«Лёс дыверсанта»: магілёўскі пракат

Хлыстова, М. «Лёс дыверсанта»: магілёўскі пракат : [у кінатэатры «Радзіма» адбыўся паказ фільма «Лёс дыверсанта» і творчая сустрэча з прадстаўнікамі здымачнай групы] / Марыя Хлыстова // Культура. — 2021. — 5 чэрвеня. — С. 16.

На днях у Магілёве ў кінатэатры “Радзіма” адбыўся паказ фільма “Лёс дыверсанта”. Яго прэм’еру чакалі яшчэ ў мінулым годзе, і вось, нарэшце, яна дайшла да гледачоў: Магілёўскі “Кінавідэапракат” не толькі запусціў фільм, але і арганізаваў творчую сустрэчу з прадстаўнікамі здымачнай групы.

/i/content/pi/cult/853/18106/01.jpgСцэнарый да стужкі напісаў беларускі драматург Павел Магіліна, рэжысёрам выступіў Дзмітрый Астрахан, вядомы па фільмах “Ты ў мяне адна”, “Усё будзе добра” і шматлікіх іншых.

Паказ новага фільма адбыўся ў рамках патрыятычнай акцыі, якую запусцілі ў Год народнага адзінства і да 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

— Для нас вельмі важна праводзіць мерапрыемствы падобнага роду, — адзначыла начальнік аддзела рэкламы Магілёўскага абласнога вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Кінавідэапракат” Аксана Губарэвіч. — Мы ўключаем у пракат фільмы патрыятычнай накіраванасці, каб наша моладзь выхоўвалася на гісторыі. Карціны карыстаюцца папулярнасцю, а нашымі гасцямі часта з’яўляюцца навучэнцы школ, каледжаў і вну.

Ваенна-гістарычная драма “Лёс дыверсанта” прысвечана подзвігам беларускіх падпольшчыкаў і партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны. Вобраз Алеся Арловіча, галоўнага героя, — зборны, але ў яго аснову лёг лёс Фёдара Крыловіча, беларускага падпольшчыка, які здзейсніў найбуйнейшую сухапутную дыверсію Другой сусветнай вайны на чыгуначнай станцыі Асіповічы: двума мінамі знішчыў каля пяці складаў танкаў з боепрыпасамі і тэхнікай.

/i/content/pi/cult/853/18106/02.jpgМагіляўчанам прадставілася ўнікальная магчымасць сустрэцца з сурэжысёрам карціны Артурам Ільіных і акцёрам, старшынёй Саюза кінематаграфістаў Беларусі Віктарам Васільевым.

Усе кадры здымалі ў Беларусі, у асноўным у Мінску і ваколіцах. Сурэжысёр і сам удзельнічаў у масавых сцэнах, і ахвотна з гумарам падзяліўся сваімі ўражаннямі:

— У Смалявічах нам была выдзелена велізарная пляцоўка, дзе мы вырылі зямлянкі і акопы, падрыхтавалі і задзейнічалі піратэхніку для здымак. Так што ёсць “Галівуд” і “Балівуд”, а ёсць “Смолевуд”. Судзіць гледачам, але, думаю, фільм атрымаўся.

Марыя ХЛЫСТОВА