Сінькевіч, Г. З любоўю да кожнай справы : [настаўніца рускай мовы і літаратуры Магілёўскай гімназіі № 1 В. М. Татарава] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 21 жніўня. — С. 1.
У жыцці часта здараецца так, калі на першы погляд нейкая выпадковасць раптам становіцца лёсавызначальнай. Менавіта такі выпадак, які ў выніку аказаўся шчаслівым, некалі прывёў у педагогіку настаўніцу рускай мовы і літаратуры Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Валянціну Міхайлаўну Татараву.
— Будучы школьніцай, заўсёды асаблівую асалоду атрымлівала ад чытання, ад урокаў літаратуры. Але мары аб тым, каб самой выкладаць гэты прадмет, у мяне не было. На філфак сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова мяне прывёў выпадак. Там ужо вучылася мая старэйшая сястра. Я рушыла ўслед за ёй. Тады нават не задумвалася, што калі-небудзь буду настаўнічаць. Але вучоба, універсітэцкія выкладчыкі настолькі захапілі, што мой погляд на работу педагога змяніўся. А потым, калі ўжо вучыла дзяцей, я дакладна зразумела: педагогіка — гэта маё, — паведаміла В.М.Татарава.
Свой працоўны шлях Валянціна Міхайлаўна пачынала ў сярэдняй школе № 34 абласнога цэнтра. Але адбылася як педагог у Магілёўскай гарадской гімназіі № 1, якой яна ўдзячна за свабоду творчасці. У першай гарадской гімназіі В.М.Татарава выкладае рускую мову і літаратуру на працягу ўжо звыш 22 гадоў. Але ж у папярэднім сказе варта зрабіць невялікую агаворку. Бо Валянціна Міхайлаўна не проста вучыць дзяцей асновам свайго прадмета, яна робіць гэта якасна і эфектыўна, прывіваючы дзецям сапраўдную любоў да слова.
— Я з дзяцінства прывыкла працаваць добра і якасна. А калі любую справу рыхтуеш старанна, ты пачынаеш яе любіць. Гэта ў поўнай меры тычыцца і дзяцей, і дарослых. Калі вучня прывучыць выконваць заданні якасна, з душой, ён абавязкова прыйдзе да поспеху, — расказала Валянціна Міхайлаўна. — Заняткі будую так, каб навучэнцам трэба было думаць і працаваць. Шырока выкарыстоўваю тэхналогію развіцця крытычнага мыслення, праектную тэхналогію і тэхналогію майстэрняў. Упэўнена, што залог паспяховага навучання — пастаяннае паўтарэнне вывучанага. Калі адправіцца на дачу і ў багажнік машыны пакласці веласіпед, дошкі і не замацаваць гэта, што-небудзь давязеш? Нічога. Так і настаўнік павінен на кожным уроку займацца паўтарэннем, замацаваннем вывучаных тэм. Тады будзе вынік, — пераканана Валянціна Міхайлаўна.
І ён ёсць. У класах гэтай настаўніцы высокая паспяховасць навучання. Яе вучні выдатна спраўляюцца з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Сёлета на ЦТ адна з вучаніц набрала максімальна магчымыя 100 балаў.
Асаблівую ўвагу В.М.Татарава ўдзяляе правядзенню ўрокаў літаратуры, бо лічыць, што гэты вучэбны прадмет аказвае на дзяцей асаблівае выхаваўчае ўздзеянне. “На занятках па літаратуры заўсёды зыходжу з успрымання дзяцей, часта даю заданні на развіццё творчага ўяўлення. Сярод сваіх асноўных задач бачу духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення з апорай на творы класікаў. Вучу гімназістаў разумець паэзію, а праз паэтычнае слова берагчы складанасць і глыбіню жыцця, чужы вопыт. Ці ёсць вынік? Думаю, што так. Традыцыйна ў канцы навучальнага года задаю сваім вучням пытанне: “Што новага ў разуменні свету і чалавека вы адкрылі на ўроках літаратуры?” Вось некалькі адказаў цяперашніх адзінаццацікласнікаў: “Для шчасця патрэбны каханне, сям’я, праца, дабрыня і вера”, “Галоўнае ў чалавеку — яго душа”, “Я зразумела, наколькі складанае жыццё, наколькі складана заставацца чалавекам, але і наколькі гэта важна”, “Урокі літаратуры дазваляюць усвядоміць, што можна заставацца сапраўдным чалавекам пры любых сітуацыях і напаўняць свет вакол сябе святлом і дабром”, “Умець быць удзячным. Захоўваць унутры сябе веру. Умець любіць”. Такія думкі навучэнцаў для мяне — лепшая педагагічная ўзнагарода”, — адзначыла Валянціна Міхайлаўна.
Сярод прыярытэтаў педагагічнай дзейнасці В.М.Татаравай — раскрыццё патэнцыялу адораных навучэнцаў. І трэба сказаць, у Валянціны Міхайлаўны цудоўна атрымліваецца развіваць дзіцячыя таленты. Сярод яе вучняў — 26 пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды і алімпіяды Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры. Толькі сёлета яе вучаніцы заваявалі дыпломы І і ІІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. У чым сакрэт такой выніковасці?
— Думаю, уся справа ў атмасферы ўрока. Калі вучню падабаюцца тыя складаныя, глыбокія, філасофскія вершы, якія мы аналізуем падчас заняткаў, ён хоча гэтым займацца і далей. Лінгвістыку могуць вывучыць многія, а вось калі паэзію вучань не адчувае, алімпіяду ён не выйграе. Таму пры падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядным руху мы заўсёды пачынаем з паэзіі, а потым ужо дадаецца ўсё астатняе, — падкрэсліла В.М.Татарава.
Па меркаванні Валянціны Міхайлаўны, многае ў вучнёўскіх поспехах залежыць менавіта ад педагога. Па гэтай прычыне сучаснаму настаўніку неабходна пастаяннае прафесійнае развіццё. Сама В.М.Татарава нястомна знаходзіцца ў творчым пошуку. І гэты пошук небеспаспяховы. Эфектыўных педагагічных знаходак Валянцінай Міхайлаўнай зроблена нямала, і імі яна актыўна дзеліцца — стварае дапаможнікі для педагогаў і навучэнцаў. За апошняе дзесяцігоддзе беларускімі выдавецтвамі надрукавана 15 метадычных дапаможнікаў яе аўтарства: “Планы-канспекты ўрокаў па рускай літаратуры для 9—11 класаў”, “Планы-канспекты ўрокаў. Руская мова, 8 клас”, “Паўрочныя распрацоўкі па рускай літаратуры”, “Падрыхтоўка да цэнтралiзаванага тэсцiравання па рускай мове” і інш. І адметна, што ўсе гэтыя кнігі маюць станоўчыя водгукі і шырока выкарыстоўваюцца. Напрацоўкамі В.М.Татаравай карыстаюцца і ў расійскіх школах. Для расійскіх калег па іх праграме Валянціна Міхайлаўна спецыяльна напісала “Паўрочныя распрацоўкі па рускай літаратуры” для 9—10 класаў.
— Вельмі цікава рыхтаваўся дапаможнік па падрыхтоўцы да ЦТ. Я напісала кнігу, мая дачка запісала відэаразборы заданняў ЦТ, а сын зманціраваў відэа. Зараз вучань можа іх прагледзець, прасканіраваўшы QR-коды ў дапаможніку. Наогул, у кнізе прапанаваны кароткі, лагічны шлях падрыхтоўкі да тэсціравання. Да таго ж у ёй ёсць відэаразборы ўсіх заданняў. А гэта азначае, што дзеці могуць самі, без рэпетытараў, добра падрыхтавацца да экзамену, — заўважыла В.М.Татарава.
Плённая праца Валянціны Міхайлаўны не застаецца незаўважанай. Яна — лаўрэат прэміі “Дасягненне” Магілёўскага гарвыканкама, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У яе працоўнай скарбонцы — шэраг узнагарод ад мясцовых выканаўчых улад, Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі. Для яе гэта значна, але галоўным сваім дасягненнем В.М.Татарава лічыць крыху іншае.
— Для мяне вельмі важна, каб тое, чаму я вучу сваіх навучэнцаў, заставалася ў іх галаве і сэрцы. Адзін з маіх выпускаў падарыў мне ў якасці памятнага падарунка кнігу “Мова ёсць Бог” з надпісам: “Вы далі нам жыццёвыя арыенціры — і мы палюбілі Вас”. Другое радуе, але больш натхняе першае: у іх ёсць арыенціры, як жыць, якімі быць, — расказала Валянціна Міхайлаўна.
Настаўніца чакае чарговага навучальнага года. Сёлета ў яе будзе 100 новых вучняў. “Адна з маіх былых вучаніц на развітанне напісала: “На ўроках літаратуры я зразумела, што справа не ў сітуацыі, а ў душэўнай стойкасці і сіле самога чалавека. А яшчэ зразумела, што не варта ўспрымаць жыццё як гульню ці барацьбу, лепш за ўсё ўспрымаць жыццё як любоў”. Паспрабую, каб і новыя мае вучні на развітанне напісалі прыкладна гэтак жа”, — паабяцала В.М.Татарава.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.