Зігуля, Н. Ад старазапеватнай Ліліт да цётачкі Чарлі : [выстава лялек у Магілёўскім музеі этнаграфіі] / Н. Зігуля // Звязда. — 2014. — 22 кастрычніка. — С. 4.
У Магілёў упершыню прыехалі іх чароўныя двайнікі
Заходзіш у залу Магілёўскага музея этнаграфіі — і вочы разбягаюцца. Уся ўпэўненасць у тым, што лялькі засталіся недзе ў далёкім дзяцінстве, кудысьці імгненна знікае. Вачэй не адвесці ад гэтага вытанчанага мастацтва. Сумныя і вясёлыя, задумлівыя і капрызныя — яны зусім не падобныя да сваіх двайнікоў з крамы. Хутчэй на нас з вамі.
Калі б не маленькія памеры «цётачкі Чарлі з Бразіліі», якую так віртуозна сыграў у вядомым фільме Аляксандр Калягін, яе можна было б зблытаць з рэальным героем. Астатнія персанажы — не выключэнне. Уражанне такое, што яны толькі выдаюць сябе за лялек, а насамрэч жывыя.
— Не толькі вы так думаеце, — смяецца Ірына Ражко, кіраўніца вядомай мінскай майстэрні аўтарскіх лялек. — Знаёмыя, якія прыязджаюць да мяне ў госці, нават спаць не могуць там, дзе знаходзяцца мае ўлюбёнцы. Кажуць, адчуванне такое, што нехта за табой назірае.
Менавіта Ірыне належыць ідэя папулярызацыі беларускіх інтэр’ерных лялек. Яе майстэрня з’явілася 12 гадоў таму, якраз тады, калі пачаўся сапраўдны лялечны бум у Еўропе, а потым і ў Расіі. Да гэтых мілых воку фігурак у яе заўсёды ляжала душа, а тут была добрая магчымасць і сябе рэалізаваць, і заняць пэўную нішу. Упэўненасці надалі сябры з Санкт-Пецярбурга і Масквы, прозвішчы якіх ведаюць усе неабыякавыя да інтэр’ерных лялек людзі. Хутка знайшліся аднадумцы, і справа пайшла. Цяпер паглядзець на творчасць айчынных лялечных карыфеяў з задавальненнем ходзяць і дарослыя, і дзеці. Выставу «Спадарыня лялька» Ірына лічыць апагеем гэтага мастацтва. Тут сабрана ўсё лепшае, што было зроблена за апошні час.
— У Магілёве нічога падобнага ніхто дагэтуль не бачыў, — прызнаецца навуковы супрацоўнік магілёўскага Музея этнаграфіі Алена Чарапнёва. — Мы задумвалі прывезці аўтарскіх лялек яшчэ 8 гадоў таму, але атрымалася толькі цяпер. Наведвальнікі ў захапленні ад убачанага. Некаторыя нават запісваюцца на майстар-клас Ірыны Ражко.
Сярод аўтараў, прадстаўленых на выставе, майстры з усёй Беларусі, у тым ліку і з Магілёва. У Вікторыі Ткачовай, напрыклад, — дэбют.
— Для мяне лялькі — не проста хобі, а сапраўдная аддушына, — прызнаецца яна. — Я доўгі час шукала сябе ў іншых тэхніках і нарэшце зразумела, дзе цалкам змагу сябе рэалізаваць.
На выставу Вікторыя прынесла дзве работы — каралеву Жанну Бургундскую з серыі «Праклятыя каралі» Марыса Друона і апакрыфічную Ліліт.
— Шарнірная лялька — мая стыхія, а Ліліт — пакуль што першы вопыт у гэтым напрамку, — кажа аўтар. — Яна задумвалася як каралева, але адразу ж паказала характар і каралевай быць не пажадала. Якіх толькі імёнаў я ёй не прыдумляла, пакуль мяне не асяніла — гэта ж Ліліт. Тая самая жанчына, якую Бог зрабіў роўнай Адаму, з таго ж матэрыялу, што і ён. Але той адхіліў яе за непакорнасць.
Каб авалодаць майстэрствам стварэння шарнірных лялек Вікторыя ездзіла з Магілёва ў Мінск да Ірыны Ражко. Інструкцыі пры жаданні можа знайсці і ў інтэрнэце, але браць урокі непасрэдна ў майстра — гэта зусім іншае. Там жа ў Мінску яна набывае і адмысловы пластык — асноўны матэрыял для работы. На выгляд і навобмацак ён нагадвае пластылін ці, хутчэй, гліну.
Спрабую пранікнуць у таямніцы нараджэння лялькі, але Вікторыя адразу ж папярэджвае, што гэта справа не аднаго дня. А яшчэ патрэбна натхненне. Але, каб я мела хоць нейкае ўяўленне, усё ж такі згаджаецца прыадкрыць таямніцы рамяства. Пачынаем з лёгкага — стварэння ступні. Каб паскорыць працэс навучання, Вікторыя прыносіць сіліконавую форму, якую зрабіла падчас працы над каралевай Жаннай. З сумкі выцягвае ўпакоўку пластыку, і экспрэс-урок пачынаецца.
— Адразу папярэджваю — работа брудная, — кажа Вікторыя, здымае з рук пярсцёнкі, адламвае невялічкі кавалак мяккага пластыку і напаўняе ім формы. Пакуль нарыхтоўка застывае, мастачка агучвае асноўныя патрабаванні. «Прыйдзецца ўспомніць анатомію чалавека, бо без ведання прапорцый нічога добрага не атрымаецца. Лепей пачынаць працу з галавы, а ўжо пад яе фарміраваць астатнія часткі цела. Калі ўсё гатова, бярэмся за пэндзлік і фарбы. Асабліва ўважліва трэба маляваць твар. Каб не было асіметрыі, трэба часцей пераварочваць ляльку ці адыходзіць на нейкую адлегласць — так прасцей убачыць недахопы. А яшчэ нельга брацца за справу, калі дрэнны настрой. Навошта яго перадаваць ляльцы?»
Зляпіць і размаляваць нарыхтоўку — гэта палова справы. Яе яшчэ трэба апрануць. А гэта таксама цэлая навука. Напрыклад, для сваёй Жанны Бургундскай Вікторыя зрабіла касцюм ХІV стагоддзя. Прыйшлося звяртацца да гістарычнай літаратуры, глядзець, якая тады была мода на адзенне і аксесуары.
Некаторыя аўтары ідуць далей і робяць прадметы інтэр’ера. Такіх работ на выставе таксама шмат. Дарэчы, зусім не абавязкова вучыцца ляпіць лялек, іх пры жаданні можна набыць. Невялікая каштуе каля мільёна рублёў, а больш складаныя мадэлі — ад двух мільёнаў і вышэй. Зразумела, не кожнаму такое задавальненне па кішэні. Але ж трэба разумець, што гэта не кітайская штампоўка, якую можна ўбачыць у любым шапіку, а сапраўдны твор мастацтва. Тым больш што аўтар уклаў у яго часцінку сваёй душы.