Сінькевіч, Г. Выхоўваюць будучыню на памяці аб мінулым : [МДЭПТК] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 14 верасня. — С. 13.
Лепшы спосаб выхавання патрыётаў — далучэнне моладзі да беларускіх вытокаў, да народных традыцый. Такога меркавання прытрымліваецца калектыў Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Гэта галоўны прынцып, па якім ва ўстанове будуецца сістэма выхаваўчай работы з навучэнцамі.
— Фарміраванне ў навучэнцаў пачуцця любові да роднай зямлі, да роднай навучальнай установы мы лічым ключавым пунктам выхаваўчай работы. Наш педагагічны калектыў ставіць у аснову далучэнне навучэнцаў да гістарычнай, духоўнай, творчай спадчыны беларусаў. “Памятаем мінулае, жывём сучаснасцю, думаем пра будучыню” — такім дэвізам мы кіруемся ў духоўна-маральным і грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, — адзначыў дырэктар каледжа Алег Бахановіч.
Ва ўстанове сапраўды шмат чаго зроблена для таго, каб моладзь ведала і захоўвала гістарычную памяць. На працягу дзесяцігоддзяў тут вядзецца планамерная работа па стварэнні музеяў рознай накіраванасці. У 2012 годзе ўзнік гістарычна-этнаграфічны музей, пасля з’явіўся музей гісторыі каледжа, потым — духоўна-асветніцкі цэнтр. І вось цяпер у навучальнай установе ўрачыста адкрылася галерэя рамёстваў і мастацкай творчасці.
— Аб стварэнні галерэі рамёстваў задумваліся даўно. У нас шмат таленавітых майстроў, педагогаў і навучэнцаў. Пацвярджэнне гэтага — сотні прызавых дыпломаў на розных творчых конкурсах. Акрамя таго, адзін з кірункаў дзейнасці каледжа — выпуск сувенірнай прадукцыі. Сёння мы выпускаем больш за тысячу найменняў сувеніраў. Экспанатаў, сапраўды неверагоднай прыгажосці вырабаў хапала, але неабходна была пляцоўка. Рашэнне знайшлося само сабой. У нашай установе няма не задзейнічаных у вучэбным ці выхаваўчым працэсе плошчаў. Музейныя экспазіцыі ў нас размяшчаюцца і ў цокальных, паддашкавых памяшканнях, і ў калідорах плошчай звыш 1,5 тысячы квадратных метраў. Пад галерэю рамёстваў таксама быў адаптаваны цокальны пакой. Над пераўтварэннем інтэр’ера, стварэннем агульнай кампазіцыі і канцэпцыі галерэі больш за паўгода плённа працавала вялікая творчая група. Але вынік апраўдаў усе намаганні, — паведаміў загадчык аддзялення сярэдняй спецыяльнай адукацыі каледжа Дзмітрый Пятроў.
У педагогаў і навучэнцаў каледжа сапраўды атрымалася стварыць месца, дзе можна наглядна азнаёміцца са светам народных рамёстваў, з побытам беларусаў мінулых стагоддзяў. У галерэі рамёстваў тры асноўныя залы, у якіх прадстаўлены розныя тэматычныя экспазіцыі. Тут размясціліся больш за 700 экспанатаў, у тым ліку звыш 150 карцін гістарычных будынкаў Магілёўшчыны і краіны, геральдычная калекцыя з 70 гербаў і гістарычных карт, вырабленая на льняных тканінах. Гэта і вырабы ў тэхніках саломапляцення, лозапляцення, разьбы і роспісу па дрэве, батыку, і беларуская вышыўка, калекцыі адзення, фларыстыка, аб’ёмныя фігуры і пано, дэкупаж, валенне воўны і інш. Важна, што большасць экспазіцый прысвечана народнай беларускай тэматыцы. Але знайшлося ў галерэі месца і сучаснай творчасці.
У ліку найбольш актыўных стваральнікаў галерэі рамёстваў — выкладчыкі каледжа Данута Чэх-Астрашэўская, Лілія Анісімава і Святлана Снытко, педагог дадатковай адукацыі Мікалай Абдрашытаў, а таксама іх навучэнцы. Педагогі перакананы: заняткі творчасцю ўтрымліваюць вялікі выхаваўчы патэнцыял.
— Працуючы над вырабам, увасабляючы творчую задуму ў жыццё, мы з дзецьмі вывучаем гісторыю і этнаграфію, часта наведваем музеі. Гэта дазваляе навучэнцам падрабязна даведацца пра тое, як жылі іх дзяды, прадзеды, якія ў іх былі жыццёвыя каштоўнасці. Адлюстроўваючы гэтую інфармацыю ў сваёй творчасці, навучэнцы пранікаюцца любоўю да роднага краю, — заўважыла Данута Чэх-Астрашэўская.
— Стараюся далучаць дзяцей да традыцыйных магілёўскіх рамёстваў. Ствараючы такія вырабы, навучэнцы глыбока пранікаюцца народнай культурай. Яны пачынаюць разумець, у чым асаблівасць беларускай творчасці. У моладзі фарміруецца гордасць за свой народ, за тую ўнікальную спадчыну, якая нам дасталася. Менавіта так і зараджаюцца ў маладога пакалення патрыятызм, любоў да радзімы, — упэўнена Лілія Анісімава.
А вось Мікалай Абдрашытаў лічыць, што сёння асабліва важна захаваць беларускія рамёствы, захапіць дзяцей народнай творчасцю, бо гэтыя заняткі дапамагаюць прывіваць моладзі нашы спрадвечныя жыццёвыя каштоўнасці і арыенціры. У гэтым плане стварэнне галерэі рамёстваў — вельмі значная падзея.
Дарэчы, як і ўсе іншыя музеі каледжа, наведаць галерэю рамёстваў на бязвыплатнай аснове можа любы жадаючы. А яшчэ ў наведвальнікаў будзе магчымасць не толькі азнаёміцца з традыцыйнай народнай творчасцю, але і набыць яе ўзоры ў спецыяльнай сувенірнай краме.
Адметна і тое, што зараз у Магілёўскім эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы вядуцца работы па аб’яднанні ўсіх музеяў у адзін комплекс і наданні яму афіцыйнага статусу.
— Кожны наш музей мае сваю адметнасць, самабытнасць. У той жа час кожны з іх служыць лагічным працягам адзін аднаго. Стварэнне афіцыйнага музейнага комплексу дасць магчымасць ажыццяўляць выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем на яшчэ больш якасным узроўні. Ужо распрацаваны экскурсіі рознай працягласці, ствараецца кіназала, дзе наведвальнікі змогуць дапоўніць свае ўражанні ад убачанага, — падкрэсліў дырэктар каледжа.
Ва ўстанове будуць імкнуцца да таго, каб наведвальнікамі музейнага комплексу былі не толькі навучэнцы школ, ліцэяў і каледжаў, але і дашкольнікі. Бо тут упэўнены, што духоўна-асветніцкую работу з дзецьмі варта пачынаць з самага ранняга ўзросту.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара