Сфармуляваць свой лёс

Семчанка, В. Сфармуляваць свой лёс : [акцёр Магілёўскага абласнога драмтэатра Р. Белацаркоўскі] / Вольга Семчанка // Мастацтва. — 2020. — № 8. — С. 38—39. 

Першай сустрэчай будучага майсгра сцэны з прафесійным тэатрам быў спектакль Рускага драматычнага тэатра «Барабаншчыца». Уражанне сталася моцным, на «падкорцы» адклалася асаблівая атмасфера тэатра, адчуванне нечага запаветнагадаемнага. Яно зачапіла і пацягнула… «Калі канчаў школу, заявіў бацькам, што буду паступаць у тэатральны. Была дужа сур’ёзная размова, на ўсю ноч — мяне рашуча адгаворвалі. Адгаварылі. Але пашчасціла: я не кідаў мары дзяцінства, іграў у завадскім і студэнцкім народным тэатрах. Аднойчы там, на аматарскай сцэне, мяне пабачыў Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў, які якраз набіраў курс у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Пабачыўшы, дабраславіў паступаць на акцёра. I я, вядома, паступіў… Мена-віта Арлоў не толькі даў мне моцную школу, але і дапамог сфармуляваць свой лёс у тэатры». Выпускнікоў у 1969 годзе чакалі лепшыя тэатры Беларусі, у тым ліку сталічныя, але яны выбралі перыферыю — за магчымасць навучацца ў карыфеяў, — і разам з аднагрупнікамі малады артыст выправіўся ў Брэст. Школа, набытая навучаннем, аформілася ў прафесію дзякуючы Аляксею Самараву, Максіму Абрамаву, Аляксандры Асторынай і галоўнаму рэжысёру Георгію Волкаву, Народнаму артысту Беларусі. Сярод першых роляў Белацаркоўскага — Колабаў у спектаклі «Беражыце белую птушку» Мікалая Мірашнічэнкі, за якую артыст атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі.

У Брэсце артыст сустрэў сваю будучую жонку, актрысу Наталлю Абрамаву, з ёю потым пераехаў у Магілёў — услед за рэжысёрам Аляксандрам Дольнікавым. У Брэсце ён паставіў свайго знакамітага «Дон Кіхота» паводле Міхаіла Булгакава з Рыгорам Белацаркоўскім у галоўнай ролі. Вобраз сумнага рамантыка з Ла-Манчы час-почас з’яўляўся ўтворчай біяграфіі артыста — з ім яго параўноўвалі то гледачы.то крытыкі. «Калі я ставіў свой першы спектакль «Дзве стралы» Валодзіна, — згадвае Дольнікаў, — дык шукаў на галоўную ролю галавы роду акцёра, які ўмее «думаць на сцэне». Мне прапанавалі Рыгора Белацаркоўскага — высветлілася, што яму і паказваць адмыслова нічога не трэба. Гэта ўнікальная здольнасць вялікага артыста: слухаць рэжысёра, выконвацьяго пажаданні і адначасова заставацца на сцэне самім сабой.У кожны наступны свой спектакль я абавязкова запрашаў Рыгора Якаўлевіча. Буслая ў «Парозе» Дударава ён увасабляў так,як быццам уапошні раз быўна сцэне…»

У пастаноўцы «Бывай, Яр!» акцёр настолькі пранікнёна сыграў беспрытульнага сабаку, які паміраў на сметніку, што нават выклікаў скандал на мастацкай радзе: маўляў, нелыа так паказваць смерць жывёлы! Хоць спектакль быў пра людзей… «Антыгону» Жана Ануя з Белацаркоўскім у галоўнай ролі таксама хутка прыбралі з рэпертуару — маўляў, празмерна філасофскі, занадта пратэстоўны. Вайна з ветракамі працягвалася, але п’есу пра паваеннае адраджэнне вёскі — «Сівы бусел» Васіля Ткачова — усё-такі паставілі з тым жа выканаўцам: так Рыгора Белацаркоўскага канчаткова прызналі і палюбілі ў Магілёве.

Ці любую ролю можа сыграць акцёр, ці вымяраецца талент універсальнасцю? Ці ўсё ж такі індывідуальнасць, наяўнасць свайго вузкага амплуа — перадусім? Сам Волкаў абазначыў Рыгора Белацаркоўскага як сацыяльнага героя. Артыст удакладняе, што «не кожны можа, ды й не павінен умець іграць Гамлета. Нават у маладосці я не прэтэндаваў на гэтую ролю. Мне быў больш блізкі Палоній. Акцёр мусіць разумець, што ён можа іграць, а што — не ягонае».

Плённым зрабіўся перыяд супрацы з літоўскім рэжысёрам Саўлюсам Варнасам, які цягам пяці гадоў узначальваў магілёўскую трупу. Быў створаны шэраг яскравых, моцных фестывальных спектакляў. Першы з іх, «Тарэлкін», стаў для трупы непаўторным і абсалютна новым досведам. Галоўнай перавагай Белацаркоўскага Варнас назваў рэдкі дар: быць максімальна арганічным усваёй артыстычнай прыродзе. Так, што любы тэкст якога заўгодна аўтара гучыць нібыта створаным адмыслова для гэтага артыста; ён не проста іграе, але зрастаецца з лёсам персанажа. Надзіва пераканаўчым атрымаўся Прыстаў Ох у спектаклі «Тарэлкін» Аляксандра Сухаво-Кабыліна — небяспечны хіжак-прыстасаванец.

Зусім іншы вобраз артыст намаляваў у гогалеўскай «Жаніцьбе» Мікалая Гогаля — жаласлівы, недарэчны і рамантычны Жавакін. Ці складаны, супярэчлівы Крэп у«Апошняй стужцы Крэпа» Сэмюэля Бекета — яго Рыгор Белацаркоўскі марыў сыграць яшчэ ў інстытуце. Пастаноўку паказалі на фестывалі монаспектакляў «Atspindys» у Літве (2016), а ў Магілёве ігралі нячаста, і не сказаць, каб шырокая публіка зразумела такую складаную працу. Рэжысёр у гэтым выпадку выканаў дапаможную ролю — толькі накіроўваў артыста, і мяркуе: у Рыгора Якаўлевіча атрымаўся самы пераканаўчы Крэп з тых, што ён бачыў, і нямала, на розных сцэнах па ўсім свеце.

Магілёўскі рэжысёр Віктар Куржалаўлічыць Рыгора Якаўлевіча ідэальным акцёрам для кожнага рэжысёра (асабліва пачаткоўца) — той за любы эксперымент, ніколі не адмаўляецца падтрымаць калегі павучыць моладзь: прыкладам.у праекце «Яна і я» — пластычнай пастаноўцы Віктара Куржалава паводле паэмы Янкі Купалы — выступіў у якасці рэпетытара, і яго парады вельмі дапамаглі маладому выканаўцу галоўнай ролі Сяргею Здаранкову. Калі рэжысёр Саўлюс Варнас рызыкнуў працаваць над монаспектаклем «Ліпень» паводле правакатыўнага тэксту Івана Вырыпаева, Рыгор Якаўлевіч дапамагаў у якасці педагога, падтрымаўшы маладую актрысу Юлію Ладзік. У многім дзякуючы Рыгору Якаўлевічу склалася пастаноўка «Апошнія сведкі» паводле Святланы Алексіевіч. Запрошаны малады рэжысёр Уланмырза Карыпбаеў ставіў абавязковай умовай удзел у працы славутага майстра. Да ўсяго Рыгор Белацаркоўскі — аднагодка Перамогі, ён дзіцем пабачыў Мінск у цяжкі паваенны час, і яго ўражанні і ўспаміны, досвед і маральная пазіцыя надалі спектаклю жывое дыханне. Уменне далікатна і трапна падказваць свае ідэі рэжысёру, тактоўна дапамагаць пастаноўшчыку адзначае маладая рэжысёрка Каміля Хусаінава, якая сёлета заняла Рыгора Якаўлевіча ў пастаноўцы «Ахвота жыць!» паводле апавяданняў Васіля Шукшына. Артыст іграе там толькі адну сцэну — але якую! Пранізлівы маналогдзядулі Нячая (ці, хутчэй, дыялог з памерлай жонкай) задае моцны эмацыйны імпульс усёй пастаноўцы.

— Сёння, з актыўным уваходжаннем у нашае жыццё тэхналогій чалавек, асоба непрыкметна нівелюецца, — разважае артыст. — Форма пераважыла асобу. Калі са сцэны не будзе размаўляць сапраўдны жывы чалавек — тэатр перастане існаваць. Глядач навошта прыходзіць у тэатр? Яму трэба не прыгожае, а сапраўднае! Для тэатра мы мусім трэніраваць сваё «ўнутранае», а не «знешняе», сваю псіхафізіку. Прывучаць сябе разнявольвацца, рэагаваць на раздражняльнікі не галавой, а сэрцам, прычым як на сцэне, так і ў жыцці. Каб праводзіць і даносіць да гледача чыстыя, натуральныя эмоцыі прыроднага чалавека. У тэатры тэкст, мова — толькі інфармацыйны сродак і прыдатак, а вось пачуцці — гэта першаснае. Спачатку ідзе думка, потым пачуццё, а тады ўжо нараджаецца слова. Важна не тое, што я сёння кажу на сцэне, а пра што. Вядома, можна выйсці да гледача прыгожа і прафесійна, у меру эмацыйна і выразна прамовіць тэкст. Але ў такім выпадку ты не пражыў ролю, а абазначыў яе, без унутранага жыцця і асабістай прысутнасці. Тэатр пабудаваны на дыялогу з гледачом, і нам важна гэта захаваць. Тэатр — гэта не напісаны тэкст, а пражыты лёс.