«Магутны Божа»: 20 гадоў на фоне вечнасці : [завяршыўся 20 Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа»] // Культура. — 2013. — 29 чэрвеня. — С. 9.
Учора ў Магілёве, які сёлета абвешчаны Культурнай сталіцай Беларусі, завяршыўся XVIII Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Яго фінальным акордам стаўся гала-канцэрт “Магутны Божа — 20 гадоў” у Лядовым палацы.
Паводле раскладу, фестываль павінен быў адбыцца праз год. На перанос тэрміну паўплывала не толькі 20-годдзе, але і статус Культурнай сталіцы Беларусі і СНД, нададзены Магілёву. Таму наступнае такое свята пройдзе ў 2015-м, і надалей фестываль будзе праводзіцца па няцотных гадах.
Конкурсу салістаў сёлета не было, на спаборніцтве ж хароў і ансамбляў, якое сабрала 13 калектываў з Беларусі, Расіі і Германіі, журы вырашыла Гран-пры не прысуджаць. Але ўсе астатнія прэміі былі падзелены, прычым Трэцяя — ажно на траіх. Сярод нашых пераможцаў — такія добра вядомыя калектывы, як хор Мазырскага дзяржаўнага музычнага каледжа (Першая прэмія), хор “ВиссонЪ” (што перакладаецца са стараславянскай як “каштоўная тонкая тканіна”) студэнтаў-інструменталістаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (Другая прэмія), зводны хор “Преображение” з Барысава, камерныя хары Гомельскай абласной філармоніі і Светлагорскай дзіцячай школы мастацтваў (Трэцяя прэмія).
Асаблівасць юбілейнага свята і ў тым, што канцэртам адкрыцця сталася выступленне Дзяржаўнага камернага аркестра “Віртуозы Масквы”. Увогуле ж гэты фестываль адметны сваёй разнастайнасцю: тут яднаюцца прафесіяналы і аматары, прадстаўнікі розных канфесій. Канцэрты праходзяць на прэстыжных сцэнах і адкрытых вулічных пляцоўках, у праграму ўключаюцца выстаўкі і многія іншыя мерапрыемствы, самае пачэснае месца сярод якіх займае свята званароў.
Усяго ў фестывалі сёлета ўдзельнічаюць 15 краін, сярод якіх — Бразілія, Венесуэла, ЗША, Ізраіль, Італія, Куба, Літва, Малдова, Нігерыя, Польшча, Таджыкістан, Украіна. За гады існавання на ім пабывалі прадстаўнікі 33 краін. І ўсе яны прыязджалі, папярэдне вывучыўшы духоўны гімн “Магутны Божа” Міколы Равенскага на словы Наталлі Арсеньевай, бо гэты твор выконваўся зводным хорам усіх удзельнікаў і публікі — па ўзмаху дырыжорскай палачкі народнага артыста Беларусі і СССР Віктара Роўды, душа якога ўжо на Нябёсах. Няма і Гая Пікарды— рупліўца на ніве беларускай культуры, які прыязджаў да нас з Лондана. А фестываль — жыве, працягваючы традыцыі экуменізму.