Танцаваць могуць усе

Хрышчановіч, Н. Танцаваць могуць усе : [ансамбль «Кужалёк» Цэнтра творчасці дзяцей и моладзі «Агат»] / Настасся Хрышчановіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 2 кастрычніка. — С. 8. 

Бывае, шчасціць — і прафесія прыходзіць з дзяцінства. Спачатку ходзіш у дзіцячы харэаграфічны калектыў, потым паступаеш у каледж мастацтваў, становішся педагогам, ствараеш свой ансамбль. І любоў да справы не згасае. Цуд? Хутчэй так, чым не, бо падобныя гісторыі сустракаюцца ўсё радзей. Але тым прыемней іх слухаць.

Добрыя людзі на шляху

Марына Мікалаеўна Прохарава была вельмі актыўным дзіцем. Сама захацела танцаваць — яе запісалі. Гэтага дзяўчынцы падалося недастаткова, таму ў розныя часы яна займалася фігурным катаннем, парашутным спортам, каратэ, лёгкай атлетыкай і гімнастыкай. Сярод усіх спраў больш за ўсё спадабалася харэаграфія. Магчыма, паўплываў добры першы педагог, магчыма, тое, што калектыў шмат выступаў, ездзіў з нумарамі па розных гарадах.

Вырашыць, што рабіць пасля школы, было лёгка — патрэбна харэаграфія. Марына з першага разу паступіла ў Маскоўскі Губернскі каледж мастацтваў. Запомніла часы студэнцтва дзякуючы прафесійным педагогам і цікавай дружнай групе. Прыходзілася шмат працаваць, але яно было таго варта. Шматлікія пастаноўкі прафесійных калектываў, на якія студэнты хадзілі, дапамагалі падзарадзіцца.

— Калі скончыла каледж, прыехала працаваць у Беларусь, у Магілёў. У Расіі ў мяне было шмат прапаноў: магла застацца ў сваім родным горадзе ў Падмаскоўі, магла паехаць у Маскву, але жыццё склалася па-іншаму, — расказвае Марына Мікалаеўна. — Я ніколі не баялася працы, таму пераязджала без страху, аднак мне як маладому спецыялісту было цяжка знайсці месца. У выніку мяне ўзялі ў Палац культуры завода імя С.М.Кірава. З цеплынёй узгадваю тыя часы, бо там былі добрыя, спагадлівыя, творчыя людзі. Потым я трапіла ў харэаграфічны ансамбль “Рунь” (Магілёў) да Віктара і Таццяны Паповых. Гэта была сапраўдная каманда, моцны прафесійны калектыў, які шмат чаго мне даў. Я вельмі ўдзячна, што Віктар Аляксеевіч і Таццяна Фёдараўна сустрэліся на маім шляху, мы да гэтага часу сябруем, хоць яны ўжо і працуюць у Расіі.

Як многім творчым людзям, у пэўны час Марыне Прохаравай захацелася стварыць нешта асабістае, весці людзей згодна са сваім бачаннем. Так з’явіўся ансамбль “Кужалёк” на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва. Харэограф шукала для калектыву назву, якая і ёй прыйшлася б па душы і была звязана з Беларуссю. Песня пра лён, напісаная якраз у Магілёўскай вобласці, дала падказку: “Ох, сэрца — лянок, мая радасць ты, лянок, усё бялюсенькі кужалёк”. Кужалёк — гэта часаны лён, а таксама тонкае палатно, з якога шылі святочнае адзенне.

“Народныя танцы — гэта мая душа, я люблю менавіта іх”.

— Ужо на другі год працы, у 1994-м, мы паехалі на рэспубліканскі тэлевізійны конкурс “Усе мы родам з дзяцінства”, дзе сталі лаўрэатамі. У наступным годзе ўдзельнічалі ў польскім фестывалі ў Зялёнай Гуры з 5 нумарамі — сталі лаўрэатамі. Такі ў нас быў бурны пачатак. Думаю, так атрымалася дзякуючы людзям. Я, напрыклад, да гэтага часу не магу сядзець на месцы, мне не хапае конкурсаў, заўсёды трэба да чагосьці імкнуцца. У мяне трое дзяцей, і ўсе танцавалі ў “Кужальку”. Хацелася, каб яны паглядзелі тое, што ў свой час убачыла я: конкурсы, фестывалі, экскурсіі, паходы і г.д. Мы ездзілі ў Польшчу, Германію, Італію, Францыю, Балгарыю, Эстонію, Маскву, Санкт-Пецярбург, Смаленск, шмат вандравалі па Беларусі.

Апантаная каманда

— У нашым рэпертуары ёсць беларускія, рускія народныя танцы, дзіцячыя, эстрадныя пастаноўкі. У калектыве каля 100 чалавек ад 4 да 17 гадоў. У нас чатыры склады: самыя маленькія “Барбарыкі” і “Васількі”, сярэдняя і старшая групы. Кожны склад мае асобны рэпертуар, — дзеліцца Марына Прохарава.

З харэографам ужо шмат гадоў працуе педагог-балетмайстар выпускніца з першага складу Яўгенія Кісялёва. Разам са сваім мужам, музыкантам і кіраўніком інструментальнага ансамбля-суправаджэння Сяргеем Тужыкавым, Марына Мікалаеўна і стварыла “Кужалёк”. Чацвёрты чалавек у камандзе — касцюмер Наталля, гэта мама адной з выхаванак. Касцюмы ў калектыве шыюць за кошт бацькоў, за што Марына Прохарава ім вельмі ўдзячна. Педагог гаворыць, яны такія ж фанаты справы, як і яна.

— Рэпертуар калектыву мы ствараем самі. Але ёсць і два нумары, якія нам паставілі Віктар і Таццяна Паповы, — “На заслонках” і “Казачы перапляс”, — прызнаецца Марына Мікалаеўна. — Кожны нумар для мяне дарагі і любімы. Мы ў калектыве стараемся захоўваць рэпертуар, каб праз многа гадоў можна было паказаць лепшыя нумары, бо гэта наша гісторыя.

Частыя і адказныя выступленні прадугледжваюць даволі цяжкія заняткі, таму быць часткай “Кужалька” не заўсёды лёгка і для педагогаў, і для выхаванцаў. Некаторыя не вытрымліваюць такой нагрузкі, затое тыя, хто застаецца, зараджаюцца энергіяй дарослых. У выніку выхаванцы становяцца такімі ж апантанымі, наведваюць канцэрты, глядзяць відэа, прыдумваюць асабістыя танцы, распрацоўваюць праграмы і г.д.

— Дзяцей трэба любіць і дазваляць усім паспрабаваць сябе, толькі тады яны могуць раскрыцца, зразумець — іх гэта ці не. Таму я бяру ўсіх у харэаграфію, не гляджу, што хтосьці, дапусцім, нерасцягнуты ці нявываратны. Раптам у іх атрымаецца, як у мяне: танцы стануць любімай прафесіяй, — разважае харэограф. — На занятках мы стараемся быць уважлівымі, добразычлівымі, але і патрабавальнымі. Мы заўсёды размаўляем з дзецьмі: яны расказваюць пра справы ў школе, настаўнікаў, сяброў. Натуральна, у выхаваўчым працэсе мы павінны цесна супрацоўнічаць з бацькамі. Пасля заняткаў, на якія хтосьці не прыйшоў, я тэлефаную бацькам, даведваюся, што здарылася, чым магу дапамагчы. Я да ўсіх стаўлюся аднолькава. Калі ў мяне пыталіся: “Як твае дзеці?”, я заўсёды ўдакладняла, якія: родныя ці ў “Кужальку”. Колькі мы ні ездзілі на канцэрты, фестывалі, людзі не ведалі, што ў ансамблі выступаюць мае родныя дзеці. На рабоце яны заўсёды да мяне звярталіся Марына Мікалаеўна.

Бясконцае свята

“Кужалёк” — вялікая дружная сям’я. Пра гэта ведаюць і дзеці, і бацькі, менавіта таму ўсіх туды цягне. У кожнай сям’і ёсць свае традыцыі. Мы разам адзначаем дні нараджэння, праводзім навагоднія святочныя праграмы, за сцэнарый і напаўненне якіх адказваюць самі дзеці. Важнай традыцыяй з’яўляецца конкурс “Міс і містар “Кужалёк”, прысвечаны 23 лютага і 8 Сакавіка. Выхаванцы рыхтуюць свае нумары (іграюць на музычных інструментах, спяваюць, ставяць сцэнкі, танцы, нумары), а бацькі іх ацэньваюць. Прычым выбіраюць не толькі міс і містара, але і пераможцаў у розных намінацыях. Яшчэ ёсць важная традыцыя пасвячэння ў “кужаляты”. Педагогі са старшакласнікамі распрацоўваюць сцэнарый, раздаюць дзецям сімвалічныя медалі пасля таго, як тыя першы раз выйшлі на сцэну. Малышы заўсёды вельмі хвалююцца, бо гэта таямнічы і адначасова кранальны момант. Таксама “кужаляты” разам ходзяць у паходы з палаткамі, ездзяць на экскурсіі, адпачываюць у летнім лагеры. Дзякуючы гэтым традыцыям, усе становяцца бліжэйшымі адно аднаму, разумеюць, наколькі яны падобныя, і нават пасля выпуску працягваюць сябраваць.

Праз 5 гадоў пасля стварэння ансамбль “Кужалёк” стаў узорным, а ў 2017 годзе атрымаў званне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. Марына Прохарава ў 2010 годзе стала “Жанчынай года” ў аднайменным рэспубліканскім конкурсе ў намінацыі “За прафесіяналізм”.

— Мой дэвіз па жыцці: “Так любіць сваю работу, каб у любы дзень ісці на яе, як на свята”. Праца як свята — гэта калі ты не проста на канцэрт ідзеш у добрым настроі, а калі кожны дзень сябе так адчуваеш, — лічыць Марына Мікалаеўна. — Захаваць цікавасць да сваёй справы мне дапамагаюць любоў да прафесіі, любоў да танца і любоў да дзяцей. Калі яны да мяне прыйшлі — значыць, я ім патрэбна.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва ансамбля “Кужалёк”.