Бунцэвіч, Н. З роднай крыніцы : [у Магілёўскім абласным мастацкім музеі адбылася выстава «Родны край — крыніца натхнення»] / Надзея Бунцэвіч // Культура. — 2021. — 21 жніўня. — С. 9.
Экспазіцыя ахапіла жывапіс, скульптуру, графіку, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва самай рознай стылістыкі і праблематыкі. Была закранута гістарычная тэма (“Крэўскі вязень” Міхася Максімава, “Раніца старога горада” Васіля Камарова), духоўная (“Свята-Нікольскі манастыр”, “Дарога да храма” Рамана Коршунава, драўляны, выцягнуты да нябёсаў “Прарок” Карнея Аляксеева). Прадстаўлены шматлікія пейзажы, у тым ліку акварэльныя, воўневы габелен “Неба зліваецца з зямлёй” Марыны Несцярук, тры каляровыя літаграфіі Веры Юрковай, блізкія да суровага стылю (“Легенда пра камень”, “Нарач”, “Свіцязь”).
Практычна ва ўсе жанры пранікае філасофскае асэнсаванне. “Між небам і зямлёй” Ігара Бяспалава — аблічча мужчыны між двума порамі года і двума ўзростамі. “Шляхамі Скарыны” Юрыя Несцярука — зусім не чарговая постаць першадрукара, створаная ў 1990-м, а развага пра яго нашчадкаў: перагорнуты адбітак храма ў лужыне і вострыя пікі купалаў, бы ўказкі правільнага шляху. “Нацюрморт з маці” Рыгора Шараева— асацыятыўны партрэт старэйшага пакалення: керасінка, падсвечнік, абрысы старога горада, засохлая галіна дрэва нагадвае дзіду. З назвай усёй выставы перагукаецца прысвечаны В.Бялыніцкаму-Біруле трыпціх Галіны Конанавай “Крынкі — крыніца натхнення”.
Са скульптараў Магілёўшчыны найбольш вядомы таленавіты Андрэй Вараб’ёў, які ўзначальвае Магілёўскае аддзяленне Беларускага саюза мастакоў. Але выстава адкрывае і іншыя імёны. Гранітнае “Сола” Уладзіміра Конанава — пластычная, як сама музыка, выява віяланчаліста, дзе музыкант становіцца адзіным непадзельным цэлым з інструментам, а яго правая рука нагадвае крыло, і з пэўнага ракурсу скульптура становіцца птушкай. “Рыба-птушка” Аляксандра Мінькова — новае слова ў біялогіі, бо рыбін рот нагадвае клюў, а жабры ператвараюцца ў крылы. “Калабок” Аляксандра Мінькова — не проста помнік казачнаму герою, а “навуковае” прасочванне яго роднасных сувязяў са смайлікам.
“Сізіф” Уладзіміра Пахаўцова падаўся мне развагай не толькі пра антычных працаголікаў: герой ці то галавой уваткнуўся — літаральна “сышоў” у вялізны камень, падобны да какоса, ці то гэта яго галава “распухла” да такіх памераў, што яе даводзіцца каціць па зямлі. А галоўнае — дзеля чаго ўсё гэта? Другі керамічны выраб таго ж аўтара — “Журба” (у арыгінале — “Грусть”). Здавалася б, нічога незвычайнага: галава чалавека прытулілася да дрэва. Але кляновы ліст вымушае няўцямна ляцець думкамі да “Залатога шлягеру” — Міжнароднага музычнага фестывалю з магілёўскай прапіскай і адпаведнай эмблемай, а высахлая крона дрэва з дуплом нагадвае вазу. Вось толькі што ў яе пакладзена? Якія чалавечыя ўчынкі?
Сярод нядаўніх жывапісных палотнаў творчай моладзі — “Водар вясны” Аксаны Еўдакіменка, якая нарадзілася ў Маскве, а вучылася ў Віцебску. Твор прасякнуты адчуваннем светлага дзяцінства, літаральна напоены водарам абуджэння. Дзявочы профіль у гатычных акенцах, “прарэзаных” пасярод “егіпецкіх” пірамід — чым не “дачка фараона”, намаляваная ў часы Рэнесансу? Расплывістае сонейка — бы нечы тварык з чорнай шавялюрай. Гэткім перазовам — кудлы зеляніны ў дрэў. Аранжавая плямка — бы перагорнутая Эйфелева вежа. Чырвоная з падцёкам — чаравік на высокім абцасіку (можа, згублены Папялушкай?). А ўсё разам — бы спасылка да шматвяковых пластоў культуры, памножаных на віцебскі авангард і ўбачаных свежым дзявочым позіркам.
Дадам, што сярод мастакоў рэгіёна існуе некалькі творчых дынастый: Конанавы, Несцерукі. У родны Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў размеркавалася сёлетняя выпускніца БДУКМ Дар’я Ананьева — унучка згаданага У.Пахаўцава. Мастацкія крыніцы Магілёўшчыны — папраўдзе бяздонныя.