Конкурс юных мадэльераў

Сінькевіч, Г. Конкурс юных мадэльераў : [фінал абласнога конкурсу юных мадэльераў «Залатое вераценца»] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 24 красавіка. — С. 4.

Фінал абласнога конкурсу юных мадэльераў “Залатое вераценца” прайшоў у Магілёве.

— Сёлета ў творчым спаборніцтве прынялі ўдзел прадстаўнікі 28 устаноў дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта навучэнцы з розных раёнаў Магілёўскай вобласці, — паведаміла метадыст інструктыўна-метадычнага аддзела Абласнога цэнтра творчасці А.М.Клачкова.

Паводле яе слоў, конкурс юных мадэльераў праводзіўся ў тры этапы. Першы — эскізны адбор. Удзельнікі прадстаўлялі распрацаваныя эскізы калекцый. Лепшыя ідэі былі дапушчаны да прамежкавага этапу — “Увасабленне”. Аўтары стваралі зацверджаныя калекцыі адзення ў тканінах і матэрыялах. Завяршальным этапам стаў фінал.

— У фінале праходзіў конкурсны паказ калекцый. Кожная калекцыя адзення мела сваю назву і музычнае суправаджэнне. Усяго было прадстаўлена 24 калекцыі з 16 устаноў адукацыі. Сваю творчасць канкурсанты праяўлялі ў трох намінацыях — “Кветкавы эпатаж”, “Па-за часам”, “Подых пяшчоты”, — расказала Аліна Міхайлаўна.

Па выніках конкурсу ў намінацыі “Кветкавы эпатаж” лепшай была прызнана калекцыя “Макі” ўзорнай студыі мадэлінгу “Стыль” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска. У намінацыі “Па-за часам” перамогу атрымалі навучэнцы ўзорнай студыі юнага мадэльера “Жамчужына” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска з калекцыяй “Востраў дзяцінства”. А ў намінацыі “Подых пяшчоты” дыплом І ступені заваяваў узорны аматарскі калектыў “Тэатр моды “Цукеркі” Клічаўскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з калекцыяй “Дантэла”. Усяго прызавымі дыпломамі было адзначана дзесяць калектываў. Усе лепшыя канкурсанты атрымалі каштоўныя падарункі ад партнёраў творчага спаборніцтва.

Конкурс юных мадэльераў “Залатое вераценца” арганізуецца з мэтай выяўлення творчых здольнасцей і эстэтычнага густу навучэнцаў, падтрымкі дзіцячай ініцыятывы па развіцці маладзёжнай моды, прафарыентацыі моладзі. Арганізатарам конкурсу выступаюць галоўнае ўпраўленне па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і Абласны цэнтр творчасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным цэнтрам творчасці.