Крэатыўныя, творчыя, таленавітыя

Сінькевіч, Г. Крэатыўныя, творчыя, таленавітыя : [конкурс прафесійнага майстэрства сярод педагогаў Абласнога цэнтра творчасці] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 24 красавіка. — С. 3.

Менавіта такія педагогі дадатковай адукацыі працуюць у Абласным цэнтры творчасці Магілёва. У гэтым пераканалі бліскучыя выступленні ўдзельнікаў аднайменнага конкурсу прафесійнага майстэрства, што прайшоў у АЦТ. 

Прафесійныя конкурсы для педагогаў дадатковай адукацыі ладзяцца ў АЦТ рэгулярна, бо гэта добрая магчымасць для выяўлення, абагульнення і распаўсюджвання перадавога педагагічнага вопыту.

— Педагог дадатковай адукацыі — гэта і настаўнік, і метадыст, і выхавальнік, а яшчэ — сябар і дарадца для навучэнцаў. Удзел у такіх конкурсах дазваляе педагогам раскрыць свае таленты, ярка заявіць аб сабе, павысіць прафесійнае майстэрства, — адзначыў дырэктар Абласнога цэнтра творчасці С.Б.Іваноў.

Сёлета ўдзельнікамі конкурсу сталі восем педагогаў Абласнога цэнтра творчасці. Усе яны прайшлі шэраг выпрабаванняў.

— Конкурсныя заданні былі разнастайнымі. Удзельнікі рыхтавалі ўласны “Прафесійны кейс педагога”, праводзілі адкрытыя заняткі з навучэнцамі і майстар-класы па кірунку дзейнасці, а таксама праходзілі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне “Тэорыя, практыка, вопыт”, — расказала метадыст АЦТ Н.П.Ластачка.

Адметна, што з кожным заданнем канкурсанты справіліся. Напрыклад, на псіхолага-педагагічным тэсціраванні многія ўдзельнікі прадэмастравалі выдатнае веданне нарматыўнай прававой базы і асноў педагогікі. Некаторыя нават амаль дасягнулі максімальна магчымых у гэтым заданні балаў.

Высокі прафесійны ўзровень паказалі педагогі і на адкрытых занятках. Гэта адлюстроўвалася ў мэтазгодным выкарыстанні форм і метадаў арганізацыі дзейнасці дзяцей, актуальнасці выбранай тэматыкі, умелым выкарыстанні дыдактычных і тэхнічных сродкаў навучання. Важна, што эфектыўнасць кожных заняткаў выяўлялася ў дасягненні пастаўленых мэт і іх агульнай завершанасці, што было прадэманстравана ў гатовых прадуктах. Пад умелым кіраўніцтвам сваіх педагогаў навучэнцы рыхтавалі пастаноўку танцавальнай кампазіцыі, вакальнага нумара, паказальныя спартыўныя выступленні, стваралі робатаў, адпрацоўвалі вакальна-харавыя навыкі, замацоўвалі веды па гісторыі, рускай мове, арганізоўвалі тэатралізаваную кампазіцыю беларускіх гульняў і абрадаў.

— Падчас майстар-класаў нашы канкурсанты таксама змаглі раскрыць свой прафесіяналізм не толькі як вузкія спецыялісты, якія добра валодаюць пэўным відам дзейнасці, але і як педагогі, кампетэнтныя ў тэхналогіях навучання дзяцей. Удзельнікі выразна ставілі мэты майстар-класа, дэманстравалі індывідуальны педагагічны стыль, уменне данесці свае веды і вопыт да мэтавай аўдыторыі. Канкурсанты — несумненныя прафесіяналы, таму абсалютна ўсе яны прайшлі ў фінал, — падкрэсліла Н.П.Ластачка.

Кожнага з фіналістаў чакала апошняе заданне — самапрэзентацыя “Знаёмцеся — гэта я!”. Выступаючы на сцэне, канкурсанты раскрывалі свой асобасна-прафесійны вобраз, разнастайнасць талентаў, абазначалі педагагічнае крэда. Кожнае выступленне было напоўнена крэатывам, творчасцю, неверагоднай адданасцю сваёй прафесіі і любоўю да дзяцей.

Вызначэнне пераможцаў было складаным, але ў выніку пераможны дыплом атрымала кіраўнік фальклорнага ансамбля “Карагод” А.У.Меляшчова. Лаўрэатамі конкурсу сталі кіраўнік узорнага ансамбля “Руская песня” А.В.Складнева, педагог аб’яднання па інтарэсах “Руская мова” Н.М.Заяц і педагог аб’яднання па інтарэсах “Гісторыя Беларусі” І.М.Галанава. Усім прызёрам конкурсу былі ўручаны грашовыя прэміі. Але і астатнія ўдзельнікі не засталіся без увагі — яны былі адзначаны ганаровымі дыпломамі па намінацыях.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.