Культурна-гістарычная спадчына — тое, што нас аб’ядноўвае

Зігуля, Н. Культурна-гістарычная спадчына — тое, што нас аб’ядноўвае : [настаўніца гісторыі СШ № 34 Г. Н. Бяляева] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2020. — 2 кастрычніка. — С. 17. — Мясцовае самакіраванне.

У гэтым пераканана Галіна БЯЛЯЕВА, завуч школы № 34 г. Маплёва. На Форуме рэгiёнаў Беларусi i Расii яна назвала тыя кірункі, па якіх ужо вядзецца супрацоўшцтва, i прапанавала новыя формы ўзаемадзеяння.

— Агульныя помнікі гісторыі, культуры і архітэктуры патрабуюць ад нас больш цеснага супрацоўніцтва. Прыкладам таго, як гэта важна і карысна, можна назваць стварэнне мультымедыйнай карты «Абарона Магілёва: 23 гераічныя дні». Гэта было зроблена пасля таго, як з’явіўся расійскі электронны рэсурс «Пераможцы, салдаты Вялікай вайны». Праект грандыёзны, цікавы, актуальны, але мы звярнулі ўвагу, што ў расійскай распрацоўцы падзеі на тэрыторыі Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны паказаны фрагментарна. Наша інтэрактыўная карта дазваляе прасачыць па днях прасоўванне нямецка-фашысцкіх войскаў па тэрыторыі Беларусі ў чэрвені-ліпені 1941-га і зразумець значнасць абароны Дняпроўскага рубяжа ў кантэксце Вялікай Айчыннай вайны. Сёння гэты электронны рэсурс выкарыстоўваецца ў навучальных установах Магілёўскай вобласці на факультатыўных занятках і ўроках гісторыі Беларусі, і мы гатовыя падзяліцца ім з расіянамі.

Яшчэ адзін прыклад таго, як мы шануем нашу агульную гісторыю, — гэта ўстаноўка магілёўскімі дэпутатамі памятнага знака на адным з рубяжоў гераічнай абароны Магілёва. Там разам з беларусамі ў першыя дні вайны насмерць стаялі байцы 110-й і 172-й тульскіх стралковых дывізій. Абарона Магілёва доўжылася 23 дні, і нямецкія танкі на гэтым участку так і не прайшлі. Беларусы памятаюць пра гэты подзвіг, нездарма Магілёў і Тула з’яўляюцца сёння гарадамі-пабрацімамі. Паміж сярэдняй школай № 34 Магілёва і Цэнтрам адукацыі № 40 Тулы вялося плённае супрацоўніцтва, мы абменьваліся меркаваннямі, праводзілі сумесныя педсаветы і навукова-практычныя канферэнцыі. Дзякуючы сувязям з установамі адукацыі Тулы і Масквы атрымалася аднавіць падрабязнасці подзвігаў старшага сяржанта артылерыі Мікалая Сірацініна ў ліпені 41-га пад Крычавам і разведчыка Івана Балуева ў кастрычніку 42-га ў Бялыніцкім раёне.

Было б карысна аб’яднацца для арганізацыі і правядзення сумесных дзіцяча-юнацкіх паходаў па мясцінах баявой славы, правядзення сумесных маладзёжных з’ездаў па адраджэнні і захаванні агульнай беларуска-расійскай спадчыны, аднаўлення агульных помнікаў гісторыі і культуры прыгранічных раёнаў Смаленскай, Бранскай, Магілёўскай абласцей. Плённаму супрацоўніцтву вельмі будзе спрыяць наданне роўных магчымасцяў у рабоце з фондамі архіваў і музеяў грамадзянам Беларусі і Расіі, а таксама папулярызацыя тэматычных манаграфій.

Нэлі З!ГУЛЯ.