Пасля стартаў хочацца больш трэніравацца, каб менш прайграваць

Кандратаў, У. Пасля стартаў хочацца больш трэніравацца, каб менш прайграваць : [гутарка з паралімпійцам У. Кандратавым] / Уладзіслаў Кандратаў ; гутарыў Валерыя Сцяцко // Звязда. — 2022. — 21 ліпеня. — С. 7, 10 (Чырвоная змена). 

Пакуль адны скардзяцца на лёс і абставіны, другія — перамагаюць усе цяжкасці і кожны дзень ідуць наперад да сваёй мэты. Уладзіслаў Кандратаў адносіцца да другой катэгорыі. Хлопцу 18 гадоў, але ён ужо змог зрабіць тое, што многім дарослым людзям здаецца немагчымым. Аднак пра ўсё па парадку.


Уладзіслаў родам са Шклова. У дзяцінстве, як і многія хлопчыкі, любіў спорт. У двары гуляў у футбол, а калі ў горадзе з’явілася лядовая арэна, стаў займацца хакеем. «У нас невялікі горад, даступных відаў спорту не так шмат. І хакей нас адразу захапіў. Мне падабалася гэтая гульня і трэнеры хвалілі, поспехі былі нядрэнныя», — успамінае ён.

Але ў 15 гадоў жыццё Уладзіслава кардынальна змянілася. Напярэдадні свайго дня нараджэння ён вырашыў пакатацца на старым скутары, які сам рамантаваў. Паехаў, але перад цягніком спыніцца не змог, падвялі тармазы… Бальніца, аднаўленне, рэабілітацыя… Уладзіслаў страціў ногі, але не страціў любові да спорту.

«Да аварыі я нават не ведаў, што такое паралімпійскі спорт. Але ў бальніцы мне расказалі, потым я сам знайшоў інфармацыю ў інтэрнэце. Настаўнік фізкультуры з нашай школы пазнаёміў мяне з Васілём Юр’евічам Гаўруковічам. І праз паўгода пасля аварыі я пачаў займацца лыжнымі гонкамі. Бацькі мяне падтрымалі. Яны ведалі, што я люблю спорт, і сказалі, каб паспрабаваў, калі так хочацца. Вялікі дзякуй ім за гэта. Першая трэніроўка была вельмі цяжкай. Я не разумеў, што і як рабіць. Ну гэта і лагічна, такім спортам ніколі не займаўся. А потым усё зразумеў, уцягнуўся. І праз два гады ўжо стаў майстрам спорту. Нарматыў выканаў мінулай зімой на чэмпіянаце Беларусі», — расказвае Уладзіслаў.

Да спартыўных вышынь яго вядзе Васіль Гаўруковіч. Заслужаны трэнер працуе ў Магілёўскай абласной СДЮШАР прафсаюзаў «Спартак», дзе адкрыта адзінае ў краіне аддзяленне інваспорту па лыжных гонках. Часам трэнер ездзіць да Уладзіслава ў Шклоў, а часам — спартсмен прыязджае ў Магілёў. Умовы для трэніровак і безбар’ернае асяроддзе і ў Шклове, і ў Магілёве дазваляюць плённа працаваць.

У арсенале Уладзіслава розныя дыстанцыі — спрынт (800 метраў), 5, 10 і 18 кіламетраў. Спартсмен сцвярджае, што лыжнік павінен умець усё, але для гэтага трэба падабраць спецыяльныя трэніроўкі. «Трэнер распрацоўвае мне такі план, каб я мог бегаць усе дыстанцыі. Калі рабіць толькі хуткасныя, то на доўгія сіл хапаць не будзе. А калі рабіць раўнамерныя трэніроўкі па дзве-дзве з паловай гадзіны, то сілы будуць і на спрынт, і на доўгія дыстанцыі. Мне больш падабаюцца доўгія і сярэднія. На спрынце мне яшчэ не хапае вопыту. Там адну памылку зрабіў — і ўсё, адна мілісекунда можа прывесці да пройгрышу. На спаборніцтвах у Ханты-Мансійску я быў чацвёртым, прайграўшы трэцяму месцу 21 мілісекунду. І вось у такія моманты разумееш, што недзе недапрацаваў на трэніроўцы, штосьці ўпусціў», — тлумачыць ён.

Акрамя лыжных гонак, Уладзіслаў Кандратаў выступае ў біятлоне. Праўда, пакуль з гэтым ёсць цяжкасці — няма вінтоўкі. А які ж біятлон без яе! «У біятлоне мне не хапае вопыту ў стральбе. Я не трапляю па мішэні, пачынаю нервавацца. Але біятлон мне больш падабаецца. У лыжах ты проста едзеш на хуткасць, а ў біятлоне можна легчы і пастраляць, і гонка больш спакойная. У лыжах трэба выціскаць з сябе максімум, а ў біятлоне самае галоўнае — трапіць у мішэнь. Трэба і бегчы, і страляць, вельмі цікава», — расказвае спартсмен.

Сёлета Уладзіслаў павінен быў выступаць на самых важных стартах у сваёй кар’еры — Паралімпійскіх гульнях у Пекіне. Але, як вядома, беларускіх і расійскіх спартсменаў адхілілі ад удзелу ў іх. «У Пекіне маёй асноўнай задачай было набрацца вопыту. Мы не разлічвалі на высокія месцы, бо я толькі два гады трэніраваўся. Але тое, што за гэты час змог адабрацца на Паралімпійскія гульні — ужо поспех. Калі мне паведамілі, што буду ўдзельнічаць у Гульнях, я быў вельмі шчаслівы. Але ўжо ў Пекіне сказалі, што выступаць мы не будзем…».

Разам з беларускай камандай Уладзіслаў Кандратаў удзельнічаў у альтэрнатыўных спаборніцтвах «Мы разам. Спорт», якія прайшлі ў Ханты-Мансійску. Па словах спартсмена, выступаць на турнірах у Беларусі ці ў Расіі прасцей — свая мова, знаёмая культура. «Аднак калі я быў на спаборніцтвах у Нарвегіі і Фінляндыі, мне было цікава ўбачыць узровень турніраў. Пасля стартаў хочацца больш трэніравацца, каб менш прайграваць», — заўважае ён.

Сезон у лыжнікаў пачынаецца летам. Таму цяпер Уладзіслаў праходзіць вучэбна-трэніровачны збор у Рэспубліканскім цэнтры аліміпійскай падрыхтоўкі па лыжных відах спорту «Раўбічы». У плане на дзень — па дзве трэніроўкі. «Мне вельмі падабаюцца хуткасныя трэніроўкі. Спачатку траса ў Раўбічах здалася вельмі цяжкай. А потым прывык, ужо хочацца большай хуткасці. Ад летняй падрыхтоўкі многае залежыць. Як летам папрацуеш, такі зімой і вынік будзе», — разважае спартсмен.

У пачатку вясны ў лыжнікаў заканчваюцца спаборніцтвы, затым — адпачынак і аднаўленне, а летам зноў «у бой». Сёлета вясной Уладзіслаў месяц «адпачываў» у бальніцы — яму рабілі пратэзы. «Цяпер мне зрабілі пратэзы са сваім каленам, і па доме я ўжо магу хадзіць без мыліц, без кійка. На вуліцы — толькі па роўнай паверхні, бо калі трапіць нейкі каменьчык, могуць узнікнуць цяжкасці. На пратэзы цяжкавата ўстаць. Але калі хочаш хадзіць — будзеш хадзіць. У нас вельмі добрая каманда, старэйшыя спартсмены дапамагаюць, падтрымліваюць. Я з усімі добрыя адносіны наладзіў, бо я камунікабельны хлопец. Але куміраў у мяне няма. Кожны спартсмен па-свойму моцны. І раўняцца на кагосьці не варта, трэба імкнуцца самому быць лепшым».

Між іншым, спорт — не адзіны занятак у жыцці Уладзіслава. Хлопец мае спецыяльнасць аператара электронна-вылічальных машын, па якой ён плануе працаваць. «Вядома, спорт я не кіну, буду сумяшчаць. Думаю, спраўлюся. Спецыяльнасць у мяне перспектыўная, цікавая. І калі добра працаваць, можна добра зарабляць. Мне заўсёды былі цікавыя камп’ютары. Калі яшчэ быў на нагах, то вучыўся не вельмі добра. Але потым зразумеў, што вучыцца трэба».

Аднак галоўная мэта Уладзіслава — спартыўная. І гэта, зразумела, перамога на Паралімпійскіх гульнях. «Дзеля таго і трэніруюся. А там будуць новыя мэты», — канстатуе ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота дадзены героем