Да штыка ён пяро прыраўняў

Шаўчэнка, М. «Да штыка ён пяро прыраўняў» : [да 105-годдзя К. Сіманава] / Мікалай Шаўчэнка // Звязда. — 2020. — 28 лістапада. — С. 4. 

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. Вельмі многае Канстанціна Міхайлавіча звязвала з беларускай зямлёй: тут адбылося яго станаўленне як франтавога журналіста, тут упершыню на ўсю моц загучала тэма, якая стала ў яго творчасці галоўнай, — тэма Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта Сіманаў у гарачыя баявыя ліпеньскія дні 1941 года на ўвесь свет праславіў гераічны подзвіг абаронцаў Магілёва.

Будучы пісьменнік нарадзіўся ў 1915 годзе ў Петраградзе. Бацька прапаў без вестак у Першую сусветную вайну, хлопчыка выхаваў айчым, выкладчык ваеннага вучылішча Аляксандр Іванішаў. Дзяцінства Кірыла (сапраўднае імя Сіманава) прайшло ў ваенных гарадках. Пасля заканчэння сямі класаў юнак вучыўся ў фабрычна-заводскім вучылішчы, затым працаваў токарам у Саратаве і Маскве, куды сям’я пераехала ў 1931 годзе. У 1938 годзе Канстанцін Сіманаў скончыў Літаратурны інстытут, у тым жа годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. Падчас вучобы ён пачаў пісаць вершы, якія былі надрукаваныя ў часопісах «Молодая гвардия» і «Октябрь».

Да 1941 года ў Канстанціна Сіманава ўжо быў вопыт франтавога карэспандэнта: падчас баёў з японцамі на рацэ Халхін-Гол ён асвятляў падзеі ў газеце «Героическая красноармейская». У аўтабіяграфіі Сіманаў пісаў: «З восені 1940 года да чэрвеня 1941-га вучыўся на курсах ваенных карэспандэнтаў пры Ваенна-палітычнай акадэміі. Скончыў іх у сярэдзіне чэрвеня 1941 года, атрымаўшы воінскае званне інтэнданта другога рангу. 24 чэрвеня 1941 года прызваны з запасу і з загадам Палітупраўлення Чырвонай Арміі выехаў для работы ў газеце «Боевое знамя» Трэцяй арміі ў раён Гродна. У сувязі з сітуацыяй на фронце да месца прызначэння не дабраўся і быў прызначаны ў рэдакцыю газеты Заходняга фронту «Красноармейская правда». Працаваў там да 20 ліпеня 1941 года. Адначасова як няштатны карэспандэнт пасылаў ваенныя карэспандэнцыі ў «Известия».

Летам 1941 года Сіманаў напісаў адзін з самых вядомых вершаў «Чакай мяне», які заваяваў сэрцы чытачоў і стаў для іх адначасова і гімнам, і малітвай. Салдаты выразалі яго з газет, перапісвалі, седзячы ў акопах, вучылі на памяць і пасылалі ў лістах жонкам, сяброўкам і нявестам. Яго знаходзілі ў нагрудных кішэнях параненых і забітых… Па сведчаннях удзельнікаў вайны, гэты верш (пасля пакладзены на музыку) усяляў надзею ў тых, хто верыў, што іх чакаюць, і ў тых, хто чакаў байцоў з фронту.

Жди меня, и я вернусь,

Всем смертям назло.

Кто не ждал меня, тот пусть

Скажет: «Повезло».

Не понять, не ждавшим им,

Как среди огня

Ожиданием своим

Ты спасла меня.

Па заданні рэдакцыі газеты «Известия» Канстанцін Сіманаў і фотакарэспандэнт Павел Трошкін 12 ліпеня 1941 года прыбылі ў Магілёў, у размяшчэнне 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра М. Ц. Раманава. Палітаддзел злучэння накіраваў іх у 388-ы стралковы полк. Тут Сіманаў атрымаў першае сваё сур’ёзнае баявое і журналісцкае хрышчэнне на Буйніцкім полі, калі на подступах да Магілёва яго абаронцы ў няроўнай бітве прыпынілі фашысцкія бранятанкавыя калоны групы армій «Цэнтр». Тут ён сустрэўся з воінамі-абаронцамі, якія вызначыліся ў гэтым баі, з камандзірам палка палкоўнікам Сямёнам Куцепавым, пасля размовы з якім адзначыў: «Не ведаю, можа быць, гэта няправільна з ваеннага пункту гледжання, але ў тую хвіліну, паглядзеўшы на героя, я паверыў, што мы абавязкова пераможам».

Нягледзячы на шматразовую перавагу саперніка ў жывой сіле і тэхніцы, часці Чырвонай Арміі, байцы народнага апалчэння, насельніцтва горада паказалі тут узоры стойкасці, гераізму і мужнасці, вернасць воінскаму абавязку. Асабліва жорсткія баі ішлі на Буйніцкім полі, дзе танкавым нямецкім армадам супрацьстаялі пехацінцы 388-га стралковага палка Сямёна Куцепава і агнявыя разлікі 340-га артпалка палкоўніка Івана Мазалава.

Пра герояў гэтай бітвы ваенны карэспандэнт Кастанцін Сіманаў расказаў у нарысе «Гарачы дзень», апублікаваным у газеце «Известия» 20 ліпеня 1941 года. У газетным матэрыяле з палёў бітвы быў надрукаваны сенсацыйны рэпартаж і паказана панарама дзясяткаў падбітых варожых танкаў. Каля стэндаў з газетай «Известия» ў тыя дні збіраліся вялізныя натоўпы чытачоў, людзі радаваліся, гэта было лепей за любую агітацыю…

Камандуючы Заходнім фронтам генерал Андрэй Яроменка ў раздзеле «Гераічны Магілёў» мемуараў «На пачатку вайны» (М.: Наука, 1965), адзначаючы заслугі 172-й стралковай дывізіі, падкрэсліваў:

«Гэтая гера і чная дывізія заслугоўвае не меншай удзячнасці савецкага народа, чым доблесныя абаронцы Брэсцкай крэпасці, бо воіны дывізіі выстаялі на палявых умацаваннях, створаных імі з дапамогай мясцовага насельніцтва, дваццаць тры дні, стрымліваючы напор танкавай армады Гудэрыяна. Яны пакінулі горад па загадзе свайго камандзіра толькі тады, калі фронт адкаціўся на добрую сотню кіламетраў ад беларускага Мадрыда, як называлі Магілёў яго доблесныя абаронцы».

Бітва пад Магілёвам узрушыла Канстанціна Сіманава і лягла ў аснову рамана-трылогіі «Жывыя і мёртвыя». «Я не быў салдатам, быў усяго толькі карэспандэнтам, аднак у мяне ёсць кавалачак зямлі, які мне век не забыць, — поле пад Магілёвам, дзе я ўпершыню ў ліпені 1941 года бачыў, як нашы на працягу аднаго дня падбілі і спалілі 39 нямецкіх танкаў…», — пісаў пазней Канстанцін Сіманаў.

У гады вайны Сіманаў напісаў п’есы «Рускія людзі», «Чакай мяне», «Так і будзе», аповесць «Дні і ночы», дзве кнігі вершаў «З табой і без цябе» і «Вайна». Шырокую вядомасць яму прынесла лірыка ваенных гадоў: вершы «Ты памятаеш, Алёша, дарогі Смаленшчыны…» і «Чакай мяне», а таксама зборнік «З табой і без цябе». Як ваенны карэспандэнт ён пабываў на многіх франтах, прайшоў па землях Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Польшчы і Германіі, быў сведкам апошніх баёў за Берлін. Пасля вайны з’явіліся яго зборнікі нарысаў «Лісты з Чэхаславакіі», «Славянская дружба», «Югаслаўскі сшытак», «Ад Чорнага да Баранцава мора. Запіскі ваеннага карэспандэнта».

Радзіма высока ацаніла заслугі пісьменніка: Канстанцін Сіманаў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі, уганараваны Дзяржаўнымі прэміямі СССР. Многія гады займаў пасаду сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў СССР.

Сучаснікі сцвярджалі, што сэрца пісьменніка Сіманава заўсёды належала Магілёву. У пасляваенныя гады ён неаднаразова прыязджаў сюды, падоўгу хадзіў па Буйніцкім полі і іншых месцах былых баёў, сустракаўся з ветэранамі вайны, выступаў перад рабочымі і студэнтамі, вёў перапіску з магілёўцамі. Пісьменнік склаў завяшчанне, у якім прасіў пасля смерці развеяць яго прах над Буйніцкім полем — побач з воінамі, якія загінулі на гэтым полі бітвы.

28 жніўня 1979 года пісьменніка не стала. Паводле завяшчання, прах Канстанціна Сіманава быў развеяны над Буйніцкім полем, а 25 лістапада 1980 года тут адбылося адкрыццё мемарыяльнага знака. На тыльным баку каменя замацаваная шыльда з надпісам: «К. М. Сіманаў. 1916—1979. Усё жыццё ён памятаў гэта поле бою 1941 года і завяшчаў развеяць тут свой прах».

У памяць пра пісьменніка-франтавіка яго імем названа адна з вуліц горада, у Магілёве праводзяцца міжнародныя «Сіманаўскія чытанні», прымеркаваныя да дня нараджэння літаратара.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадстаўлена асобная вітрына, прысвечаная гераічнай абароне Магілёва. Тут размешчаны ваенна-гістарычная карта «Абарона Магілёва», скульптурная кампазіцыя М. І. Кандрацьева «Буйніцкае поле», фотапартрэты генерал-маёра М. Ц. Раманава, палкоўніка С. Ф. Куцепава, ваеннага карэспандэнта К. М. Сіманава і яго артыкул «Гарачы дзень» у газеце «Известия».

Імя Канстанціна Сіманава — сапраўднага патрыёта, вернага сына Айчыны назаўжды ў памяці ўдзячных нашчадкаў.

Мікалай ШАЎЧЭНКА, член Беларускага саюза журналістаў.