Хачу стаць выдатнай прафесійнай артысткай

Сцяцко, В. Хачу стаць выдатнай прафесійнай артысткай : [юная магілёўская спявачка А. Пехцерава] / Валерыя Сцяцко // Звязда. — 2020. — 26 лістапада. — С. 5, 12.

«Рухай свет!» — слоган 18-га дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2020», фінал якога адбудзецца 29 лістапада. Скіраваць яго ў бок таленту і пазітыву паспрабуе і 12-гадовая беларуска Арына Пехцерава. Ураджэнка Магілёва расказала «ЧЗ», як рыхтуецца прадставіць краіну на галоўным песенным конкурсе кантынента. Спойлер — дзяўчыне ўсё падабаецца.

СЦЭНА ВЫБРАЛА ЯЕ

Падрыхтоўка да дзіцячага «Еўрабачання» выйшла на фінішную прамую. Песня «Прышэльцы» адрэпеціраваная да дасканаласці, спявачка настроена рашуча. Сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце ўпершыню ў гісторыі конкурс пройдзе анлайн. Кожны нумар загадзя запісаны ў студыі нацыянальнай тэлекампаніі і будзе прадстаўлены публіцы 29 лістапада. Выступленне Арыны запісалі ў легендарнай 600-метровай студыі Белтэлерадыёкампаніі. «Ужо не церпіцца паказаць яго ўсім. Але пакуль не буду раскрываць усіх сакрэтаў, толькі скажу, што ён абавязкова спадабаецца гледачам і маім прыхільнікам. Я вельмі на гэта спадзяюся», — суразмоўніца захоўвае галоўную інтрыгу.

Нягледзячы на новы фармат, які не дазволіць канкурсантам пазнаёміцца ўжывую, яны паспелі пасябраваць. І зараз актыўна падтрымліваюць адзін аднаго ў інтэрнеце, перапісваюцца, ладзяць прамыя эфіры. Да гэтай сітуацыі дзяўчына адносіцца па-даросламу — здароўе важнейшае за ўсё. Але прызнаецца, што крыху крыўдна не паехаць у Польшчу і не выйсці на сцэну «Еўрабачання».

Не Арына выбрала сцэну, а сцэна — яе. А як можа быць інакш у чалавека, які вырас у творчай сям’і музыкантаў? Мама іграе на фартэпіяна, старэйшая сястра Інара калісьці спявала. Ген творчасці дзяўчынка атрымала і ад прадзеда — вядомага беларускага паэта Івана Пехцерава. «Я хадзіла ў вельмі творчы дзіцячы садок і была ўдзельніцай усіх свят. Калі ў першым класе прыйшла на праслухоўванне да свайго педагога Таццяны Галіноўскай, тая сказала мне, што я «зорка». Яна набірала дзяцей толькі з пятага класа, але мяне, першакласніцу, ужо не адпусціла. З той пары не разлучаюся ні са сцэнай, ні з Таццянай Мікалаеўнай. Мне пашанцавала, што пачала спяваць так рана — у дзяцей няма страху сцэны. Таму я хутка да гэтага прывыкла, і цяпер перад выступленнем адчуваю толькі лёгкае хваляванне, якое нават карыснае для артыстаў», — расказвае пра пачатак свайго творчага шляху Арына. За шэсць гадоў на сцэне дзяўчынка паспела зрабіць выдатную кар’еру.

У свае 12 гадоў яна — двойчы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2016 годзе ўзнагароджана сярэбраным медальёнам і сертыфікатам «Сусветнай асацыяцыі фестываляў «МАР». У калекцыі дзяўчынкі — 30 статуэтак Гран-пры розных міжнародных конкурсаў і фестываляў.

У 2019 годзе магілёўская спявачка заявіла аб сабе на шоу «Голас. Дзеці», дзе працавала ў камандзе Святланы Лабады. Супрацоўніцтва са спявачкай Арына ўспамінае з цеплынёй. «На «Голасе» я навучылася вынослівасці, таму што рэпеціравалі з ранку да ночы. А за гадзіну да выступлення ўвогуле змянілі маё танцавальнае сола. Праграма падарыла мне шмат новых сяброў», — расказвае дзяўчына.

НА ШЛЯХУ ДА МАРЫ

Да перамогі на нацыянальным адборы на дзіцячае «Еўрабачанне» Арына ішла не адзін год. Паспяховай аказалася толькі чацвёртая спроба. «Шчыра прызнацца, я сама не чакала, што сёлета нарэшце атрымаецца адабрацца на конкурс. Канешне, я была шчаслівая, калі мая самая вялікая мара і мэта стала рэальнасцю. Тыя папярэднія няўдачы на нацыянальным адборы зрабілі мяне мацнейшай і навучылі не апускаць рукі і не спыняцца. Гэта быў добры вопыт і карысны ўрок», — разважае дзяўчына.

На дзіцячым «Еўрабачанні» яна ўжо была, прычым двойчы. У 2018 годзе, калі конкурс прымаў Мінск, выступала — са сцэны аб’яўляла балы для Македоніі. А ў 2019 годзе ўвайшла ў склад журы ад Беларусі. «Я разумела, што прыйдзе час, калі таксама будуць ацэньваць і мяне. Паслухала меркаванне вопытных людзей, убачыла, як яны працуюць. Яшчэ трэба многаму навучыцца, таму такі досвед вельмі важны для мяне», — дзеліцца магіляўчанка.

Пасля перамогі на нацыянальным адборы жыццё Арыны стала значна адрознівацца ад жыцця аднакласнікаў. Цяпер яе будні — ранні пад’ём, дарога паміж Магілёвам і Мінскам, бясконцыя здымкі і інтэрв’ю. Але ад такой празмернай увагі да сябе юная спявачка не стамляецца: «Мне падабаецца даваць інтэрв’ю, хоць апошнім часам іх вельмі многа. Гэта знаёмствы з новымі людзьмі, заўсёды розныя пытанні, тэмы, абставіны. Удзельнічаць у гэтым не цяжка, а цікава». Сваё першае інтэрв’ю Арына дала ў другім класе. У 2015 годзе яна спела дуэтам з расійскай спявачкай Наргіз Закіравай, якая давала канцэрт у Магілёве. Відэа таго выступлення сабрала ў YouTube 5 мільёнаў 800 тысяч праглядаў, гэта рэкорд для музычных ролікаў, знятых у Беларусі.

На дзіцячым «Еўрабачанні» сустракаюць па песні. «Прышэльцы» Арыны не могуць не ўразіць. І на тое ёсць шэраг прычын. Першая — глыбокі сэнс і сур’ёзнасць кампазіцыі. Аўтар Данііл Забела напісаў яе яшчэ вясной, калі з пачаткам эпідэміі каранавіруса прывычнае жыццё ўсяго свету рэзка змянілася. «Я веру, што будучыня ў нашых руках, і менавіта мы, дзеці, зможам выратаваць гэты свет і зрабіць яго лепшым. Я заўсёды выконвала такія сур’ёзныя песні, дзе патрэбныя моцныя вакальныя даныя і моцныя ноты. Мне падабаюцца песні з глыбокім сэнсам, і што важна, я ўмею яго даносіць. Мяне адразу зачапілі «Прышэльцы». Мы хацелі дабавіць сваю цікавінку, не ўласцівую для дзіцячага «Еўрабачання». Так у песні з’явіўся рэчытатыў. Некаторыя вопытныя спевакі адзначаюць, што яны не разумеюць, як я магу пераключацца з англійскай мовы на рускую і наадварот. Але я проста спяваю, і яно само атрымліваецца, талент такі. Скажу больш, у песню мы дабавілі яшчэ і фрагмент на беларускай мове, атрымалася вельмі крута. А сярод песень астатніх канкурсантаў я магу вылучыць тую, што спявае прадстаўнік Казахстана», — расказвае Арына.

АНЁЛЫ ТАЛЕНТУ

У 2011 годзе Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні» прадстаўляла Лідзія Заблоцкая, вучаніца магілёўскага педагога Таццяны Галіноўскай. Кампазіцыя «Анёлы дабра» прынесла нашай краіне трэцяе месца на конкурсе. У гонар прызавой песні Таццяна так і назвала свой прадзюсарскі цэнтр. Тут і развіваецца творчая кар’ера Арыны. «Я заўжды раўнялася на Ліду Заблоцкую. У нас вельмі цёплыя адносіны, у «Анёлах дабра» ўвогуле цёплая, амаль сямейная атмасфера, прычым у прамым сэнсе. Прывяду прыклад. У 2011 годзе перад паездкай Ліды на «Еўрабачанне» Таццяна Мікалаеўна нарадзіла дзіця.

І зараз за два тыдні да нацыянальнага адбору ў яе з’явілася дачка. Супадзенне? Не думаю!» — гаворыць канкурсантка. На перайменаванне прадзюсарскага цэнтра з «Анёлаў дабра» ў «Прышэльцаў» Арына не прэтэндуе, а прапануе адкрыць філіял, названы ў гонар яе песні.

Як і належыць сур’ёзнай артыстцы, у дзяўчыны, акрамя педагога, ёсць свая каманда. Аўтар песні Данііл Забела і аранжыроўшчык Дзяніс Манёнак, харэограф Алеся Ткачонак — спецыялісты з Магілёва. Старэйшая сястра Інара — прадзюсар, мама Анжаліка — фінансавы дырэктар і надзейны тыл.

У вольны час, якога зараз не вельмі шмат, суразмоўніца займаецца маляваннем і фатаграфіяй, і спрабуе сябе як кампазітар. Любімыя музычныя жанры дзяўчынкі — джаз і эстрада. А любімымі выканаўцамі называе Білі Айліш, Арыяну Грандэ, Святлану Лабаду, Паліну Гагарыну і Басту. Цяпер у дзяўчыны з’явілася новае хобі — візаж. «Мне робяць макіяж усё жыццё, на сцэну без яго нельга. Таму я вырашыла, што трэба браць гэта ў свае рукі. Нядаўна ўпершыню зрабіла першы макіяж не сабе — вядучай праграмы «Пад’ём».

Галоўны пасыл песні Арыны і ўсяго дзіцячага «Еўрабачання» — дзеці могуць зрабіць свет лепшым. «Я, як мінімум, магу не кідаць смецце на вуліцы, дапамагаць жывёлам, клапаціцца аб навакольным асяроддзі. І, канешне, узнімаць людзям настрой і несці дабро сва і мі песнямі», — разважае дзяўчынка.

Арына не баіцца ставіць глабальныя мэты і планы: «Пасля дзіцячага «Еўрабачання» буду імкнуцца да больш сур’ёзных праектаў. У мяне ёсць мэта выступіць на дарослым конкурсе. У найбліжэйшых планах — запіс альбома, новыя песні. І, канешне, я буду далей працаваць, каб стаць прафесійнай артысткай».

Валерыя СЦЯЦКО.