Зрабіць жывапіс хрустальным

Сцяцко, В. Зрабіць жывапіс хрустальным : майстар-клас ад Яўгена Шчатко / Валерыя Сцяцко // Звязда. — 2022. — 16 лютага. — С. 8. 

Прывабнасць мастацтва ў тым, што яно нікога не пакідае раўнадушным. Кожны знойдзе для сябе нешта цікавае: карціны, якія западаюць у самае сэрца, незвычайныя лёсы мастакоў… На адной выстаўцы можна цалкам адчуць бязмежную сілу чалавечага таленту і твораў, якія ён нараджае. «Звязда» разам з галерэяй «АртХаос» вырашылі пазнаёміць усіх з гэтай сілай.


Традыцыйныя абмежаванні мастака ў адным стылі ці жанры — зручная ідэя толькі для падручнікаў па тэорыі мастацтва. У рэальнасці ж, чым больш разнастайнае творчае партфоліа майстра, тым цікавей. Як той казаў, у жыцці трэба паспрабаваць усё. Лагічна, што чым больш таленавітых мастацкіх твораў — тым лепш. Гэта пацвярджае і прыклад магілёўскага мастака Яўгена Шчатко, які за сваё творчае жыццё стварыў і мноства шкляных вітражоў, і дзясяткі карцін з уласным непаўторным стылем, і нават творы манументальнага мастацтва.

Мастацтва пачалося з роднай хаты

Нарадзіўся будучы мастак у вёсцы Рамановічы, што на Гродзеншчыне. Бацька — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, мама — маладая завуч у школе. «Тата быў дэмакратычны чалавек, усё нам дазваляў. Мама — сапраўдная камуністка, канкрэтная, цвёрдая. Яна вяла ў мяне рускую мову і літаратуру, і гэта быў самы строгі настаўнік у маім жыцці. Я ўсё правільна адказваю, выконваю заданні наперад, а яна ўсё роўна мне чатыры ставіць», — успамінае Яўген Іванавіч. Але сваё дзяцінства ён называе залатым. Настаўнікі ў той час мелі даволі добры заробак, таму маглі купіць сваім дзецям шмат што. Асабліва падабалася Яўгену і яго брату маляванне. «Дэмакратычны бацька нам многае дазваляў. Мы любілі маляваць і малявалі дзе хацелі, на сценах, на мэблі, на лесвіцах — уся хата была намі размалёвана. Мабыць, адсюль і пачалася мая любоў да манументальнага мастацтва».

Адна справа — размалёўваць хату ў дзіцячыя гады, а зусім іншая — рабіць маляванне сваёй прафесіяй. Зразумела, што мама будучага мастака не вельмі жадала такога лёсу для свайго сына. «Мама да канца жыцця лічыла, што мастак — гэта не прафесія. Яна хацела, каб я быў настаўнікам, казала, што патрэбная „чалавечая“ спецыяльнасць. Але на маё паступленне ў мастацкае вучылішча адрэагавала нармальна. Бацька ёй сказаў, што я павінен сам свой лёс будаваць. І мне ніхто не перашкаджаў», — расказвае Яўген Іванавіч.

Мастацкае вучылішча, сталіца, творчасць — што можа быць больш рамантычным… Сваё студэнцтва Яўген Іванавіч называе самым прыгожым перыядам у жыцці. І, што цікава, са сваімі аднагрупнікамі і да сёння ў добрых адносінах: «Наша група вельмі дружная і сёння, здаецца, няма больш родных людзей. Мы сустракаемся, маем зносіны. Пастаянна падтрымліваем адзін аднаго».

Калі будучаму мастаку было гадоў 12, сям’я пераехала ў Магілёў. Спатрэбілася некалькі гадоў, каб устанавіць добрыя адносіны з гэтым горадам. Але і родная вёска не адпускала, туды абавязкова былі візіты. Але, як адзначае Яўген Іванавіч, здаецца, прыйшоў час скончыць гэтую сувязь: «Быў момант, калі мне снілася мая вёска, так цягнула туды. Я ўсё кінуў, паехаў і… больш мяне туды не цягне. Усё кардынальна змянілася. Возера наша было абсаджанае івамі, гэта быў асобны свет. Я любіў залазіць на гэтыя івы і назіраць за падводным жыццём. А цяпер іх няма. І ўсё мне там такое чужое стала. Гэта заканамерна, жыццё мяняецца, ідзе наперад».

Спыніць час

Час з яго імклівасцю і няспыннасцю паўплываў на непаўторны стыль Яўгена Шчатко. І гэта сапраўды нешта ўнікальнае. Яго карціны вельмі нагадваюць вітражы, толькі не на шкле, а на паперы. Яны падобныя на яркія мазаікі, дзе цэласная карціна складаецца з мноства маленькіх фрагментаў. Цікава, што свой стыль Яўген Шчатко не лічыць уласным ноу-хау. Ён тлумачыць гэта тым, што ў жыцці няма нічога новага. Асабліва ў жывапісе, дзе ўсё даўно зроблена і намалявана.

«На карціне можна спыніць час. А можна адначасова паказаць два, тры ці чатыры часавыя адрэзкі. Можна вылучыць адзін фрагмент. А можна аб’яднаць мноства фрагментаў і паказаць працэс іх аб’яднання. Я люблю бываць на прыродзе, дзе можна спыніць час і вылучыць з яго адзін кавалак. І люблю вялікія гарады, дзе ўсё хутка рухаецца, адно перацякае ў іншае і немагчыма вырваць адзін фрагмент. Так, недзе ёсць парушэнне перспектывы, прасторы. Можна па-свойму парушаць правілы. І праводзіць эксперыменты з часам таксама можна — спыняць ці аб’ядноўваць фрагменты, калі яны даганяюць адзін аднаго. Гэта як у рабоце са шклом, калі некалькі разоў адлюстроўваецца адна і тая ж рэч», — тлумачыць мастак.

Яўген Іванавіч не проста так прыводзіць як прыклад работу са шклом. Гледзячы на яго творы, здаецца, глядзіш праз акно на свет, дзе ўсё пастаянна мяняецца. І менавіта гэты матэрыял моцна паўплываў на яго мастацкі стыль. Пачалося ўсё ў дзяцінстве, калі бацька зрабіў хлопчыку калейдаскоп. Бітыя шкельцы ў трубачцы, ствараючы дзівосныя ўзоры, сталі яго любімай забаўкай. Час прайшоў, а любоў да калейдаскопа засталася. За сваю кар’еру Яўген Шчатко зрабіў мноства вітражоў. «Я люблю працаваць са шклом. Праз яго зусім інакш успрымаецца свет. Яно заўсёды выглядае лепш, чым малюнак. Груба кажучы, нават калі выраб зроблены дрэнна, ён будзе прыгожым, бо ўсё блішчыць. За апошнія 20 гадоў свет стаў шкляным у прамым сэнсе. Паглядзіце на большасць пабудоў у нашых гарадах. Час дыктуе свае правілы, з’яўляюцца новыя матэрыялы і атрымліваецца зусім іншая эстэтыка, іншае мастацтва. Усё сёння адлюстроўваецца ў шкле».

Калі ўключыць фармалізм і задацца пытаннем, як называецца такі мастацкі стыль, адказу не знойдзеш. Яго не шукае нават сам мастак. Куды цікавей паказаць прыгажосць і рознабаковасць гэтага свету. «Увесь свет цэльны і дэталізаваны адначасова. Часам у кропельцы вады можна ўбачыць цэлы сусвет. Знаёмства з матэрыяламі падштурхнула мяне зрабіць жывапіс хрустальным, мазаічным з дапамогай колеру і рытму. З дапамогай мазаічнасці я імкнуся зрабіць карціну больш выразнай, адначасова цэльнай і дэталізаванай. Мне цікавая не сама ідэя, а працэс работы, прапісванне дэталяў. Тады я амаль не думаю, мая рука сама дыктуе, што рабіць. Карціна ідзе сама. Я магу ў галаве ўявіць адно, а на палатне ўбачыць зусім іншае. Кожны раз адценне, колер, рытм атрымліваюцца іншымі», — разважае мастак.

Адпаведны настрой стварае і музыка. Яўген Іванавіч прызнаецца ў любові да канала «Культура» Беларускага радыё. Як уключыў яго 20 гадоў таму, так і не выключае. Таму яго карціны пішуцца пад літаратурныя творы, класічную музыку. Можна толькі ўявіць, якая творчая атмасфера пануе ў гэтыя хвіліны ў мастацкай майстэрні… Дарэчы, працуе Яўген Іванавіч пастаянна, нават калі няма тэрміновых заказаў ці не плануецца новая выстаўка. «Як толькі з’яўляецца свабодны час, ён пераходзіць у майстэрню. Я не магу не працаваць, у мяне няма выхадных. Я не стамляюся ад работы», — прызнаецца творца.

Па мастацтва — у метро

Сярод творчых інтарэсаў Яўгена Шчатко і манументальнае мастацтва. Карані, зноў жа, з дзяцінства, з размаляваных сцен хаты. Ён нават двойчы спрабаваў паступаць у Акадэмію мастацтваў, каб атрымаць адпаведную адукацыю. Не пашчасціла. Але гэта не перашкодзіла яму ствараць карціны не толькі на палотнах, а і на сценах пабудоў. Легальна, вядома. Аднак і з не заўсёды законнага стрыт-арту можна выйсці толк, лічыць мастак. Толькі калі гэты стрыт-арт зроблены з розумам і ў добрых мэтах.

Яўген Шчатко дае параду, дзе можна паглядзець выдатныя творы манументальнага мастацтва ўсяго за 80 капеек, — Мінскі метрапалітэн. Яго ён называе музеем беларускага манументалізму. «У метро можна адсачыць усю гісторыю нашага манументальнага мастацтва. Сіняя ветка — гэта 1980–1990 гг. Чырвоная ветка ў бок „Каменнай горкі“ — пачатак 2000-х. А тры новыя станцыі — наш час. Я вельмі рады за маладых мастакоў, якія стваралі новыя станцыі. Яны цяпер набралі самую сілу і зрабілі ўсё выдатна. Станцыя метро „Вакзальная“ выканана проста цудоўна. Такім павінна быць сучаснае мастацтва».

Заўсёды трэба спрабаваць

У пачатку лютага Яўгену Шчатко споўнілася 60 гадоў. Узрост, калі вопыт спалучаецца з гатоўнасцю ствараць нешта новае — і крыху аналізаваць творчасць маладых калег. Да іх ён ставіцца з цікавасцю і без рэўнасці. Па словах майстра, у мастацтве не можа быць канкурэнцыі, бо ўсе людзі ўнікальныя і кожны стварае сваё.

«Моладзь павінна праводзіць эксперыменты. Калі людзі нешта ствараюць, значыць, яны так думаюць, іншым нельга прадузята да гэтага ставіцца. Імпрэсіяністы некалі лічыліся жахам. А сёння ўсе захапляюцца Ван Гогам і яго калегамі. Усе маладыя мастакі стараюцца быць арыгінальнымі, некаторыя недацягваюць, у іншых атрымліваецца лепей. Але творчы працэс ідзе і гэта важна. У будучых паэтаў першыя вершы таксама прымітыўныя. Ды некаторыя з іх могуць дайсці і да ўзроўню Шэкспіра. Заўсёды трэба спрабаваць нешта рабіць, і вынік абавязкова будзе. Сёння мастацтва развіваецца, таму што моладзь стараецца, робіць. Я за іх вельмі рады», — падкрэслівае Яўген Іванавіч. І… адразу ж супярэчыць сам сабе. Ён сцвярджае, што мужчынам супрацьпаказана станавіцца мастакамі. Прычын мноства: і асаблівы склад характару, асаблівы светапогляд. І самая банальная прычына — фінансавы складнік. Але, мабыць, сіла мастацтва яшчэ і ў тым, што яно не пытаецца, а проста прыходзіць у жыццё чалавека.

Малодшае пакаленне сваёй сям’і Яўген Шчатко пераканаў не звязваць сваё жыццё з мастацтвам, а заняцца сучаснымі тэхналогіямі. Пакуль яны будуць ствараць будучыню, мастак будзе паказваць яе ў сваіх творах. На думку Яўгена Шчатко, нядрэнная крыніца натхнення: «У нас пачынаецца новая цывілізацыя — лічбавая. І гэта ўплывае на ўсё жыццё, у тым ліку і на мастацтва. На разломе жыць хоць і складана, але цікава».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва героя

г. Магілёў