Зігуля, Н. На стыку навукі і вытворчасці : [у БРУ адкрылася перадавая вучэбна-практычная лабараторыя] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2022. — 15 лютага. — С.11.
У Магілёўскім Беларуска-Расійскім універсітэце адкрылася перадавая вучэбна-практычная лабараторыя BRU-BOSCH Diagnostics
Гэта адпавядае сусветным тэндэнцыям і патрабаванням часу. Лабараторыя вядомага лідара па вытворчасці арыгінальнага аўтамабільнага абсталявання BOSCH стане для будучых спецыялістаў аўтапрама добрай пляцоўкай для практыкі.
Яна з’явілася дзякуючы доўгатэрміноваму супрацоўніцтву кафедры «Тэхнічная эксплуатация аўтамабіляў» і фірмы ТАА «Роберт БОШ».
— Лабараторыя прызначана для вялікага спектра работ, — канстатуе старшы выкладчык кафедры Міхаіл ПЯТРЭНКА. —Тут будуць шліфаваць сваё майстэрства студэнть і 3-4 курсаў па дысцыплінах, накіраваных на павышэнне іх навыкаў у абслугоўванні, рамонце, дыягностыцы аўтамабіляў. Тут для іх запланавана не менш за 20 лабараторных заняткаў, маецца восем рабочых месцаў, якія можна выкарыстоўваць адначасова.
Лабараторыя аснашчаная ўсім неабходным для дыягнаставання сістэмы сілкавання інжэктарнага рухавіка, гідраўлічнай тармазной сістэмы з ABS, праверкі і ачысткі бензінавых фарсунак.
— У нашым распараджэнні знаходзіцца комплекс дыягнастычнага абсталявання, які аб’яднаны ў адзіны праграмны пакет BOSCH ESI (tronik) 2.0, — удакладняе старшы выкладчык. — Мы яго набылі ў рамках вучэбнай бестэрміновай ліцэнзіі. Гэты комплекс дазваляе не толькі чытаць памылкі пры праверцы кампанентаў, але і праводзіць тэставыя работы. Напрыклад, дазваляе праверыць стартар на спажыванне току пры запуску.
Сёння такое абсталяванне прымяняецца на аўтасэрвісах — і ў студэнтаў з’явілася ўнікальная магчымасць атрымаць найбольш поўнае ўяўленне аб рабоце з яго кампанентамі, каб адпавядаць тым патрабаванням, якія сёння заяўляе вытворца на сваіх сэрвісных станцыях.
Міхаіл Пятрэнка звяртае ўвагу на тое, што ў камплекце ёсць увесь неабходны інструмент для правядзення дыягностыкі аўтамабіля. З дапамогай праграмы выяўляецца любая няспраўнасць. Гэта найбольш поўны пакет праграмнага забеспячэння, які на дадзены момант пастаўляе фірма BOSCH. Тут ёсць уся неабходная інфармацыя, якую студэнты выкарыстоўваюць пры выкананні курсавых і дыпломных работ. Магчымасці лабараторыі дазваляюць максімальна засвоіць тыя навыкі і кампетэнцыі, якія адпавядаюць патрабаванням, існуючым на сэрвісных станцыях і прадпрыемствах, куды ў далейшым размяркоўваюцца студэнты.
— Адкрыццё лабараторыі — своеасаблівае свята для нашага ўніверсітэта, які летась адзначыў сваё 60-годдзе, — гаворыць доктар тэхнічных навук, прафесар, рэктар БРУ Міхаіл ЛУСЦЯНКОЎ. — Унікальнасць лабараторыі ў тым, што тут, па сутнасці, адбыўся стык сучаснай адукацыі і сучаснай вытворчасці. У нас ва ўніверсітэце існуе, на мой погляд, магутны аўтамабільны кластар. Мы рыхтуем спецыялістаў у галіне праектавання, канструкцыі аўтамабіляў, перспектыўнай спецыяльнасці — электраабсталявання. I ёсць дзве вельмі важныя спецыяльнасці, якія звязаны з тэхнічнай эксплуатацыяй аўтамабіляў і аўтасэрвісам. Гэта інжынеры-эксплуатацыйнікі, якія прызваныя ведаць сучаснае абсталяванне і рамантаваць, а яно з кожным годам ускладняецца. Вельмі прыемна, што адна з наймацнейшых нашых кафедраў «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў» ва ўзаемадзеянні з сусветным лідарам — фірмай «Роберт БОШ» стварыла такую перадавую вучэбную лабараторыю. Гэта будзе садзейнічаць далейшаму развіццю супрацоўніцтва адукацыі і вытворчасці і павышаць кваліфікацыю нашых спецыялістаў.
Супрацоўнікі ўніверсітэта ў адзін голас кажуць, што мець такую лабараторыю для ўніверсітэта, які ўключаны ў праграму 3.0, не толькі прэстыжна, але і вельмі актуальна.
— У нас адкрыты доктарскі Савет па абароне кандыдацкай і доктарскай дысертацый менавіта па нашай спецыяльнасці «колавыя і гусенічныя машыны», — звяртае ўвагу загадчык кафедры «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў» Вольга БІЛЫК. — Гэта дыягнастычная лабараторыя дапаможа павысіць узровень навучанасці студэнтаў, іх прафесіяналізм.
У сярэднім выпуск кафедры складае 80 чалавек. Яе можна смела лічыць мужчынскай: сёння тут няма прадстаўніц прыгожага полу. I было відаць, як у хлопцаў загарэліся вочы, калі яны азнаёміліся з «начынкай» лабараторыі.
— Вельмі сур’ёзнае абсталяванне, самыя сучасныя тэхналогіі, — ацаніў падзею студэнт 3-га курса Уладзіслаў Бурко. — Усё гэта вельмі дапамагае развівацца. Тэхналогіі і аўтамабілі не стаяць на месцы, хочацца даведвацца пра нешта новае, каб быць у курсе апошніх распрацовак. Будзе карысна прайсці падрыхтоўку на такім перадавым абсталяванні.
— Наогул Беларуска-Расійскі ўніверсітэт аснашчаны самым сучасным абсталяваннем па шмат якіх кірунках, — дадае Міхаіл Лусцянкоў. — Аўтамабільны кірунак, звязаны з распрацоўкай аўтатранспарту і яго эксплуатацыяй, знаходзіцца ў прыярытэце. Мы даўно і плённа супрацоўнічаем з такімі гігантамі беларускага аўтамабілебудавання як БелАЗ, МАЗ, МТЗ. Лічу, што мы рыхтуем дастойных спецыялістаў не толькі для Беларусі, а і Саюзнай дзяржавы.
У рамках супрацоўніцтва ўніверсітэта і фірмы «Роберт БОШ» некалькі выкладчыкаў універсітэта прайшло навучанне па вучэбных праграмах фірмы і атрымала адпаведныя сертыфікаты. Гэта дае ім права перадаваць атрыманыя веды студэнтам. Лабараторыя таксама будзе выкарыстоўвацца ў якасці пляцоўкі для правядзення семінараў і майстар-класаў спецыялістамі фірмы «Роберт БОШ».
Нэлі ЗІГУЛЯ.