Сінькевіч, Г. Прафесію — кожнаму : [МДЭПТК] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 17 мая. — С. 7.
У гэтай навучальнай установе прынцыпы інклюзіі даўно рэалізуюцца не на словах, а на справе: пуцёўку ў прафесійнае жыццё даюць і маладым людзям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Наш Цэнтр прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця створаны больш як дваццаць гадоў назад і накіраваны на тое, каб змяніць стаўленне грамадства да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Моладзь з інваліднасцю не павінна быць адна са сваей бядой. Доўгія гады мы працавалі над тым, каб юнакі і дзяўчаты з асаблівасцямі былі роўнымі сярод роўных, каб у іх былі прафесійныя перспектывы, каб яны маглі знайсці сваё месца ў жыцці. Сёння з гордасцю магу сказаць, што задуманае атрымалася, — адзначыў Алег Бахановіч.
За 25 гадоў цэнтр скончылі звыш 2000 асаблівых дзяцей. Яны паспяхова працуюць у будаўнічых арганізацыях горада, зелянгасах, жылкамгасах, на сельскагаспадарчых прадпрыемствах.
Новыя магчымасці ў атрыманні прафесіі для маладых людзей з інваліднасцю адкрыла ўкараненне дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій у каледжы. Спецыяльнасць «Эксплуатацыя электронна-вылічальных машын» дала шырокія перспектывы для паўнапраўнага ўдзелу ў жыцці грамадства асобам, якія маюць парушэнні апорна-рухальнага апарату. Сярод найбольш яркіх выпускнікоў па гэтай прафесіі — малады праграміст Дзмітрый Войтаў.
Юнак не так даўно атрымаў прафесійна-тэхнічную адукацыю, цяпер праходзіць навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай. На чэмпіянаце «WorldSkills. Інклюзія» Дзмітрый заваяваў пераможны дыплом у кампетэнцыі «Графічны дызайн».
— Я атрымліваю запатрабаваную ў грамадстве прафесію і ведаю, што, нягледзячы на асаблівасці здароўя, заўсёды змагу знайсці работу. Вельмі ўдзячны сваім выкладчыкам. Улічваючы дыстанцыйны фармат навучання, часам узнікалі некаторыя цяжкасці, але педагогі хутка дапамагалі з усім справіцца. За час навучання зразумеў, што праграмаванне — гэта менавіта тая справа, якой мне хочацца займацца. У найбліжэйшых планах — здаць экзамены і адправіцца на пераддыпломную практыку. На прадпрыемстве мяне ўжо чакаюць. Спадзяюся, што пасля атрымання дыплома застануся там працаваць, — падзяліўся Дзмітрый Войтаў.
Матэрыялы Ганны СІНЬКЕВІЧ.