Сінькевіч, Г. Захопленая працай : [настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 3 Магілёва В. Дуплеўская] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 15 верасня. — С. 4.
Калі нешта робіш, то трэба рабіць гэта добра. Такім прынцыпам кіруецца ў сваім жыцці і педагагічнай дзейнасці настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 3 Магілёва Вольга Дуплеўская. За якую б справу яна ні ўзялася, выкладваецца заўсёды ў поўнай меры сваіх магчымасцей.
У педагогіку Вольга Валер’еўна прыйшла свядома. Іншага шляху для сябе не бачыла, бо з гэтай прафесіяй знаёма з дзяцінства.
— Мой тата Валерый Афанасьевіч Ізюраў — педагог дадатковай адукацыі. Больш за сорак гадоў ён штодня прысвячае сябе дзецям. Мае нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”. Гледзячы на яго адданасць працы, таксама хацелася стаць настаўнікам. Гэтае імкненне ператварылася ў цвёрдае рашэнне пасля паступлення на вучобу ў Магілёўскі абласны ліцэй № 1. Менавіта гэтая падзея канчаткова арыентавала мяне на настаўніцкі шлях. Я вучылася ў філалагічным класе ў цудоўнага педагога заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь Людмілы Васільеўны Паповай. Пасля яе ўрокаў выразна для сябе вызначыла — буду настаўнікам. Прычым настаўнікам-філолагам, хоць крыху падобным на Людмілу Васільеўну. І так вырашыла не толькі я адна. Больш за палову класа працягнулі вучобу на філалагічным факультэце МДУ імя А.А.Куляшова, — расказала В.В.Дуплеўская.
Вучобу ва ўніверсітэце Вольга Валер’еўна ўспамінае з цеплынёй, бо для яе гэта быў залаты час, вельмі шчаслівыя гады. Цікавыя практыкі, фальклорныя экспедыцыі, работа выхавальнікам у аздараўленчых летніках… Студэнцтва В.В.Дуплеўскай было вельмі актыўным. Але вучоба заставалася на першым плане. Скончыўшы школу з залатым медалём, у УВА яна імкнулася да такога ж выніку. Азы настаўніцкай прафесіі асвойвала з лёгкасцю, бо дапамагалі ў гэтым выдатныя выкладчыкі: Вольга Уладзіміраўна Мартынава, Людміла Васільеўна Шабалдзіна і інш.
— Я ніколі не сумнявалася ў тым, што буду працаваць у школе. Ніякага плана “Б” у мяне ніколі не было. Я не расчаравалася ў прафесіі і цяпер, ніколі не хацела нешта змяніць і пайсці ў іншым кірунку. У гімназіі адчуваю сябе на сваім месцы. А ад працы з дзецьмі атрымліваю сапраўднае задавальненне, — расказала Вольга Валер’еўна.
Дарэчы, у 3-й магілёўскай гімназіі В.В.Дуплеўская працуе ўжо дваццаты год. У свой час яна трапіла сюды па размеркаванні. У калектыў улілася хутка, хоць і былі пэўныя цяжкасці.
— Спачатку крыху хвалявалася. У нашай навучальнай установы вялікая гісторыя, яна прэстыжная і папулярная сярод дзяцей і бацькоў. Перажывала: ці буду я як настаўнік адпавядаць. Але мне дапамог педагагічны калектыў. Ён у нас унікальны. Мяне вельмі цёпла прынялі. Ніколі не адчувала сябе ў гімназіі чужой, — адзначыла В.В.Дуплеўская.
Акрамя падтрымкі з боку калег, прафесійнаму росту гэтай настаўніцы спрыяла і асабістае імкненне. Прынцып рабіць усё на выдатна Вольга Валер’еўна захавала ў працоўнай дзейнасці. Такім падыходам да справы яна кіруецца і зараз, стаўшы ўжо даволі вопытным настаўнікам.
— Калі бярэшся за нешта, рабіць гэта трэба якасна і добрасумленна. Толькі такім чынам атрымаецца дасягнуць выніку, — упэўнена суразмоўніца.
І ў яе гэта атрымліваецца. Любую справу Вольга Валер’еўна выконвае з поўнай самааддачай. Яе ўрокі — гэта эфектыўна-пазітыўнае, эмацыянальна яркае дзеянне, пабудаванае на прынцыпе: “умець захапіць, паважаць і ўсміхацца”.
— Урок павінен быць пражыты, а не адбыты. Вельмі важна таксама ствараць сітуацыю поспеху для дзяцей. Настаўніку пахваліць няцяжка, а для вучня гэтыя словы многа значаць. Наогул, да кожнага навучэнца трэба шукаць свой падыход, свой ключык. Камандаваць дзецьмі нельга. З імі неабходна быць на адной хвалі і толькі сябраваць. З вучнямі я заўсёды выбудоўваю добразычлівыя ўзаемаадносіны. Імкнуся быць з імі на роўных, але з правільнай дыстанцыяй. Калі я была яшчэ пачынаючым педагогам, недзе пачула выказванне аб тым, што ў дзіцячага доктара заўсёды павінны быць цёплыя рукі, інакш ён да дзіцяці падысці не мае права. І ў мяне заўсёды нейкая аналогія: як доктар з цёплымі рукамі павінен ісці да дзіцяці, так настаўнік — з цёплым сэрцам. Гэта гучыць крыху пафасна, але без гэтага ніяк. Толькі так можна знайсці агульную мову з вучнямі, а гэта — адна з асноў паспяховага навучання, — пераканана В.В.Дуплеўская.
На яе думку, школа абавязана выхаваць развітую, адукаваную асобу, здольную арыентавацца ва ўмовах сучаснага свету. Кіруючыся гэтым перакананнем, яна праводзіць кожны свой урок. Заняткі накіраваны на тое, каб зацікавіць навучэнцаў, абудзіць у іх творчую актыўнасць, натхніць на самастойны пошук ведаў.
На ўроках Вольгі Валер’еўны дзеці сапраўды працуюць, думаюць, параўноўваюць, аналізуюць. Яны не атрымліваюць гатовую інфармацыю, а самі фармулююць важныя думкі, робяць высновы. Вядома, заняткі па мове і заняткі па літаратуры ў настаўніцы адрозніваюцца па выкладчыцкім стылі.
Урокі рускай мовы В.В.Дуплеўская заўсёды будуе па загадзя вызначанай схеме. Прычым у асноўным выкарыстоўвае традыцыйныя методыкі.
— У мяне ў класе ніколі не было камп’ютара. Так, я часам прымяняю ІКТ, але ўпэўнена, што ключавая фігура на ўроку — гэта педагог. Настаўніцкае слова нічога не можа замяніць. Яно больш гучнае, яркае. Мой асноўны педагагічны інструмент падчас урока — крэйда. Без яе сапраўды ніяк, а без камп’ютара можна абысціся, — лічыць Вольга Валер’еўна.
А вось урокі літаратуры для гэтай неардынарнай настаўніцы — шырокая прастора для творчасці.
— Літаратура — гэта падстава, каб пагаварыць аб сённяшнім жыцці і аб самім чалавеку. Мы пачынаем з літаратуры. А потым вучань бачыць, што праз літаратуру можна спазнаць сябе. Як кажуць,ты адкрываеш кнігу, а яна адкрывае цябе. Дзецям заўсёды цікава пазнаваць сябе. Кніга ў гэтым — галоўны памочнік, бо там задаюць важныя жыццёвыя пытанні і дзіця спрабуе на іх адказаць, — падкрэсліла В.В.Дуплеўская.
Па гэтай прычыне Вольга Валер’еўна рознымі спосабамі імкнецца далучаць дзяцей да чытання. У сучасных рэаліях гэта не так проста, бо лічбавыя тэхналогіі ўжо ўсюды вакол нас.
— Некаторыя дзеці адразу кажуць, што не чытаюць. І гэта зразумела, бо падрастаючае пакаленне прывыкла атрымліваць інфармацыю хутка і ў сціснутым выглядзе праз інтэрнэт. А літаратура — гэта зусім іншае. Мая галоўная педагагічная задача — паказаць вучням альтэрнатыўны свет друкаванага слова, далучыць іх да чытання. Вялікую ролю ў гэтай справе адыгрывае ўласны прыклад, — расказала В.В.Дуплеўская.
Свае заняткі Вольга Валер’еўна арганізуе па-рознаму. Часта выкарыстоўвае гульнявыя тэхналогіі, элементы праблемнага навучання, метад праектаў, тэхналогію “роўны вучыць роўнага”. Але яе ўрокі — гэта заўсёды дыялог з дыферэнцыраваным падыходам. Усе вучні для В.В.Дуплеўскай унікальныя. Яна шукае іх моцныя бакі, іх таленты, якія накіроўвае ў патрэбнае рэчышча. Педагог стараецца, каб кожная разабраная тэма знайшла водгук у душы вучняў. Для гэтай настаўніцы вельмі важна, каб гімназісты ішлі з урока з абсалютным разуменнем, што яны ўсё змогуць і ў іх усё атрымаецца.
Такім жа прынцыпам яна кіруецца і ў рабоце з адоранымі дзецьмі. Вольга Валер’еўна пераканана: матывацыя — важны фактар на шляху да вучэбных поспехаў, але пачынаецца ўсё з цікавасці, з захаплення прадметам. Задача педагога — убачыць гэтую цікавасць у вачах дзіцяці і развіваць яго здольнасці.
Настаўніца выбудавала выразную сістэму работы з таленавітымі навучэнцамі. Некалі яна сама была ўдзельніцай і нават станавілася пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Цяпер ужо ўласных вучняў В.В.Дуплеўская рыхтуе методыкамі, па якіх у свой час займалася са сваёй настаўніцай — Людмілай Васільеўнай Паповай. Гэтыя напрацоўкі і зараз даказваюць сваю эфектыўнасць. Вучні Вольгі Валер’еўны паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах і інтэлектуальных конкурсах. Перыядычна яны становяцца пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.
Шмат увагі Вольга Валер’еўна ўдзяляе пазакласнай рабоце з дзецьмі. Яна заўсёды знаходзіць час для сваіх выхаванцаў, заўсёды гатова сустрэцца з імі пасля ўрокаў. В.В.Дуплеўская ўмее выслухаць і пачуць кожнага навучэнца, дапамагчы не толькі з вучобай, але і даць параду ў вырашэнні нейкіх асабістых праблем.
— Сёлета мае чарговыя выхаванцы выпусціліся ў дарослае жыццё. Разам мы наведвалі культурныя мерапрыемствы, шмат падарожнічалі. Аб’ехалі амаль усю Беларусь. Мне вельмі прыемна, што некаторыя выпускнікі вырашылі звязаць сваё жыццё з філалогіяй, — адзначыла Вольга Валер’еўна.
…В.В.Дуплеўская літаральна жыве педагогікай. І яе плённая праца не застаецца незаўважанай. Яна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі і дыпломамі мясцовых выканаўчых улад. Яе адданасць прафесіі цэняць вучні, іх бацькі, калегі-настаўнікі.
— Сапраўдны прафесіянал сваёй справы і вельмі неабыякавы настаўнік, на ўроках якога заўсёды пануе атмасфера добразычлівасці і ўзаемаразумення. Вольга Валер’еўна неверагодна творчы педагог, які ўспрымае настаўніцкую працу як сваё жыццёвае прызначэнне, — так характарызуе В.В.Дуплеўскую дырэктар гімназіі Міхаіл Анатольевіч Якубук, і з ім салідарны ўвесь педагагічны калектыў навучальнай установы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.