Да дзіцячага сэрца

Міус, Ж. Да дзіцячага сэрца : [гутарка з дзіцячай пісьменніцай Ж. Міус] / Жанна Міус ; гутарыла Дзіяна Казімірчык // Літаратура і мастацтва. — 2022. — 17 чэрвеня. — С. 7.

Шлях у дзіцячую літаратуру для Жанны Міус быў няпросты. «Слава да мяне не раптоўна падышла і не падбегла, каб узяць і закружыць у зорным танцы. Яна, хутчэй, няспешным цікаўным смоўжыкам паўзла ціхенька насустрач. Праз гады і мары», — прызнаецца пісьменніца. Яна верыць у сусветны закон «мараспраўджвання» і ў тое, што наканаванае чалавеку не абміне. Жанна Міус расказала пра тое, як у яе атрымліваецца пакараць дзіцячыя сэрцы.


— Жанна Віктараўна, у вас вельмі гучны псеўднім. Раскажыце, што ён значыць і як узнік?

— Ідэя ўзнікла ў верасні 2018 года, якраз тады, калі я прыехала ў Выдавецкі дом «Звязда» зацвердзіць макет маёй першай дзіцячай кнігі «Странные детки». Я звярнулася з прапановай «апсеўданіміцца» да рэдактара аддзела кнігавыдання Вольгі Станіславаўны Рацэвіч. Насамрэч, не хацелася быць яшчэ адной пісьменніцай Усцінавай. Той, хто цікавіцца літаратурай, ведае, што ёсць аўтар Таццяна Усцінава, якая піша дэтэктыўныя раманы. Падумаўшы крыху, я вырашыла ўзяць па першым складзе з маіх прозвішчаў: дзявочага — Мінчанка і па мужу — Усцінава. Так атрымалася Міус. Коратка. Гучна. Весела. Тое, што і патрэбна, каб цябе адразу запомнілі маленькія чытачы.

— Як узнікла ідэя вашай першай дзіцячай кнігі? Чаму прыйшлі да напісання твораў менавіта для дзяцей?

— Творы для дзяцей я пачала пісаць задоўга да таго, як пабачыла свет мая першая кніга. Рукапісы з вершамі і казачнымі гісторыямі адсылала ў розныя выдавецтвы, але, не атрымаўшы адказу, сумелася, на некаторы час кінула спробу пакараць кніжны свет. У 2017 годзе нечакана напісаўся верш «Лохмарик-Шуршарик, или О том, кто шуршит в темноте под детской кроватью». А затым узнікла ідэя напісаць цэлую кнігу пра розныя дзіцячыя дзівацтвы. Так узніклі мае жартоўныя слоўцы: «смехава́рыя», «белібердомік», «слязлі́вень», «капрызасос», а пад іх склаліся і самастойныя гісторыі пра непаўторны і чароўны свет дзяцінства. Ніколі не забуду той памятны дзень, калі я атрымала ліст з выдавецтва, а ў ім — запаветныя словы: «Мы плануем выданне вашай кнігі…» Дарэчы, я нарадзілася 18 студзеня. Першая кніга выйшла ў 2018 годзе, і ў ёй было… ну, канечне, 18 вершаў! Вось такая магія лічбаў…

— Як з’яўляюцца героі, вобразы? Дзе чэрпаеце натхненне?

— Бываюць дні, калі працуецца лягчэй, бываюць — калі цяжэй. Асабліва гэта тычыцца вершаў. Вершы — як людзі: кожны з норавам. Адзін, глядзіш, выскоквае з галавы вясёлы, задзірлівы з воклічам: «Іх-хей!» А другі — «ныцёна», паўзе ледзь-ледзь, з натугаю… Круціш яго і так, і гэтак — а воку і слыху ўсё роўна няўежна, смак не той. Дык тут выхад адзін — адкласці і даць твору выспеліцца. Пры другім заходзе, упэўнена, усё «завяршу́ецца», як трэба! Як узнікаюць ідэі, героі, вобразы? Па сакрэце скажу: прыходзіцца ўвесь час падслухоўваць і падглядваць. Гэта жартам, а калі сур’ёзна: у дзяцей такая фантазія глыбезная — ні адзін дарослы, з развітой здольнасцю прыдумляльніцтва, пісьменнік не зможа туды занырнуць. Вы бачылі выстаўкі дзіцячых малюнкаў? Там такія неверагодныя ідэі! Такія цуд-героі! Шкада, што дзеці не могуць усё, што яны прыдумляюць, скаласці ў зграбную, чытэльную гісторыю. Вось таму Бог і прыдумаў пісьменнікаў.

— Часта пісьменнікі пішуць для канкрэтнага чытача. Вы таксама? Якой бачыце сваю аўдыторыю?

— Я пішу для сучасных дзетак. Для тых, да каго хаджу на творчыя сустрэчы, каму зазіраю ў цікаўныя вачаняты. Як толькі ў мяне нарадзілася першая кніга, пачаліся пастаянныя вандроўкі па школах і бібліятэках Магілёва. Апошнія паўгода выступаю перад маленькімі чытачамі разам з узорнай тэатральнай студыяй «У кропку!» (Магілёўская ДШМ № 1). Кіраўнік студыі Вольга Юр’еўна Бялова стварыла па матывах трох маіх дзіцячых кніг цікавую забаўляльную праграму пад назвай «Прызямліліся канікулы». Уявіце сабе шумлівае мора з сямі паралеляў першакласнікаў. Прыкладна сто пяцьдзясят «неўсядзю́х» і «балбату́ль» у адным месцы — у актавай зале. Дык вось, калі на сцэне пачынаецца спектакль з вясёлымі вершаванымі гісторыямі пра дзвюх нясумных дзяўчынак, якія робяць мэйкап соннаму тату, шыюць новы ўбор ляльцы… з матулінай сукенкі альбо малююць камічны сямейны партрэт — шум адразу заціхае. Дзеці пачынаюць паглыбляцца ў аповед, які яны агучваюць прыкладна так: «Ого, дык гэта ж пра мяне!» Асабіста для мяне зваротная сувязь са сваім чытачом — жыццёва неабходная рэч.

— Як лічыце, ці кожны пісьменнік можа стаць дзіцячым? Існуе меркаванне, што пісаць для дзяцей больш складана. Ці так гэта?

— Так! Часта аўтары пішуць «нібытадзіцячую» кнігу, насамрэч не заўважаючы, што яна адрасавана… дарослым. І стыль, і тэматыка далёкія ад сучаснасці. Лічу, калі пісьменнік даўно не дазваляў сабе дзіцячых учынкаў, схаваўся за шкарлупінаю сур’ёзнасці і сталай разважнасці, у яго наўрад ці атрымаецца годны твор, шчыры, цікавы, той, што можа працяць наскрозь і пакінуць пякучы след у маленькім сэрцы.

— Наколькі сучасных дзяцей цікавіць кніга? Як вы атрымліваеце водгук пра свае творы?

— Кніга была, ёсць і будзе! Час змяняе модныя забаўлялкі ў руках дзетак, але, калі знаёмяцца з цікавай кнігай, у іх і зараз нязменна загараюцца вачаняты. Я творча сябрую, калі можна так сказаць, са школай № 19 Магілёва. Была там ужо тройчы. Апошні раз з вялікім стосам сваіх кніг, якія дзеці захацелі набыць… А нядаўна на свяце да Дня абароны дзяцей, якое традыцыйна праходзіць у магілёўскім Падніколлі на беразе Дняпра, я на кніжнай сустрэчы пачула такі водгук: «Жанна Віктараўна, вы год назад у бібліятэцы імя А. Пушкіна падарылі мне сваю кнігу. Ведаеце, я яе ўжо тройчы перачытаў… Цікавая… Яна заўсёды падымае мне настрой. Дзякую вам за такі падарунак…» Шчыра кажу: я ледзь не расплакалася…

— І традыцыйна: якія творчыя планы? Над чым працуеце зараз?

— Гэтай зімою рускі літаратурны цэнтр у Маскве зацікавіўся маёй казачнай гісторыяй «Размаўлюнкі маленькай Валюнькі». Як вынік — публікацыя ў альманаху «Tangue», што выходзіць для прадстаўлення рускамоўных аўтараў на еўрапейскім кніжным рынку. У сувязі са складанай палітычнай сітуацыяй цяжка прадказаць вынікі такога прадстаўлення, але для сябе я ўжо птушачку паставіла: твор неблагі, зацікавіў дасведчаных людзей, калі яго захацелі прапанаваць замежным выдаўцам. Зараз рукапіс гэтага твора разам з іншымі вясёлымі гісторыямі знаходзіцца ў Выдавецкім доме «Звязда». Спадзяюся, займальны гумарыстычны аповед пра малюнкавых персанажыкаў: котабалерыну Ірыску, ружовага пяшчотазаўра Кулёму і мажную Гарбу́зу Награ́дкаўну дойдзе да маленькага беларускага чытача.

Гутарыла Дзіяна КАЗІМІРЧЫК