Мітрапаліт Алма-Ацінскі і Казахстанскі Іосіф нарадзіўся ў Магілёве

Шычко, С. Мітрапаліт Алма-Ацінскі і Казахстанскі Іосіф нарадзіўся ў Магілёве / Сяргей Шычко // Беларусь.Belarus. — 2020. — № 9. — С. 38—39.

Магчыма, і сённяшнія пакаленні беларусаў ці казахаў, увогуле жыхароў постсавецкіх краін, памятаюць фразу, якую сказаў адзінзправаслаўных святароў: «Юрый Гагарын у космас лятаў і Бога не бачыў… А Бог яго бачыў! I блаславіў!..» Гэта адбылося на службе ў праваслаўнай царкве, а словы належаць архіепіскапу Іосіфу (Чернову Івану Міхайлавічу). Такое вось судакрананне веры і новых касмічных прастораў…

Мітрапаліт Іосіф — наш зямляк. Нарадзіўся ў чэрвені 1893 года ў Магілёве, у сям’і вайскоўца звыштэрміновай службы. Бацька па веравызначэнні належаў да старавераў. Быў хрышчоны ў палкавым храме, які, зразумела, знаходзіўся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага Сінода. Вось што ўспамінаў святар пра сваё дзяцінства: «Я — сын роты, сын салдата. 3 рук на рукі, з рук на рукі. Ванюшка ды Ванюшка, Ваня ды Ваня. I ўсе афіцэры мяне ведалі. I камандзір палка мяне ведаў і падарункі мне заўсёды прывозіў у роту, калі прыязджаў наведваць яе…»

У 1910 годзе Іван паступіўу Бялыніцкі Раства-Багародзіцкі манастыр Магілёўскай епархіі. Быў келейнікам намесніка манастыра, архімандрыта (будучага епіс-капа) Арсенія (Смалянца). А ў 1912 годзе стаў яго іпадыяканам. У 1912-1917 гг. Іван Чарноў — паслушнік Цвярскога Успенскага манастыра. У 1918 г. быў пастрыжаны ў манаства епіскапам Арсеніем (Смалянцом). 3 1919 года — іерадыякан, з 1920 года — іераманах.

Служыў наш зямляк і ў Нікольскім храме Таганрога. Выступаў супраць абнаўленчага руху. У 1924 годзе ўзведзены ў сан ігумена.

Праз год Іосіф Чарноў быў арыштаваны, асуджаны да двух гадоў пазбаўлення свабоды. Знаходзіўся ў заключэнні ў вобласці Комі — у Кол-Ёле. Пасля вярнуўся ў Таганрог. 3 1927 года — архімандрыт, быў эканомам архіерэйскага дома. 27 лістапада 1932 года святар быў хіратанісан ў епіскапа Таганрогскага, вікарыя Растоўскай епархіі. Чын хіратаніі ў Растоўскім кафедральным саборы здзейснілі архіепіскапы Дзмітраўскі Піцірым (Крылоў), кіраўнік справамі Свяцейшага Сінода, Растоўскі Нікалай (Амасійскі), Табольскі Назарый (Бліноў) і архіепіскап Аляксандр (Белазёр). З 16 лютага 1933 года новы епіскап кіраваў Данской і Навачаркаскай епархіяй.

У 1935 годзе — новы арышт. Асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі — па абвінавачванні ў «антысавецкай агітацыі». У заключэнні наш зямляк на гэты раз знаходзіўся ў Комі АССР — Ухта-Іжэмскім лагеры. Роўна праз пяць гадоў Чарнова вызвалілі… Святар вярнуўся ў Таганрог. Пасля быў выселены ў Азоў.

У гэты перыяд ураджэнец Магілёва прымаў удзел у дзейнасці нелегальнай грамады вернікаў «Белы дом», службу вёў патаемна. Такі быў час… Ладзіў свяшчэнніцкія хіратоніі, манаскія пострыгі. Калі нямецка-фашысцкія захопнікі прыйшлі ў Таганрог, святар узнавіў службу ў якасці епіскапа Таганрогская — са жніўня 1942 г. I хоць няпроста было пярэчыць гітлераўцам, Іосіф Чарноў адмовіўся ўдзельнічаць у прапагандысцкіх акцыях нацыстаў. А прапановы і даручэнні ішлі самыя розныя. I каб у нечым адмовіць гаспадарам «новага парадку», патрэбны былі надзвычайныя мужнасць і смеласць. Патрабавалі не ўспамінаць у час службы і мітрапаліта Сергія (Страгародскага), што таксама не было выканана. Мітрапаліт жа Сергій якраз восенню 1943 годзе быў абраны на Свяцейшым Сінодзе Патрыярхам. Іосіф Сталін, савецкі ўрад у складаных ваенных умовах узялі курс на адраджэнне праваслаўнай царквы… З гэтым працэсам праваслаўны люд Савецкай краіны атаясамляў і перамогу ў барацьбе з нямецкім фашызмам… У кастрычніку 1943 года І. Чарноў прыбыў у горад Умань. А 6 лістапада 1943 г. гестапаўцы арыштавалі святара. Абвінавацілі ў тым, што ён «…прысланы мітрапалітам Сергіем для работы на акупаванай тэрыторыі на карысць СССР». Акрамя таго, гітлераўцы выказалі падазрэнне ў тым, што Чарноў працуе на… англійскую разведку. Што ж, тут яны мала чым адрозніваліся ад сталінскай рэпрэсіўнай машыны. Не дзіва, калі 6 яны абвінавацілі святара, напрыклад, у працы на амерыканскую разведку альбо на якую іншую… Напрыклад, на японскую. Вызвалілі Іосіфа Чарнова 12 студзеня 1944 года.

Як толькі Чырвоная Армія прыйшла ў горад Умань, святар адправіўся ў Маскву для сустрэчы з Патрыярхам Сергіем. Але па дарозе быў арыштаваны ў Кіеве 4 чэрвеня 1944 г. Утрымлівалі нашага земляка ў Бутырскім астрозе у Маскве, пасля перавялі ў Растоў-на-Доне. У лютым асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі…

Патрапіў епіскап Таганрогскі ў Чалябінскі лагер асобага прызначэння. А з 1948 года быў пераведзены ў пасёлак Спаск Карагандзінскага лагера. Працаваў на будаўніцтве цагельні, быў санітарам. 3 1954 года знаходзіўся ў высылцы ў пасёлку Ак-Кудук Чкалаўскага раёна Какчэтаўскай вобласці. I, нягледзячы на сталы ўзрост, святар быў вымушаны працаваць вадавозам. А ў 1956 годзе прыйшло вызваленне, якога ўжо не чакаў наш зямляк…

Ён застаўся ў Казахстане. Служыў ў Міхаіла-Архангельскім храме Какчэтава. У хуткім часе прыйшло да святара яшчэ адно звание — ганаровы настаяцель Петрапаўлаўскага храма. У тым самым годзе I. Чарноў наведаў Маскву, Троіца-Сергіеву Лаўру, Таганрог і, канешне ж, родны Магілёў. Захаваліся сведчанні пра сустрэчу з епіскапам у адным з храмаў роднага горада: «… увесь горад прыйшоў паглядзець і памаліцца…»

3 25 лістапада 1956 года наш зямляк — епіскап Петрапаўлаўскі, вікарый Алма-Ацінскай епархіі. Меней як праз год, з 14 сакавіка 1957 года, епіскап Петрапаўлаўскі і Кустанайскі. У 1958 годзе святара ўзвялі ў сан архіепіскапа. 3 28 верасня 1960 года ён — архіепіскап Алма-Ацінскі і Казахстанскі. У гэты час была зліквідавана Петрапаўлаўская епархія, а яе прыходы перадалі ў Алма-Ацінскую… З 25 лютага 1968 года новы сан у Чарнова — мітрапаліт. Між іншым, пасля смерці Патрыярха Алексія нашага земляка называлі яго пераемнікам. Але вядома, што ўраджэнец Магілёва адмовіўся ўдзельнічаць у выбарах на гэтае высокае іерархічнае месца…

Без некалькіх тыдняў 15 гадоў (!) адслужыў наш суайчыннік архіепіскапам Алма-Ацінскім і Казахстанскім. За гэты час і за тыя гады, калі ён вынес іншыя выпрабаваннні ў Казахстане, ён зрадніўся з далёкай ад Беларусі старонкай, знайшоў там шмат блізкіх па праваслаўнай веры людзей…

Сяргей Шычко