Захоўваючы гістарычную памяць

Сінькевіч, Г. Захоўваючы гістарычную памяць : [выставочныя праекты прысвечаныя Году гістарычнай памяці Магілёўскага абласного мастацкага музея] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 25 студзеня. — С. 1, 5. 

Урачыстая цырымонія адкрыцця выставачных праектаў, прысвечаных Году гістарычнай памяці, адбылася ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава. Культурная падзея стала афіцыйным стартам цыкла такіх патрыятычных мерапрыемстваў у рэгіёне.

 У музеі былі прадстаўлены выставачныя праекты, якія трансліруюць гістарычную праўду, пацверджаную не толькі мастацкімі творамі, але і дакументальнымі сведчаннямі. Так, у аснове праекта “Ідзі і глядзі” графічныя работы народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага і дакументы аб зверствах фашыстаў. Адначасова наведвальнікам прапануецца інтэрактыў — прагляд тэматычнага кінафільма. Такое мастацкае рашэнне выставы стварае трапяткую эмацыянальную атмасферу і дазваляе даведацца пра невядомыя старонкі ваеннай гісторыі Магілёўшчыны.

Усе жахі фашысцкай акупацыі і масавага знішчэння мірнага насельніцтва, горыч страт і выпрабаванняў беларускага народа, а таксама ўзор бяспрыкладнай стойкасці, адвагі, барацьбы і доблесці яго абаронцаў прадстаўлены ў праекце “Нам жыць і памятаць”. Гэтая выстава размясцілася ў пяці экспазіцыйных залах. Кожная з іх — своеасаблівы мастацкі летапіс. Праз творы мастацтва перад наведвальнікамі яскрава раскрываюцца падзеі ваеннага часу на беларускіх землях, паўстае цэлая эпоха, якая каштавала вялікіх ахвяр і пакут, адлюстроўваецца каштоўнасць перамогі.

Своеасаблівая адметнасць гэтага выставачнага праекта — макеты спаленых вёсак, выкананыя ўстановамі адукацыі і культуры рэгіёна ў рамках акцыі, ініцыіраванай абласной арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Усе прадстаўленыя работы выкананы з вельмі падрабязнай дэталізацыяй, прапрацоўкай усіх нюансаў, дзякуючы чаму яны глыбока пагружаюць наведвальнікаў у той час, дазваляюць у літаральным сэнсе адчуць трагедыю.

— Мы стварылі макет вёскі Дубінка нашага сельскага Савета. У лютым 1943 года нямецка-фашысцкімі карнікамі яна была знішчана разам са 186 жыхарамі. Карпатлівую работу па выкананні макета педагогі і навучэнцы вялі на працягу месяца. Каб зрабіць яго максімальна дакладным, звярталіся па дапамогу ў музеі, наведвалі абласную бібліятэку, вывучалі архіўныя матэрыялы, інтэрнэт-крыніцы. У аснову макета таксама ляглі ўспаміны мясцовай жыхаркі Аляксандры Ціханаўны Пятроўскай, якая з’яўляецца жывой сведкай трагедыі. Стварэнне макета вельмі матывавала дзяцей да вывучэння гісторыі. Увогуле, такая дзейнасць спрыяе захаванню памяці аб вайне ў сэрцах падрастаючага пакалення, — лічыць настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Вендаражскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскага раёна Генадзь Вараб’ёў.

Як адзначыў старшыня абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Глаз, ідэя стварэння макетаў спаленых вёсак нара­дзілася з разумення, што гістарычную па­мяць дзецям павінны перадаць людзі старэйшага пакалення. Мэтай было не толькі стварэнне саміх макетаў, але і далучэнне навучэнцаў да пошукавай і даследчай работы. Гэта не першы падобны праект ветэранскай арганізацыі.

— Мы правялі конкурсы відэафільмаў, сачыненняў “75 мірных гадоў у гісторыі маёй сям’і”. Праўнукі пераможцаў паднялі ўвесь сямейны радавод, напісалі цудоўныя творы. У найбліжэйшых планах — ініцыіраваць стварэнне кнігі працоўнай славы, на старонках якой будуць адлюстраваны звесткі аб лепшых людзях з часоў узнікнення раёнаў. Іх імёны павінны захавацца ў памяці нашчадкаў, каб служыць ім яркім прыкладам, — паведаміў Анатоль Глаз.

Пэўную адметнасць сярод экспазіцый мае праект “Таямнічы водбліск стагоддзяў”, які ўключае ў сябе мастацтва будучыні — галаграмы. Наведвальнікам прадстаўлены галаграфічныя выявы старажытных гістарычных артэфактаў. Калекцыя галаграм — унікальныя дакладныя аптычныя вобразы мастацкіх і культурных каштоўнасцей, створаныя дзякуючы навуковым распрацоўкам. Такія тэхналогіі з’яўляюцца адзінымі ў рэспубліцы, але актыўна развіваюцца ва ўсім свеце. Дарэчы, у іх стварэнні, акрамя супрацоўнікаў музея, прымалі актыўны ўдзел выкладчыкі і навучэнцы Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа і прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава.

Паводле слоў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі, вельмі важна, што значнае месца сярод прадстаўленых праектаў займаюць экспазіцыі, прысвечаныя генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— За штодзённай руцінай мы не павінны забываць, наколькі багатае мінулае ў нашай краіны. Асобнае месца ў ім займае Вялікая Айчынная вайна і подзвіг беларускага народа — усіх тых людзей, якія паклалі сваё жыццё на алтар сённяшняга міру. Без памяці аб мінулым не будзе будучыні, як не будзе нашай моцнай незалежнай дзяржавы. Таму мы павінны ганарыцца сваёй гісторыяй і дано­сіць гэтыя пастулаты нашым дзецям. Нездарма ўказам Прэзідэнта 2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Для гэтага прыйшоў час. Наведваючы рэгіёны нашай вобласці, заўважаю, што людзі падтрымліваюць важнасць захавання гістарычнай памяці, надаючы ёй канстытуцыйны статус, — адзначыў Анатоль Міхайлавіч.

Усе выставачныя праекты накіраваны як у гераічнае мінулае, так і на культурную спадчыну Прыдняпроўскага краю, і атрымаюць шырокую папулярызацыю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.