Форум моладзі

Сінькевіч, Г. Форум моладзі : [у Магілёве прайшоў маладзёжны форум «Беларусь — гэта мы!»] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 29 верасня. — С. 3.

Актыўную моладзь з усіх раёнаў Магілёўшчыны аб’яднаў маладзёжны форум “Беларусь — гэта мы!”.

Старт форуму дала работа маладзёжных пляцовак, дзе былі прадстаўлены асноўныя кірункі дзейнасці Саюза моладзі. На шматлікіх платформах можна было даведацца пра развіццё студатрадаўскага, валанцёрскага руху БРСМ, паўдзельнічаць у майстар-класах і дабрачынных акцыях, азнаёміцца з інавацыйнымі праектамі рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” ці прадставіць да ўдзелу ў гэтым праекце сваю ідэю. Адметна, што выказацца маладыя людзі маглі і аб стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Свае прапановы і пажаданні моладзь пакідала ў спецыяльнай скарбонцы. Акрамя таго, на ўсіх платформах кожны жадаючы мог сканіраваць qr-код і прайсці на Google-форму, дзе напісаць прапановы і ініцыятывы па развіцці нашай краіны.

Цэнтральным мерапрыемствам форуму стаў адкрыты дыялог, удзельнікамі якога былі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Масяйкоў, старшыня Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Ягор Макарэвіч, першы сакратар Магілёўскага абкама БРСМ Уладзімір Паўлоўскі.

— Серыя форумаў, якія стартуюць у Магілёве, накіравана на тое, каб даць мола­дзі магчымасць выказацца. Каб моладзь сказала: якой яна бачыць Беларусь у будучыні, якой наша краіна павінна быць і што неабходна зрабіць для гэтага. Што неабходна сёння рабіць у арганізацыі дзяржаўнай мала­дзёжнай палітыкі, што, магчыма, неабходна змяніць? Мы сёння ўсе гаворым пра перамены. Але перамены павінны ісці праз дыялог, цывілізаваным шляхам. Трэба прапаноўваць канкрэтныя ініцыятывы і спосабы іх рэалізацыі. Самыя лепшыя маладзёжныя прапановы бу­дуць агучаны кіраўніцтву дзяржавы, — расказаў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк.

— Моладзь Беларусі ніхто не ў праве дзяліць. Моладзь розная, у яе розныя погляды і меркаванні, але гэта наша моладзь, моладзь нашай дзяржавы. Мы павінны яе бачыць і чуць. Форум закліканы аб’яднаць маладых людзей. У тым ліку даць магчымасць выказаць свае прапановы па бачанні Беларусі будучыні. Гэта як ніколі важна. Мы павінны сфарміраваць прапановы па канстытуцыйнай рэформе, выказацца пра тое, якім бачым развіццё краіны ў доўгатэрміновай перспектыве. Мы сёння прапануем канкрэтныя ініцыятывы па будучай пяцігодцы. Упэўнены, што Беларусь будучыні — гэта краіна, у якой сябе камфортна адчувае малады чалавек, гэта перадавая краіна, якая развіваецца інавацыйнымі тэмпамі. Ідэі ў гэтым кірунку розныя, але ўсе яны тычацца паляпшэння жыцця розных катэгорый моладзі на сяле, у райцэнтрах і ў буйных гарадах, — паведаміў старшыня Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Ягор Макарэвіч.

У ходзе адкрытага дыялогу былі ўзняты пытанні аб рабоце моладзі ў студэнцкіх атрадах, валанцёрскім руху, прагучалі ініцыятывы аб унясенні змяненняў у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. У прыватнасці, гучалі прапановы аб унясенні дапаўненняў у Закон аб дзяржаўнай сімволіцы, дазволе яе выкарыстання ў прыватнай прасторы. Агучана была і ідэя аб тым, каб зрабіць адкрытыя дыялогі больш маштабнымі, з удзелам, магчыма, і прэзідэнта, каб у моладзі была магчымасць пачуць адказы на свае пытанні ад першых асоб дзяржавы. Удзельнікі форуму таксама разважалі аб мэтазгоднасці стварэння дзяржаўнага органа па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.

— На сённяшні дзень, напэўна, неабходны такі дзяржаўны орган, дзе б была ўласная моцная навукова-­метадалагічная база, у якой будуць вызначаны асноўныя базісы па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Больш прадметна варта прапрацаваць і асобныя напрамкі: падтрымку адоранай моладзі, маладых спецыялістаў, маладых сем’яў і гэтак далей, — адзначыў Дзмітрый Варанюк.

Падчас канструктыўнай гутаркі былі ўзняты розныя пытанні, якія хвалююць сучасную моладзь. Завяршыўся форум яркай канцэртнай праграмай “Беларусь — гэта мы!”. Падобныя сустрэчы моладзі ў найбліжэйшы час пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.