Гаўруковіч, В. Абстракцыя і таямніца колераў / Валерыя Гаўруковіч // Літаратура і мастацтва. — 2022. — 7 кастрычніка. — С. 12.
У выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва прайшла персанальная выстаўка члена Саюза дызайнераў СССР мастака Валерыя Плаксіна. Творца — выпускнік факультэта прыкладнога мастацтва Маскоўскага тэкстыльнага інстытута. З 1978 года ён узначальваў мастацкую майстэрню ААТ «Магатэкс» і больш за трыццаць гадоў займаўся дызайнам тканін, вядомасць якіх перасягнула межы Савецкага Саюза. Валерый Плаксін стварыў мноства малюнкаў роспісу па тканіне, а паралельна пісаў карціны. Асноўны аб’ект творчасці майстра — не падзеі, якія адбываюцца ў жыцці, і нават не сама рэальнасць, а ўражанні, разважанні, унутраны свет, эмоцыі.
Экспазіцыя «Я — Валерый Плаксін. Арт-75» складаецца з шасці частак. Першая — серыя аўтапартрэтаў «Знайдзі мяне ці 7-я». Партрэты выкананы не ў звыклым класічным стылі. У іх выкарыстана абстракцыя, гульня слаёў, фігур, ліній і яркіх колераў: аранжавага, ліловага, фіялетавага, жоўтага, сіняга, чырвонага. У іншых партрэтах таксама выкарыстоўваецца мнагаслойнасць, аднак чыстыя колеры замяняюцца прыемнымі кветкавымі малюнкамі. Нягледзячы на тое, што аснова партрэтаў аднолькавая, часткі кампазіцыі выгадна кантрастуюць адна з адной. Першая, што афарбавана ў яркія колеры, здаецца звязанай з сучасным мастацтвам і авангардам. Другая выглядае больш спакойнай і чымсьці нагадвае класічныя карціны, якія можна павесіць на сцяну ў кватэры.
Другая частка экспазіцыі прысвечана графіцы ў стылі Укіё-Э, што ў перакладзе з японскай азначае «вобразы зменлівага свету». На карцінах намаляваны самураі, квітнеючая сакура і іншыя элементы, якія асацыіруюцца з традыцыйнай Японіі. Асаблівую ўвагу прыцягвае карціна «Хваля», на якой рухаецца ружовая ад сонечнага святла вада, а таксама пейзаж «Гара Фудзіяма» з выявай далёкай заснежанай вяршыні. Адной з крыніц натхнення для стварэння гэтых карцін сталі работы вядомага японскага жывапісца і графіка Кацусіка Хакусая.
Трэцяя частка выстаўкі — крэатыўная імправізацыя на аснове работ вядомых мастакоў. Мы бачым больш графічную версію «Купання чырвонага каня» ПятроваВодкіна, фантазію на тэмы «Чорнага квадрата» Малевіча, «Танца» Маціса, «Сталасці памяці», «Прывіда Вермера Дэлфтскага» і «Аблічча вайны» Далі, а таксама некалькі партрэтаў самога Далі, якія выкананы ў графічным, абстрактным стылі. Таксама мы можам убачыць фантазіі на тэмы карцін Пікасо, на адной з якіх Плаксін крытыкуе сучасны амерыканскі рух BLM і дадае да яе кароткі каментарый, чым яму не падабаецца гэты рух.
Чацвёртая частка складаецца з карцін у стылі авангард. Яркія колеры, разнастайнасць геаметрычных формаў і плоскасцяў, кідкія дэталі. Гэтая частка выстаўкі пераклікаецца з аўтапартрэтамі. На карцінах таксама можна ўбачыць твары, але цяпер ужо зусім чужыя, загадкавыя і незразумелыя. І толькі гледачу вырашаць, каго яны ўбачылі на гэтых палотнах. Асаблівую ўвагу прыцягвае карціна «Цяжкія 90. Браткі», на якой намалявана некалькі партрэтаў, што перакрываюць адзін аднаго. Вочы адлюстраваных людзей альбо сумныя, альбо глядзяць на цябе з хітрасцю і злосцю, нібы плануючы злачынства. Напружаныя і трохі разгубленыя, гэтыя людзі ўсё роўна трымаюцца разам, бо наўрад вытрываюць паасобку. Ствараецца ўражанне, што калі паспрабаваць адарваць фігуры адна ад адной, то яны рассыплюцца або растануць наўпрост на палатне.
Пятая частка выстаўкі прысвечана творчасці мастака Леанарда да Вінчы, а таксама легендарнай амерыканскай кінаактрысе Мэрылін Манро. Партрэты Манро і да Вінчы, а таксама фантазіі на тэмы творчасці апошняга складаюць асноўную частку кампазіцыі. Ёсць і некалькі версій усім вядомай «Моны Лізы», выкананай у аўтарскім стылі самога Плаксіна.
Апошняя, шостая, частка — кампазіцыі свабоднага рашэння. Тут можна ўбачыць роспіс па тканінах у асаблівай тэхніцы, якую сам Плаксін называе сублімацыяй. Здаецца, такая назва ёй вельмі падыходзіць, таму што мы быццам бачым выцісканні, якія зроблены з думак і эмоцый, жахаў і надзей мастака. Бясконцасць колераў і ліній, закручаная спіраль, гульня фактур, бліскучыя малюнкі на цёмным фоне — вось што можна ўбачыць, калі разглядаеш гэтыя работы.
Выстаўка Плаксіна — збор эксперыментаў, якіх ён зусім не баіцца. Мастак даследуе розныя галіны мастацтва і спрабуе працаваць у розных стылях, дае магчымасць гледачу трапіць у свет сваіх фантазій і задумацца аб жыцці.
Валерыя ГАЎРУКОВІЧ