У нас свае асаблівасці і шляхі развіцця ў сусветнай гісторыі

Дук, Д. У нас свае асаблівасці і шляхі развіцця ў сусветнай гісторыі : [гутарка з рэктарам МДУ імя А. Куляшова Д. Дукам] / Дзяніс Дук ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2020. — 25 лістапада. — С. 5.

Тры гады таму Дзяніс Дук пераехаў у Магілёў, каб узначаліць вядучую ВНУ вобласці па падрыхтоўцы педагагічных кадраў.

Дзеля гэтага прыйшлося развітацца з роднай альма-матар у Полацку, дзе прайшло яго станаўленне як археолага і вучонага.

Там засталіся вучні, калегі, сябры, археалагічныя таямніцы, якія яшчэ не раскрытыя і чакаюць свайго часу. Але ў Магілёве за зусім кароткі час былы прарэктар Полацкага дзяржуніверсітэта стаў сваім чалавекам. Ён развівае навуку, вядзе актыўную грамадскую дзейнасць, каардынуе выхаваўчы працэс. I ў гэтым вельмі шчыльным працоўным графіку ён знайшоў час, каб расказаць пра археалогію, навацыі, навуковыя падыходы ў рабоце, а заадно падзяліцца сваімі думкамі наконт выхавання асобы, значэння літаратуры ў жыцці чалавека і ролі сям’і.

Наш суразмоўнік адзін з аўтарытэтных археолагаў Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар, уладальнік медаля Францыска Скарыны.

роўных сярод навучальных устаноў Беларусі. У нас ёсць спецыялісты па каменным веку, познім жалезным веку, Сярэднявеччы, нават па археалогіі Новага часу. Гэта як маладыя крэатыўныя лю-дзі, так і вопытныя настаўнікі, накшталт Якава Рыера, Игара Марзалюка. Справа археалогіі ў МДУ на такой урадлівай глебе павінна развівацца і далей.

— А які раён у Магілёўскай вобласці найбольш перспектыўны з пункту гледжання археолага?

— Памятаеце пра нашумелыя знаходкі ў Бабруйску — шлема, рэшткаў даспехаў дружынніка і атрыбутаў ваеннай культуры? Бабруйскі раён зусім яшчэ не даследаваны ў плане гістарычнай тапаграфіі. Пакуль у нас ёсць толькі агульныя ўяўленні пра тое, як горад развіваўся. Але гэтыя рэдкія знаходкі сведчаць, што роля Бабруйска ў пачатковай гісторыі дзяржаўнасці на Беларусі была не апошняя. Гэта быў, як кажа Ігар Марзалюк, адзін з ранніх цэнтраў княжання, які ўваходзіў у сферу інтарэсаў князёў полацкіх. Той жа шлем, які там знойдзены, мог належаць і князю, і князеваму дружынніку. Асабіста мне цікава, якая тут сувязь можа быць з Полацкай зямлёй, цэнтрам нашай сярэднявечнай дзяржавы. I я буду рады, калі мой вопыт спатрэбіцца ў вывучэнні і самога Полацка, дзе я часта бываю і па-ранейшаму курырую раскопкі ў Спаскай царкве.

— Ваша сумесная работа з прафесарам Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вольгай Ляўко «Вытокі беларускай дзяржаўнасці: Полацкая і Віцебская землі ў IX— XVIII стагоддзях» была высока ацэнена на дзяржаўным узроўні. Асновай сталі вашы навуковыя адкрыцці, якія вы здзейснілі падчас работы над кандыдацкай і доктарскай дысертацыямі. Што больш за ўсё цікавіла вас у гэтых даследаваннях?

— Мяне цікавіла і цікавіць уся гісторыя ад пачатку да сённяшняга дня. Мая кандыдацкая дысертацыя была прысвечана матэрыяльнай культуры насельніцтва Полацка XVI— XVIII стагоддзяў, а доктарская ахоплівала ўсе перыяды. Раней пагружэнне ў праблематыку XVI— XVIII стагоддзяў лічылася ледзь не сучаснасцю па археалагічных мерках, і археолагі гэты перыяд не чапалі. Але ён цікавы тым, што менавіта ў гэты час адбываецца фарміраванне беларускай народнасці і, як следства працэсу, нацыі. А старажытнасць цікавая тым, што дае адказ на пытанне, адкуль наш род пачаўся. На археалагічным матэрыяле атрымалася паказаць, якая была роля Полацка ў дзяржаватворчых працэсах Беларусі. Былі адметнасці, якія даказалі, што мы такія ж старажытныя, як Кіеў і Ноўгарад. I нават, можна сказаць, што мы вельмі адрозныя ад гэтых цэнтраў. Гэта адрозненне з’яўляецца нашай яскравай рысай на той перыяд, калі беларусаў і блізка не было, а былі вялікія славянскія супольнасці. Крывіцкі Полацк развіваўся па цікавай схеме, непадобнай да схемы развіцця Кіева і Ноўгарада. I мы гэта паказалі. У нас наогул вельмі багатая на падзеі гісторыя. Тое славянскае насельніцтва, якое выбрала сваім месцам пражывання беларускае Падзвінне, з такімі цэнтрамі, як Віцебск, Полацк, Лукомль, а гэта былі крывічы, стварыла цуд пад назвай Полацкая зямля, а яна ў сваю чаргу стварыла такі цуд, як Вялікае Княства Літоўскае. Таму што аснова ВКЛ — гэта тая прававая сістэма, той лад, які шмат у чым быў характэрны для Полацкай зямлі. Шмат што ў дзяржаўным укладзе ВКЛ было перанятае з тых дасягненняў, якія належалі прадстаўнікам Полацкай зямлі. А ВКЛ — гэта ўжо час фарміравання беларускай народнасці, сама нацыя з’явілася крыху пазней.

— Неяк вы сказалі, што выкладчык не павінен напіхваць студэнта ведамі, ён павінен навучыць яго здабываць іх самастойна. Падзяліцеся сакрэтам, як гэтаму можна навучыць?

— Выкладчык — гэта чалавек, які натхняе, дапамагае. Калі выкладчык сфарміраваўся як творчая, высокамаральная асоба, яму ёсць чым студэнта заахвоціць, нават уласным прыкладам і ўласнымі навуковымі здабыткамі. А цікаўны студэнт заўсёды знойдзе час падысці да выкладчыка і пракансультавацца. I добры выкладчык ніколі яму не адмовіць, не скажа: мне не да цябе зараз, заняткі ўжо скончыліся, бывай. Я заўсёды пытаюся ў сваіх студэнтаў, хто для іх цікавы, хто дае ім шмат карыснага матэрыялу, хто натхняе. I яны, як правіла, называюць канкрэтныя прозвішчы. Будучы даверанай асобай кандыдата ў Прэзідэнты падчас выбараў, а зараз ужо кіраўніка дзяржавы, я аб’ездзіў усе рэгіёны Магілёўскай вобласці. I мяне ўразіла, што амаль у кожным раёне да мяне падыходзілі выпускнікі Магілёўскага ўніверсітэта розных гадоў, пыталіся пра сваіх былых настаўнікаў і дзякавалі ім. Яны ўжо самі дабіліся поспехаў у настаўніцкай справе і іншых сферах, натхнілі сваім прыкладам не аднаго вучня, а ў душы гарыць той агеньчык, які ў іх запаліў настаўнік з вялікай літары. Гэтая сувязь з настаўнікам, спачатку школьным, потым універсітэцкім, дарагога вартая.

— Кажуць, што ўсё пачынаецца з дзяцінства. I першыя нашы настаўнікі — гэта бацькі. Якія асноўныя прынцыпы выхавання вы засвоілі?

— Мой бацька быў ветэранам вайны. У 16 гадоў пайшоў у партызаны, быў узнагароджаны баявым медалём «За адвагу». Працаваў у розных сферах, яго шмат хто ў Наваполацку ведаў і памятае. Тры гады таму пайшоў з жыцця. Але менавіта з яго пачалася мая любоў да гісторыі, з яго расказаў пра малую радзіму — Ушаччыну, з яго легендаў і паданняў пра валатоўкі, як там называюць курганы. Ён быў вельмі начытаны чалавек, быў знаёмы з Рыгорам Барадуліным. У нас дома мелася багатая бібліятэка, і я перачытаў усе кнігі, якія там былі. А Уладзіміра Арлова адкрыў для сябе, калі мне было 10-12 гадоў. Настаўнік гісторыі параіў схадзіць на сустрэчу з пісьменнікам у кнігарню, і я пабег. Дагэтуль захоўваю яго кнігу «Дзень, калі ўпала страла» з аўтографам «Шаноўнаму Дзянісу Дуку з пажаданнем ведаць гісторыю роднай Беларусі». З аўтараў, якіх сёння чытаю, падабаецца англійскі пісьменнік Джон Фаўлз. Можна бясконца перачытваць Чэхава, Караткевіча, братоў Стругацкіх і іншых аўтараў. Чытаю кнігі і ў папяровым, і ў электронным выглядзе, хоць друкаваны варыянт падабаецца больш. Шмат чаго цікавага можна знайсці ў інтэрнэце. «Вялікі Гэтсбі» і «Ноч пяшчотная» Фіцджэральда чытаў раней, а зараз адкрыў для сябе некалькі новых яго твораў.

— Што з бацькоўскага вопыту выкарыстоўвалі для выхавання сваіх сыноў?

— Гэты працэс працягваецца. Кожны чалавек — асоба, са сваімі інтарэсамі і захапленнямі. I калі інтарэсы бацькоў і дзяцей розныя, не трэба з гэтага рабіць трагедыю. Трэба заахвочваць тое, чым цікавіцца дзіця. Для некаторых трагедыя, калі сын не пайшоў па слядах бацькі, не працягнуў сямейную справу. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, каб сын або дачка былі добрымі людзьмі. I калі яны будуць такімі, то месца ў гэтым жыцці знойдуць.

— Як праводзіце час з сям’ёй? Ці ёсць нейкія сямейныя традыцыі?

— Ходзім з жонкай у Магілёўскі драмтэатр. У Беларусі мала тэатраў такога ўзроўню і з такой гісторыяй. Гэтую гісторыю адчуваеш, калі знаходзішся ў ложы, у якой сядзеў калісьці імператар Мікалай II. Кажуць, праўда, што ён у тэатры фільмы глядзеў. Але ж антураж усё роўна захаваўся. I архітэктура, і аўра, і калектыў, і пастаноўкі — усё робіць уражанне. Не было ніводнага спектакля, які пакінуў бы раўнадушным. Двойчы хадзілі з жонкай на камедыю «Тарцюф» — уразіла вельмі моцна. Цікавая пастаноўка «Рамантыкі». А яшчэ ўсе мы — я, жонка, дзеці — любім гатаваць. У кожнага свая адметнасць. На мне рыбныя стравы. Жонка займаецца гатаваннем усяго і выпечкай, у яе наогул усё смачнае. Малодшы сын сам прыдумвае стравы з замарожанай агароднінай, яйкам, сырам і іншымі сакрэтнымі інгрэдыентамі. Робіць хутка, атрымліваецца вельмі смачна і сытна.

— Вы і кіраўнік, і выкладчык, і грамадскі дзеяч — усё гэта патрабуе шмат часу. Ад чаго прыходзіцца адмаўляцца?

— Не хапае як раней часу на навуку, хоць я працягваю ёю займацца. Але прыходзіцца адмаўляцца ад палявых археалагічных даследаванняў. Затое хапае назапашанага археалагічнага матэрыялу, які трэба апрацаваць.

— Сёння ўсё часцей даводзіцца чуць, што газеты аджылі сваё, будучае — за інтэрнэтам. Вы таксама гэтак лічыце?

— Газету люблю за тое, што ў ёй можна пачытаць добрую аналітыку. У гэтым яна выгадна адрозніваецца ад іншых крыніц. Навіна з’яўляецца ў інтэрнэце хутка, а аналітыка, меркаванне тых ці іншых людзей, падрабязнасці пра тую ці іншую падзею робяць газету цікавай. Сёння я даю інтэрв’ю, можа нехта пачытае, натхніцца і пажадае стаць навукоўцам або даследчыкам. У гэтым і ёсць сутнасць газеты.

Нэлі ЗІГУЛЯ.