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, каб вывучаць праграмаванне мабільных сістэм і стаць распрацоўшчыкам мабільных дадаткаў.

— Гэта вельмі перспектыўны напрамак. Зараз усе выкарыстоўваюць смартфоны, камп’ю­тары ўключаюць пераважна дзеля працы.

Яўген упэўнены, што будучыня за смартфонамі, а мы пасля знаёмства з ім упэўнены, што будучыня за таленавітымі і мэтанакіраванымі!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва героя.