Хітрыкава, Г. І гучы вечна, ярка і нова : [Дзень роднай мовы ў Магілёве] / Галіна Хітрыкава // Магілёўскія ведамасці. — 2020. — 25 лютага. — С. 6. 

Традыцыю святкавання Дня роднай мовы ў Магілёве падтрымліваюць больш за дваццаць гадоў, трынаццаць — напісаннем дыктоўкі.

Некалькі гадоў існуе ў горадзе і традыцыя абменьваць цукеркі на любімыя словы роднай беларускай мовы. Яна была падтрымана і 21 лютага. «Салодкую» акцыю на вуліцы Ленінскай у абласным цэнтры зладзілі актывісты гарадской грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны». За гадзіну было запісана больш за сто самых кранальных слоў роднай мовы і раздадзена 15 кг цукерак.

У гэты ж дзень вызначылі пераможцаў фінальнага тура гарадскога конкурсу чытальнікаў беларускай паэзіі «Люблю мой край», прысвечанага памяці мастака Фёдара Кісялёва. Творчае спаборніцтва было арганізавана філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — музеем В.К.Бялыніцкага-Бірулі.

У конкурсе прынялі ўдзел 75 канкурсантаў з 30 устаноў Магілёва. У фінал выйшлі 20 юных чытальнікаў. Пераможцы яго ўзнагароджаны карцінамі, напісанымі Фёдарам Кісялёвым.

У арганізацыі конкурсу актыўны ўдзел прынялі ўдава мастака, яго дзеці і ўнукі.

А 23 лютага ў напісанні традыцыйнай дыктоўкі, прысвечанай Дню роднай мовы, арганізатарамі якой сталі гарадская арганізацыя «Таварыства беларускай мовы» і Палац культуры вобласці, прынялі ўдзел каля 100 чалавек. Тэкстам «Беларускай дыктоўкі-2020» стаў урывак з «Сівой легенды» Уладзіміра Караткевіча. Чытаў яго настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №41 Аляксандр Цітоў.

Падарункам усім удзельнікам культурна-адукацыйнай акцыі стала прэм’ера літаратурнай пастаноўкі «Беларускі каляндар», падрыхтавалі якую народны тэатр Палаца культуры вобласці пад кіраўніцтвам Алы Кусковай, дзіцячая тэатральная студыя і дзіцячы фальклорны калектыў «Покліч».