Тэатр-студыя “Радуга” — гэта цэлы свет!

Еўмянькова, Ю. Тэатр-студыя «Радуга» — гэта цэлы свет! : [40-гадовы юбілей узорнага эстраднага тэатра-студыі «Радуга»] / Юлія Еўмянькова // Настаўніцкая газета. — 2020. — 21 ліпеня. — С. 4.

Педагагічная сям’я Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага эстраднага тэатра-студыі “Радуга” чарговы раз выпускае сваіх выхаванцаў у дарослае жыццё. Адметна, што ў гэтым годзе калектыў святкуе 40-гадовы юбілей з даты заснавання. Тым больш памятным і эмацыянальным стала развітанне з дзецьмі, якія выраслі на вачах педагогаў, разам з імі перажылі шмат узлётаў і перамог, прайшлі доўгую дарогу асобаснага станаўлення і назаўсёды пасялілі ў сэрцы свой творчы дом.

 — У кожнага чалавека ёсць малая радзіма — месца, дзе ён нарадзіўся, вырас, зрабіў першыя крокі, — адзначае педагог дадатковай адукацыі, балетмайстар Людміла Міхайлаўна Смірнова. — Для нашых выпускнікоў такім месцам з’яўляецца ўзорная эстрадная тэатр-студыя “Радуга” Абласнога цэнтра творчасці. Тут іх вучаць любіць і тварыць, верыць у свае сілы, сябраваць, умець адрозніваць добрае ад дрэннага і проста быць шчаслівымі людзьмі.

Аб сваіх выпускніках і цяперашніх вучнях педагогі мо­гуць гаварыць гадзінамі. “Якія нашы дзеці? Самыя лепшыя і таленавітыя!” — не задумваючыся кажуць яны пра сваіх выхаванцаў, якіх навучалі з 5-6-гадовага ўзросту. Сапраўды, за гады працы адносіны “педагогі — вучні” даўно выйшлі за рамкі фармальных і перараслі ў цёплыя, сяброўскія і нават сямейныя.

— Мы дружныя і ў вольны ад рэпетыцый і выступленняў час збіраемся разам, ходзім гуляць, адзначаем святы і адпачываем, — кажа выпускніца Юлія Татарынава. — Калі мы працуем з дзецьмі, то ў першую чаргу вучым іх сябраваць, таму што без адчування таварыскага пляча нічога не атрымаецца. Мастацтва дапамагае пераадолець нябачныя бар’еры, з’яднаць дзяцей і навучыць іх узаемадапамозе — тым якасцям, якія абавязкова спатрэбяцца ім у далейшым жыцці. Больш за тое, універсальная мова танца і песні дапамагае яшчэ і правільна выхаваць дзяцей. Гаворка ідзе аб самастойнасці і самаарганізацыі. Мы вучым іх быць дысцыплінаванымі, адказнымі і ахайнымі. Так і атрымліваецца, што заняткі ў калектыве ахопліваюць усе бакі выхавання: эстэтычныя, этычныя, маральныя.

Праз пэўны час і дзеці, і бацькі, якіх педагогі жартаўліва называюць “другім складам” тэатра-студыі, выка­зваюць словы ўдзячнасці за такі комплексны падыход да выхавання і навучання. Дарэчы, асаблівую ўвагу варта ўдзяліць пераемнасці пакаленняў, бо “Радуга” — і ў прамым, і ў пераносным сэнсе — справа сямейная. У студыі займаюцца браты і сёстры, якіх, у сваю чаргу, сюды прывялі мамы і таты — былыя выхаванцы гэтага калектыву. Па словах Людмілы Міхайлаўны, “Радуга” настолькі зацягвае, што час, праве­дзены ў калектыве, дзеці не забываюць ніколі. На справаздачных канцэртах тэатра-студыі заўсёды можна ўбачыць выпускнікоў розных гадоў, якія спецыяльна прыязджаюць да сваіх педагогаў не толькі з розных гарадоў, але нават з розных краін. Ужо дарослыя і сталыя людзі з Амерыкі, Бельгіі, Германіі, Ізраіля, ААЭ і Расіі да гэтага часу сябруюць, тэлефануюць адно аднаму, спісваюцца і сустракаюцца.

Настасся Валер’еўна, мама выпускніка гэтага года Дзмітрыя Пералыгіна, упэўнена, што калектыў не толькі дапамог яе сыну творча раскрыцца і пера­адолець сарамлівасць. Ён падарыў яму многа яркіх уражанняў, надзейных сяброў і дапамог знайсці сваё сапраўднае прызванне. Гэтым летам Дзмітрый будзе паступаць на акцёрскае аддзяленне адной з расійскіх устаноў вышэйшай адукацыі.

— Калі ён толькі прыйшоў у “Радугу”, мы нават не думалі, што ён настолькі зможа раскрыць свой творчы патэнцыял, — адзначае суразмоўніца. — Сын займаўся вакалам і паралельна падвучыў харэаграфію. Калектыў зрабіў яго больш камунікабельным, самастойным і адкрытым.

У тэатры-студыі “Радуга” склалася развітая сістэма прафарыентацыі, бо кожнае дзіця — гэта творчы капітал, ад якога шмат у чым залежыць будучыня нашай краіны. Па словах педагогаў, якую б прафесію іх выхаванцы ні выб­ралі,  яны заўсёды будуць падыходзіць да сваёй справы творча і з вялікай аддачай. Аднак калі яны ўсё ж вырашаць працягнуць свой творчы шлях і звязаць яго з прафесійнай сферай, узровень падрыхтоўкі ў тэатры-студыі дазволіць ім паступіць у любую ўстанову адукацыі з харэаграфічнымі і вакальнымі аддзяленнямі. Так, выпускнікі “Радугі” ў свой час сталі студэнтамі Мінскага інстытута культуры, Расійскага ўніверсітэта тэатральнага мастацтва, Санкт-Пецярбургскага інстытута тэатра музыкі і кіно, Усерасійскага дзяржаўнага ўніверсітэта кінематаграфіі імя С.А.Герасімава і многіх іншых.

— Сучаснаму грамадству патрэбны адукаваныя, прадпрымальныя людзі, якія шануюць і паважаюць сваю культуру, ведаюць гісторыю свайго народа, могуць самастойна прымаць адказныя рашэнні, адрозніваюцца мабільнасцю і дынамізмам, — упэўнены педагогі “Радугі”. — Тэатр-студыя культывуе гэтыя рысы характару ў сваіх навучэнцах, дапамагае ім адкрыта выказваць сваё меркаванне і адстойваць сваю пазіцыю. Так фарміруецца ўласная значнасць і самаацэнка. Маладыя людзі знаёмяцца з гісторыяй, побытам і нацыянальнай культурай, далучаюцца да духоўнай спадчыны Беларусі. І гэты найкаштоўнейшы культурны здабытак яны транслююць са сцэны, вучаць сваіх аднагодкаў любіць і берагчы сваю краіну.

— Мы памятаем усе свае перажыванні, звязаныя са сцэнай, — галоўным чынам радасць і гордасць за сябе і сваіх выкладчыкаў у хвіліны чарговых перамог, а таксама вялікую падзяку сваім педагогам за магчымасць да­рыць людзям радасць. Мы абедзве збіраемся звязаць сваю будучую прафесію з эканомікай, аднак пакідаць творчасць не плануем. Сёння ёсць шмат варыянтаў развівацца ў гэтым кірунку, напрыклад выступаць у складзе ўніверсітэцкіх калектываў або выкладаць у гуртках, секцыях і прыватных школах, — адзначаюць выпускніцы Юлія Татарынава і Улада Шумская.

На сённяшні дзень у тэатры-студыі займаюцца больш як 650 дзяцей па некалькіх кірунках: вакальным, харэаграфічным і брэйк-дансе. З імі працуюць 18 вопытных педагогаў. У 2020 годзе тэатру-студыі “Радуга” споўніцца 40 гадоў. На працягу ўсяго гэтага часу ня­зменным мастацкім кіраўніком калектыву з’яўляецца энергічны і творчы педагог, Выдатнік асветы СССР, уладальнік медаля “За працоўныя заслугі” Нінэль Мікалаеўна Бардунова. Дзякуючы свайму таленту і працавітасці, яна змагла ператварыць магілёўскі калектыў у сапраўдную кузню прафесійнага май­стэрства, якая многім дала пуцёўку на вялікую эстраду. У ліку яе выпускнікоў — заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева і Ірына Дарафеева, артыстка беларускай эстрады Наталля Кудрына (VENERA), бэк-вакалістка Алены Ваенгі Ганна Мушак, артыстка расійскай эстрады Наталля Адзінцова (TASHA ODI) і многія іншыя.

На рахунку Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага эстраднага тэатра-студыі “Радуга” — узнагароды, дыпломы і прызавыя месцы на больш як 30 прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях і конкурсах, такіх як міжнародны фестываль-конкурс “Творчасць без меж”, рэспублікан­скі творчы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”, рэспубліканскі конкурс “Юныя таленты Беларусі”, Маскоўскі міжнародны конкурс харэаграфічнага мастацтва “Танцуй, пакуль малады!”, Маскоўскі міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай і юнацкай мастацкай творчасці “Адкрытая Еўропа — адкрытая планета”, II Міжнародны конкурс мастацтваў “ART motion” і г.д. І гэта не мяжа: усё самае лепшае і цікавае ў гэтага незвычайнага і яркага калектыву яшчэ наперадзе, упэўнены выхаванцы і педагогі.

Юлія ЕЎМЯНЬКОВА.
Фота з уласнага архіва тэатра-студыі “Радуга”.