Страхар, Р. З улікам грамадскай думкі : [гутарка з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Р. Страхаром] / Руслан Страхар ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 26 студзеня. — С. 1, 5.
Сёння ў краіне актыўна абмяркоўваецца праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку. Прапановы фарміруюцца ва ўмовах дыскусійных пляцовак, грамадскіх прыёмных, адкрытых дыялогаў з народам. На шостым Усебеларускім народным сходзе будзе дэталёва разгледжаны гэты дакумент. З якімі пасыламі, спадзяваннямі, надзеямі выступае Магілёўшчына? Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае яна ў сваю рэгіянальную праграму развіцця на будучыя пяць гадоў? Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.
Хоцімск становіцца ўсё больш прывабным для пражывання. Фота: mogіlev-regіon.gov.by.
— Кажуць, што без аналізу мінулага нельга прагназаваць будучыню. Апошні год быў асабліва цяжкі і нестабільны, як у сусветным маштабе, так і ў межах нашай краіны. Тым не менш Магілёўская вобласць вельмі дастойна справілася з унутранымі і знешнімі выклікамі. І пры гэтым адзіная ў краіне прадэманстравала рост ВРП і выканала асноўныя прагнозныя паказчыкі. А наколькі ўражваюць вынікі пяцігодкі ў цэлым?
— За 2016—2020 гады Магілёўская вобласць забяспечыла выкананне пяцігадовай праграмы па экспарце тавараў і паслуг. Рост экспарту тавараў без уліку рэспубліканскіх арганізацый нават нягледзячы на аб’ектыўнае зніжэнне яго ў 2020 годзе, у цэлым за пяцігоддзе склаў 152 % пры заданні 128,1 %. А экспарт паслуг вырас да 145 % пры заданні 119,1 %.
За пяць гадоў у эканоміку рэгіёна паступіла каля 390 мільёнаў долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове пры заданні 362,2 мільёна. Акрамя гэтага, выканана заданне па рабочых месцах, на якія за пяць гадоў працаўладкавана больш чым 23 тысячы чалавек пры запланаваных 22 тысячах, рост заработнай платы пры гэтым склаў 174,7 % да 2015-га года пры заданні 165,6—171,2 %.
Прамысловы комплекс фарміруе каля 40 % ВРП нашага рэгіёна і ў той жа час з’яўляецца найбольш уразлівым звяном перад знешнімі эканамічнымі пагрозамі і выклікамі. Гэта яскрава прадэманстраваў мінулы год, на працягу якога прадпрыемствы сутыкаліся з цяжкасцямі пры куплі камплектуючых і збыце прадукцыі. Пры ўсім гэтым яны здолелі захаваць працоўныя калектывы, дагаворныя абавязацельствы з партнёрамі і на выхадзе паказалі тэмп росту 103,4 % па годзе. У цэлым жа за пяцігодку індэкс вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 114,9 %.
Дынамічнае развіццё прамысловага комплексу дазволіла істотна нарасціць аб’ёмы вытворчасці асобных відаў прадукцыі. Вось толькі некаторыя прыклады — з 2016 года ў 1,6 раза павялічана вытворчасць натуральнамалочнай прадукцыі і хімічных валокнаў, у 1,4 раза — паперы і кардону, на 30 % прыраслі аб’ёмы вытворчасці сыроў, на 11 % — цэменту. На жаль, не ўсё тое, што планавалася, дасягнута. Ёсць над чым папрацаваць у наступнай пяцігодцы.
— У будучай пяцігодцы акцэнт па-ранейшаму робіцца на новыя рынкі, інвестыцыі, інавацыі, стварэнне кластараў як найбольш эфектыўнай формы вядзення бізнесу…
— У нас ёсць трывалы падмурак для таго, каб паспяхова развівацца па ўсіх гэтых кірунках. Праведзена вялікая работа па тэхнічным пераўзбраенні дзеючых прамысловых вытворчасцяў і стварэнні новых. За пяць гадоў на прамысловых прадпрыемствах вобласці рэалізаваны шэраг ключавых інвестыцыйных праектаў. Сярод іх — стварэнне комплексу па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі на ААТ «Магілёўхімвалакно», рэалізацыя праекта па вытворчасці паперы-асновы на Шклоўскім заводзе газетнай паперы, а таксама інавацыйнага праекта на «Магатэксе». Праведзена мадэрнізацыя вытворчасцяў на «Белшыне», «Магілёўліфтмашы», «Ольсе», «Спартаку», Бабруйскім заводзе раслінных алеяў, гарбарным камбінаце ў філіяле «Ялізава» Гродзенскага шклозавода і іншыя. Актыўна развіваюцца дрэваапрацоўчы і хімічны кластары, створаныя прыватнымі кампаніямі ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў».
Толькі па сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктах харчавання мы пастаўляем 114 таварных пазіцый у 43 краіны свету (у 2015 годзе — 34 краіны). Напрыклад, калі ў 2015 годзе экспарт малочнай прадукцыі ажыццяўляўся толькі ў дзевяць краін свету, то ў 2019 годзе — ужо ў 22 краіны.
Знойдзены новыя стратэгічныя знешнія партнёры. Тут асаблівае месца займае Кітай. У 2015 годзе мы экспартавалі ў рэгіёны Кітая тавараў на суму крыху больш чым два мільёны долараў, а ў 2020 годзе гэты аб’ём вырас у 15 разоў і дасягнуў 30 мільёнаў долараў.
Гэтаму садзейнічала актыўная пазіцыя вобласці па развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Магілёўшчына мае дзелавыя сувязі больш чым з сотняй краін свету і толькі за апошні год мы знайшлі каля дзесяці новых рэгіёнаў для збыту нашай прадукцыі. Актыўна вядзецца работа па ўмацаванні трывалых эканамічных сувязяў з Прыморскім краем Расійскай Федэрацыі.
З найлепшага боку паказала сябе прадпрымальніцкае асяроддзе. У вобласці зарэгістравана каля 8,5 тысячы юрыдычных асоб і амаль 26 тысяч прадпрымальнікаў. І нават нягледзячы на складаны мінулы год, колькасць ІП у Магілёўскай вобласці павялічылася. На гэтым фоне мы бачым паступальны рост удзельнай вагі падаткаў у бюджэт вобласці: у 2015 годзе ён быў на ўзроўні 28 %, а ў 2020 годзе дасягнуў 39 %.
З мэтай нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на Магілёўшчыне ўкараняюцца новыя інтэнсіўныя тэхналогіі і апошнія дасягненні навукі. За 2016—2020 гады на тэрыторыі вобласці ўведзены ў эксплуатацыю 42 малочнатаварныя фермы. Для нарошчвання вытворчасці свініны пабудаваны два новыя свінагадоўчыя комплексы ў Бялыніцкім і Слаўгарадскім раёнах.
Адно з паспяхова працуючых прадпрыемстваў паўднёва-ўсходняга рэгіёна ў Касцюковічах — Беларускі цэментны завод. Фота: golk.by.
— Рэгіянальная палітыка на будучую пяцігодку накіравана на павышэнне прывабнасці для жыцця і работы невялікіх гарадоў, размешчаных за межамі сталіцы і абласных цэнтраў. Гэта перш за ўсё стварэнне новых высокатэхналагічных рабочых месцаў, будаўніцтва жылля і сацыяльных аб’ектаў…
— Такая работа вядзецца намі ўжо не першы год. У рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці» і Праграмы з аднайменнай назвай дасягнуты пэўныя станоўчыя вынікі — створана 230 новых камерцыйных арганізацый, суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у гэтых раёнах перавысіла дзве тысячы чалавек, на зноў створаныя рабочыя месцы працаўладкавана каля 2,5 тысячы чалавек. У эканоміку і сацыяльную сферу рэгіёна накіравана больш чым адзін мільярд рублёў інвестыцый у асноўны капітал, прыцягнута каля 37 мільёнаў долараў прамых замежных інвестыцый. Па выніках работы за пяць гадоў тэмп росту выручкі на аднаго сярэдняспісачнага работніка павялічаны тут больш чым у два разы. Пры гэтым суадносіны сярэднеабласной выручкі на аднаго работніка і аналагічнага паказчыка па паўднёва-ўсходнім рэгіёне павялічылася з 69,8 % у 2016 годзе да 86,1 % у 2020-м.
За пяць гадоў на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна ўведзена ў эксплуатацыю амаль 170 тысяч квадратных метраў жылля, пабудавана і адрамантавана 190 кіламетраў мясцовых аўтамабільных дарог. Паўднёва-ўсходні рэгіён — гэта трэць раёнаў нашай вобласці, якія ў сілу розных абставін трапілі ў складанае эканамічнае становішча. Але дзякуючы дзяржпадтрымцы яны атрымалі магчымасць яго палепшыць. І новая праграма на будучую пяцігодку з пашыраным пералікам ільгот і прэферэнцый, якая была зацверджана сёлета, дасць магчымасць стварыць для тых, хто тут жыве, найбольш камфортныя ўмовы.
Дынаміка валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП) Магілёўшчыны ў 2019 — 2020 гадах (у супастаўных цэнах і працэнтах). Крыніца: mogіlev.belstat.gov.by
— Прэзідэнт неаднаразова звяртаў увагу на тое, што сацыяльна-эканамічная палітыка дзяржавы не павінна ісці ў разрэз з жаданнямі і спадзяваннямі народа. Часта даводзілася бачыць, якія гарачыя абмеркаванні разгараліся часам на дыскусійных пляцоўках, як актыўна людзі спрабавалі данесці тое, што можа дапамагчы арганізаваць якасную работу на месцах і ў выніку прывесці да росту дабрабыту краіны.
— Жыхары Магілёўшчыны з кастрычніка мінулага года актыўна ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. Усяго ў вобласці праведзена больш чым 120 дыялогавых пляцовак, паступіла і накіравана ў аргкамітэт сходу звыш 270 прапаноў ад насельніцтва і грамадскіх аб’яднанняў. Шырокі рэзананс у вобласці мела дыскусійная пляцоўка «Эканоміка», дзе абмяркоўвалася галоўнае пытанне: чаго не хапае эканоміцы краіны для ўстойлівага і апераджальнага росту? У абмеркаванні бралі ўдзел кіраўнікі найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў, прыватных кампаній, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, вышэйшых навучальных устаноў і тэхнапаркаў, асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Магілёўскай вобласці. Усе салідарныя ў тым, што важным крокам у найбліжэйшай перспектыве павінна стаць удасканаленне спрыяльнага дзелавога асяроддзя — стварэнне стабільных, камфортных і прадказальных умоў для інвеставання і вядзення бізнесу. Першымі ў гэтым ланцужку знаходзяцца ВНУ, паколькі менавіта там зараджаюцца новыя ідэі і распрацоўкі, а таксама рыхтуюцца кадры для рэальнага сектара эканомікі. Паступіў шэраг прапаноў па больш якасным адборы аспірантаў ВНУ, па ўзаемадзеянні вышэйшых навучальных устаноў з прадпрыемствамі і арганізацыямі. Усе выказваліся за тое, што надышоў час укараняць новыя інструменты падтрымкі прадпрымальніцтва як на пачатковым этапе стварэння суб’екта гаспадарання, так і на этапах яго развіцця. Мы бачым, што многія інструменты, якія прадугледжаны дзеючым Указам № 255 і актуальныя ў 2009 годзе, цяпер незапатрабаваныя, ёсць вострая неабходнасць у новых формах падтрымкі. Для таго каб утрымаць моладзь у рэгіёне, неабходна даць ёй магчымасць самарэалізавацца. Патэнцыял ёсць. За апошнія пяць гадоў у разы вырасла колькасць жадаючых узяць удзел у стартап-конкурсах. На жаль, мы не маем заканадаўчай магчымасці даць грант на рэалізацыю найлепшых праектаў і падтрымаць бізнес, які толькі пачынаецца. У выніку маладыя людзі часта знаходзяць фінансаванне па-за межамі нашай краіны. Гэтыя і іншыя прапановы былі накіраваны для разгляду на вышэйшым узроўні. І многія з іх знайшлі сваё адлюстраванне ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады.
Нэлі ЗІГУЛЯ