Белякова, І. Дом для «Анімаёўкі» / І. Белякова // Культура. — 2014. — 18 кастрычніка. — С. 5.
«Анімаёўка» сёння — гэта тая падзея, якая, здаецца, ужо непарыўна звязана з Магілёвам. 3 кожным годам форум набывае моц, і зараз, бадай, нікому ў галаву не прыйдзе, што ён можа ладзіцца, скажам, адзін раз на два гады ці ўвогуле спыніць сваю дзейнасць.
Крыху статыстыкі. Калі летась у фестывалі прымалі ўдзел 27 краін, то сёлета іх колькасць павялічылася да 39. Конкурс дзіцячай анімацыйнай творчасці «Я не чараўнік, я толькі вучуся»: здавалася б, ён з’явіўся літаральна тры гады таму, а сёлета ў ім спаборнічалі ўжо 80 работ з 8 краін! Улічваючы такі «аб’ём працы», сёлета мы адмыслова стварылі тры каманды журы: першая ацэньвае асноўны конкурс фестывалю, другая — конкурс стужак, зробленых дзецьмі, а трэцяя — конкурс дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Мой любімы мультфільм».
Пад час «Анімаёўкі» рэжысёры, акцёры, аніматары, мастакі маюць магчымасць пазнаёміцца адно з адным, дазнацца пра праблемы ды перавагі анімацыі суседніх краін, дамовіцца аб супрацоўніцтве. Сёлета, да прыкладу, у журы асноўнага конкурсу працавалі майстры з Расіі, Беларусі, Польшчы, Кітая, Францыі… Мяркую, у працэсе абмеркавання конкурсных работ ім удалося паразумецца, — і тое таксама «плюс» фестывалю. «Анімаёўка» за гэты час паспела згуртаваць вакол сябе кола сяброў, якое «хварэе» за магілёўскі фэст ды рэкламуе яго за межамі краіны. I ў нашых задачах — спрыяць пашырэнню гэтага кола.
Мне даводзіцца бываць на многіх анімацыйных форумах падчас падрыхтоўкі да чарговай «Анімаёўкі». I магу заўважыць, што адметнасць нашага фестывалю — гэта скіраванасць на гледача, святочная атмасфера ды, вядома, цікавая конкурсная праграма. Яна пабудавана такім чынам, каб розны глядач мог пабываць на тых сустрэчах, якія цікавыя менавіта яму. Вось сёлета ганаровым госцем «Анімаёўкі» стаў Леанід Якубовіч, які проста скарыў магілёўскую публіку! На другі дзень татарскія аніматары распавядалі, як можна рабіць мультфільмы «ў хатніх умовах», — пагадзіцеся, гэта зусім іншая прапанова.
Варта адзначыць і такія «фірмовыя» дэталі «Анімаёўкі», як вялізны экран, які працуе на Плошчы Зорак да позняй ночы: мультфільмы можна глядзець у фармаце «open-air» амаль кругласутачна. Таксама мае сваю адметнасць і «чырвоная дарожка» «Анімаёўкі»: па ёй дэфілююць нетолькі ганаровыя ды знакамітыя госці фестывалю, але і маленькія аніматары, чые фільмы заяўлены ў праграме. Дарэчы, наша магілёўская Студыя дзіцячай анімацыі, якая адкрылася толькі два гады таму, сёлета прадставіла на конкурс ажно 13 работ. Гаворка ў яе выпадку ідзе пра выхаванне мастацкага мыслення, пэўную культуру.
Наконт беларускай анімацыі. На сёлетнім фестывалі мы паспрабавалі новы фармат працы з аўдыторыяй: спалучэнне аўтарскай творчай сустрэчы і рэтраспектывы фільмаў Ігара Волчака, Таццяны Кубліцкай, Апяксандра Ленкіна. Знаёмства з рэжысёрамі тут адбываецца на іншым узроўні. Урэшце мы заўсёды імкнёмся годна пpaдстаўляць беларускую анімацыю, артыстаў. He стаў выключэннем дадзены форум.
Сёлета на фестывалі можна было набыць прадукцыю кінастудыі «Беларусьфільм» — дыскі з мультфільмамі нашых рэжысёраў. Тое — таксама наш новы захад па прасоўванні айчыннай кінапрадукцыі. І цікавасць да нашай анімацыі павялічвалася. Пакуль гаворка не ідзе пра шматтысячныя наклады, але попыт на беларускую анімацыю назіраўся, назіраецца і, спадзяюся, будзе расці. Разумею, што тут проста трэба быць актыўнымі і далей рэкламаваць уласную прадукцыю.
Як ужо адзначалася, фестываль вырас — і па колькасці стужак-удзельніц, і па іх якасці, — і гэты ўзровень трымаць не так легка. Нам не выпадае скардзіцца на недахоп увагі з боку Міністэрства культуры краіны, Магілёўскага аблвыканкама (асабліва іх падтрымка адчувалася сёлета), але для далейшага росту неабходны рэформы.
У першую чаргу яны звязаны са з’яўленнем уласнай дырэкцыі фестывалю. Пакуль жа «Анімаёўка» ствараецца высілкамі каманды метададдзела магілёўскага «Кінавідэапракату», а гэта — сем чалавек. Нягледзячы на адданасць фэсту, ад выканання «асноўных» абявязкаў ніхто іх не вызваляе.
Прызнацца, у нас нават ёсць пляцоўка для будучай дырэкцыі — гэта невялічкі дзвюхзальны кінатэатр «Ветразь», які мы плануем зрабіць кінатэатрам «для сямейнага прагляду». Зараз там завяршаецца рамонт. Хацелася б аформіць ягоны інтэр’ер належным чынам, адкрыць там дзіцячае кафэ, ёсць памяшканні і для тых жа анімацыйных студый… Мяркую, гэты кінатэатр пры жаданні мог бы стаць нават пэўнай адметнасцю Магілёва ды, вядома, домам для каманды фестывалю.
Пакуль жа мы ганарымся тым, што ёсць. I гэта—зусім нямала.