Жудро, М. Шлях да прафесійных вяршынь : [гутарка з рэктарам МДАІРА, кандыдатам эканамічных навук, дацэнтам М. М. Жудро] / Міхаіл Жудро ; гутарыла Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 8 чэрвеня. — С. 8.
Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі займае выключную ролю ў сістэме адукацыі рэгіёна. МДАІРА — своеасаблівы навукова-метадычны цэнтр, дзе захоўваюць і прымнажаюць лепшыя педагагічныя традыцыі. Сёлета навучальная ўстанова адзначае значную юбілейную дату — 80 гадоў з дня заснавання.
Якім быў пройдзены інстытутам шлях, якія тут бачаць перспектывы развіцця? Аб мінулым, сучаснасці і планах на будучыню расказаў рэктар МДАІРА, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Міхаіл Міхайлавіч Жудро.
— Міхаіл Міхайлавіч, юбілей — гэта пэўны рубеж, нагода для таго, каб азірнуцца назад. Якім быў інстытут падчас свайго заснавання?
— Восемдзесят гадоў назад МДАІРА ўяўляў сабой драўляны будынак, дзе было толькі 7 сталоў і 12 крэслаў. Але ўжо ў той час інстытут выконваў сваю галоўную задачу — вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне перадавых метадаў навучання і выхавання. За даволі працяглую гісторыю існавання абласны інстытут развіцця адукацыі неаднойчы мяняў назву, але яго прызначэнне заставалася нязменным.
З першых дзён інстытут выконваў каардынуючую ролю ў пытаннях методык і тэхналогій выкладання, арганізацыі дзейнасці навучальных устаноў, падрыхтоўкі настаўнікаў да ўкаранення новых вучэбных праграм. Супрацоўнікі інстытута заўсёды былі ў першых радах па выкананні задач, якія спрыялі развіццю сістэмы адукацыі вобласці. Мэты функцыянавання МДАІРА заўсёды вызначаліся сацыяльным заказам грамадства, патрабаваннямі дзяржавы да сістэмы адукацыі, арыентаваліся на ўсебаковае павышэнне прафесіяналізму педагагічных работнікаў.
— А што ўяўляе сабой абласны інстытут развіцця адукацыі сёння?
— Сёння інстытут — не проста вядучы рэгіянальны цэнтр павышэння кваліфікацыі педагогаў. Мы дынамічна развіваемся ў розных напрамках. У нашай структуры — шэсць цэнтраў, дзве кафедры, дванаццаць аддзелаў, адно ўпраўленне, бібліятэка. У рамках рэалізацыі палажэнняў Канцэпцыі інфарматызацыі адукацыі мадэрнізавана ІТ-інфраструктура нашай установы: паўсюдна маецца хуткасны шырокапалосны доступ у інтэрнэт, вучэбныя аўдыторыі забяспечаны камп’ютарамі, прэзентацыйнымі праектарамі, мультыбордамі, іншым патрэбным абсталяваннем.
Летась значнай падзеяй для нас стала адкрыццё STEM-цэнтра, у структуру якога ўвайшлі віртуальныя лабараторыі “Інфарматыка без разеткі”, “Алгарытмы і робаты”. Гэта дало нам магчымасць распаўсюджваць сярод педагогаў ідэі STEM-адукацыі, навучаць іх лега-канструяванню і робататэхніцы, знаёміць з дапоўненай і віртуальнай рэальнасцю, выкарыстаннем гульнявых тэхналогій у адукацыйным працэсе. Усё гэта дазваляе плаўна рыхтаваць настаўнікаў да рэалізацыі Канцэпцыі лічбавай трансфармацыі адукацыі Магілёўскай вобласці.
Увогуле, дзякуючы добрай матэрыяльнай базе, нашы спецыялісты паспяхова ажыццяўляюць інфармацыйна-аналітычную, вучэбна-метадычную, навуковую, рэдакцыйна-выдавецкую дзейнасць. Рознабаковая практычная, інавацыйная накіраванасць, сучасныя тэхналогіі дазваляюць нам цалкам забяспечваць сферу адукацыі рэгіёна прафесійнымі кадрамі патрэбнага кваліфікацыйнага ўзроўню.
— Якім чынам у МДАІРА ажыццяўляецца павышэнне прафесійнай кампетэнцыі педагогаў?
— Асноўны напрамак дзейнасці — арганізацыя курсаў павышэння кваліфікацыі. У мінулым годзе мы правялі навучанне 210 груп. Сваю кваліфікацыю павысілі звыш пяці з паловай тысяч педагагічных работнікаў.
Важна, што мы пастаянна абнаўляем адукацыйныя праграмы, імкнёмся да таго, каб яны адпавядалі новым тэндэнцыям у сферы адукацыі. Лекцыі са слухачамі праводзяць як нашы метадысты, так і выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, педагогі-практыкі. Апошнім часам мы ўсё часцей запрашаем да супрацоўніцтва менавіта настаўнікаў са школ, якія маюць пэўныя эфектыўныя напрацоўкі. Гэта дазваляе шырока трансліраваць лепшы педагагічны вопыт, а слухачы курсаў маюць магчымасць адкрываць для сябе новыя перспектывы ў прафесіі.
Для тых педагогаў, якія жадаюць пастаянна быць у курсе апошніх методык і новаўвядзенняў у адукацыйнай галіне, мы арганізуем курсы павышэння кваліфікацыі на платнай аснове. Многія з іх маюць тэматычную накіраванасць, дазваляюць авалодаць асновамі канкрэтнай адукацыйнай тэхналогіі.
МДАІРА — яшчэ і цэнтр перадавой педагагічнай думкі. Па ініцыятыве спецыялістаў нашых аддзелаў і цэнтраў у інстытуце пастаянна праходзяць разнастайныя адукацыйныя мерапрыемствы: семінары, практыкумы, канферэнцыі, нарады, фестывалі, круглыя сталы, трэнінгі, форумы, майстар-класы, конкурсы. Летась мы правялі 274 такіх мерапрыемствы, а ўдзел у іх прынялі амаль 19 тысяч педагогаў.
Магчымасць выбару розных форм для самаадукацыі матывуе педагогаў на прафесiйнае ўдасканаленне. Як вынік, у педагагічных работнікаў Магілёўшчыны дастаткова высокі адукацыйны і кваліфікацыйны ўзровень. Сёння больш за 80 працэнтаў магілёўскіх педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, амаль 70 працэнтаў — вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі, а 39 педагогам прысвоена кваліфікацыя “настаўнік-метадыст”.
Хацелася б падкрэсліць, што асаблівую ўвагу мы ўдзяляем падтрымцы маладых педагогаў, бо ад таго, як будзе арганізавана метадычная дапамога, шмат у чым залежыць іх замацаванне ў прафесіі. У інстытуце дзейнічае школа маладога спецыяліста. Акрамя гэтага, для стымулявання настаўнікаў-пачаткоўцаў да прафесійнага росту мы штогод праводзім фестываль “Прызванне — педагог”. Адметна, што некаторыя з удзельнікаў гэтага фестывалю сталі дырэктарамі школ, кіраўнікамі органаў мясцовага самакіравання.
— Адукацыя зараз павінна быць бесперапыннай, асабліва гэта актуальна для педагогаў. У інстытуце ўлічваецца такое патрабаванне часу?
— Намаганнямі калектыву МДАІРА ў рэгіёне сёння многае зроблена для арганізацыі бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Адбыўся пераход на кластарную мадэль развіцця, якая забяспечвае інтэграцыю патэнцыялаў адукацыі, псіхолага-педагагічнай навукі і эфектыўнай адукацыйнай практыкі. Рэгіянальны кластар створаны на базе МДУ імя А.А.Куляшова. Яго асноўная мэта — фарміраванне эфектыўнай сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі з улікам асаблівасцей Магілёўскай вобласці. Зараз у склад кластара ўваходзяць 40 устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Важна таксама, што сістэма адукацыі дарослых у нас сфарміравана на аснове міжнародных стандартаў. МДАІРА вядзе актыўнае супрацоўніцтва з разнастайнымі замежнымі ўстановамі адукацыі. Інстытут актыўна ўзаемадзейнічае з навучальнымі ўстановамі Расіі, Казахстана, Узбекістана, Украіны, Венгрыі. Толькі за апошнія два гады было заключана больш за 50 дагавораў аб супрацоўніцтве, у рамках якіх праводзяцца сумесныя канферэнцыі, стажыроўкі, павышэнне кваліфікацыі педагогаў.
Упор робім таксама на наладжванне сацыяльнага партнёрства, трывалых узаемаадносін паміж установамі адукацыі, сям’ёй і грамадствам, бо ўпэўнены, што сучасная адукацыя не павінна абмяжоўвацца толькі сценамі навучальных устаноў.
— Імклівыя змены ў грамадстве патрабуюць і ад сферы адукацыі змяненняў, якія б адпавядалі сучасным рэаліям. Якая ўвага ў МДАІРА ўдзяляецца падтрымцы інавацыйнай дзейнасці навучальных устаноў, педагагічных ініцыятыў?
— Сучасная адукацыя, з аднаго боку, адаптуецца да пастаянных пераўтварэнняў у соцыуме, а з другога — выступае іх ініцыятарам. Па гэтай прычыне сфера адукацыі павінна сама бесперапынна абнаўляцца і развівацца, быць інавацыйнай, каб забяспечваць сваё эфектыўнае функцыянаванне. Менавіта комплексная падтрымка адукацыйных практык, заснаваных на рэалізацыі новых педагагічных і кіраўніцкіх ініцыятыў — адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці інстытута. Гэта спрыяе росту колькасці ўстаноў адукацыі, якія маюць статус рэспубліканскіх інавацыйных і эксперыментальных пляцовак.
За апошнія гады ў Магілёўскай вобласці вызначылася тэндэнцыя ўстойлівага росту колькасці рэалізуемых рэспубліканскіх інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Зараз актыўная інавацыйная дзейнасць ажыццяўляецца на базе 114 устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі рэгіёна. Усе пачынанні асобных настаўнікаў і педагагічных калектываў усебакова метадычна падтрымліваюцца супрацоўнікамі інстытута. Акрамя гэтага, толькі ў мінулым годзе па ініцыятыве МДАІРА было створана 14 рэсурсных інавацыйных цэнтраў, якія дапамагаюць забяспечваць адзінства рэгіянальнай навукова-педагагічнай прасторы і распаўсюджванне эфектыўнага інавацыйнага вопыту.
Інавацыйныя праекты ажыццяўляюцца і непасрэдна на базе інстытута. Зараз мы рэалізуем праект “Укараненне комплексу лічбавых рэсурсаў бесперапыннага прафесійнага развіцця выхавальнікаў дашкольнай адукацыі ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў адукацыі”. Таксама МДАІРА займаецца каардынацыяй маштабнага абласнога праекта “Мая зямля — Прыдняпроўе”, мэта якога — фарміраванне ў падрастаючага пакалення каштоўнасных адносін да сацыякультурнай спадчыны Магілёўшчыны. Хацелася б адзначыць, што нядаўна ў нас быў створаны інавацыйны рэсурсны цэнтр па рабоце з дзецьмі і дарослымі супольнасці рома.
Значна і тое, што МДАІРА прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці. Мы перакананы, што пераход да ўстойлівага развіцця немагчымы без станаўлення адукацыі, таму ўжо сёння неабходна забяспечваць прафесійнае павышэнне кваліфікацыі ўдзельнікаў практык устойлівага развіцця, ствараць адпаведныя адукацыйныя рэсурсы, падтрымліваць дзіцячыя і маладзёжныя ініцыятывы, выкарыстоў-ваць розныя механізмы па ўключэнні навучальных устаноў у рэалізацыю прынцыпаў устойлівага развіцця праз даследчую, праектную, сацыяльна значную дзейнасць. Адзначу, што створана і функцыянуе партнёрская сетка ўстаноў адукацыі рэгіёна ў інтарэсах устойлівага развіцця.
— МДАІРА — сучасная ўстанова адукацыі, але да новага тут імкнуцца, захоўваючы лепшыя традыцыі мінулага…
— Так. Мы разумеем, што адукацыя будзе якаснай, калі гарманічна спалучаць традыцыйнае і перадавое, таму на працягу шэрага гадоў спецыялістамі інстытута вялася карпатлівая работа па стварэнні музея гісторыі народнай адукацыі Магілёўскай вобласці. Сёлета музей быў афіцыйна зарэгістраваны.
Вопыт папярэдніх пакаленняў настаўнікаў, заснавальнікаў педагагічных традыцый Магілёўшчыны актыўна трансліруецца падчас экскурсій, якія на пастаяннай аснове праводзяцца для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі. Матэрыялы васьмі раздзелаў музея адлюстроўваюць храналогію развіцця адукацыі вобласці з пачатку з’яўлення пісьменнасці і да сучаснасці. Асноўны фонд музея змяшчае больш за паўтары тысячы экспанатаў, многія з якіх з’яўляюцца ўнікальнымі. Наведваючы музейны пакой, педагогі дэталёва знаёмяцца з багатай гісторыяй народнай асветы нашага рэгіёна. Экскурсіі праводзяцца і для навучэнцаў, што з’яўляецца своеасаблівай прапагандай сярод школьнікаў любові і павагі да працы настаўніка, арыентацыяй моладзі на педагагічныя прафесіі.
— Магілёўскі абласны інстытут развіцця адукацыі сёння эфектыўна функцыянуе і дынамічна развіваецца. Напэўна, гэта было б немагчыма без зацікаўленасці ў агульным поспеху ўсяго педагагічнага калектыву?
— Сапраўды. І хачу сказаць, што працоўны калектыў МДАІРА — гэта таленавітыя прафесіяналы сваёй справы, якія нястомна перадаюць свае веды і вопыт педагогам вобласці.
Сёння ў інстытуце працуюць звыш 120 высокакваліфікаваных спецыялістаў. Сярод іх ёсць кандыдаты навук, выдатнікі адукацыі Беларусі, аўтары вучэбных праграм і вучэбна-метадычных комплексаў для сістэмы дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі і адукацыі дарослых, члены дзяржаўных экзаменацыйных камісій устаноў вышэйшай адукацыі, члены прадметных секцый навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі, рэцэнзенты падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Хацелася б адзначыць супрацоўнікаў, якія аддалі значную частку прафесійнай дзейнасці нашай установе адукацыі. Гэта галоўны бухгалтар А.М.Назаранка, начальнік цэнтра Н.Р.Афанасьева, начальнікі аддзелаў М.К.Мішкевіч, В.М.Сакалова, С.В.Селязнёва, В.М.Вайлупаў, метадысты Г.А.Сачанок, С.В.Кандрацьева, А.В.Кліндухова, Л.А.Машкоўская, Ж.М.Капытова, Д.У.Лусцянкова, Л.Л.Андрэйчыкава, І.П.Атрошанка, Т.У.Смірнова.
Усе метадысты і выкладчыкі інстытута штогод дэманструюць прафесійнае майстэрства і вялікі творчы патэнцыял, накіраваны на фарміраванне новага мыслення і сучасных падыходаў у дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў у адпаведнасці з прынятым адукацыйным стандартам. Супрацоўнікі МДАІРА дапамаглі стаць сапраўднымі прафесіяналамі тысячам педагагічных работнікаў рэгіёна.
— Плённая работа калектыву МДАІРА з’яўляецца дастойным укладам у развіццё сістэмы адукацыі Магілёўшчыны. А якія планы ў інстытута, да чаго ўстанова будзе імкнуцца ў найбліжэйшай перспектыве?
— Вучыць настаўнікаў — нялёгкая праца. Але наш калектыў з ёй спраўляецца. 80 гадоў — значная дата, аднак гісторыя МДАІРА працягваецца, і мы будзем імкнуцца напаўняць яе новымі поспехамі і здзяйсненнямі. Планаў на будучыню шмат і яны разнастайныя. Але наша галоўная місія застанецца нязменнай. Інстытут развіцця працягне быць навукова-метадычным цэнтрам, цэнтрам павышэння кваліфікацыі, цэнтрам распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту і ўсебаковай падтрымкі любых педагагічных ініцыятыў. Адным словам, мы будзем працягваць весці магілёўскіх настаўнікаў да вяршынь прафесійнага майстэрства.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена МДАІРА.