З ухілам на апераджэнне

Зігуля, Н. З ухілам на апераджэнне / Нэлі Зігуля, Алена Даўжанок // Звязда. — 2022. — 27 кастрычніка. — С. 4. 

 Якасць беларускіх аўтамагістраляў забяспечваюць высокія тэхналогіі і рукі прафесіяналаў, якіх шмат у аАт «ДБТ № 3»

Засталося літаральна некалькі дзён, і Магілёў першы з абласных цэнтраў пасля Мінска рапартуе аб пачатку руху па аб’язной дарозе. Гэта своеасаблівы падарунак кра і не да свята 7 лістапада. Па праекце ўвод магілёўскай кальцавой павінен адбыцца ў сярэдзіне будучага года. Але дзякуючы чароўным рукам дарожнікаў ААТ «ДБТ № 3» ацаніць якасць аўтамагістралі аўтамабілісты змогуць значна раней.

На аб’екце, які, дарэчы, афіцыйна называецца «Паўднёва-заходні абход горада Магілёва», працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстай хвіліны. Шмат вялікагрузнай тэхнікі, рабочых, але ўсё працуе як па ўзмаху чароўнай палачкі. Быццам нябачны воку рэжысёр дырыжуе аркестрам.

Першае, што хочацца зрабіць, — сфатаграфавацца на фоне вунь той прыгожай сеткі, што ляжыць па баках дарогі на адхілах.

— Гэта геасетка, якую мы прымяняем для ўмацавання, — тлумачыць начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Сяргей АДЫНЕЦ.

— У Слаўгарадзе, дзе мы рабілі пад’язную дарогу да моста праз Сож, прымяняліся жалезабетонныя пліты, тут больш інавацыйны матэрыял. Ён будзе надзейна ўтрымліваць дарогу. Каб было больш эстэтычна і бяспечна, зверху засеем траву.

Сёння шмат гаворыцца пра інавацыі. Прымяняюць іх і пры будаўніцтве дарог. Назіраем, як галоўны геадэзіст прадпрыемства Яўген КОРАНЬ правярае адхілы з дапамогай GPS-абсталявання.

— Раней даводзілася карыстацца рулеткамі, нівелірамі, — цяпер усё гэта ў адным планшэце. Вельмі зручна, — на хаду тлумачыць ён.

Літаральна на дзве хвіліны атрымалася перахапіць начальніка ўчастка дарогі Паўла КРАЧАВА.

Брыгады працуюць па ўсёй адлегласці дарогі, і трэба сачыць за іх работай, каб рэгуляваць працэс. Паўлу Генадзьевічу, дарэчы, усяго 30 гадоў, а ў яго ўжо ёсць добры вопыт будаўніцтва такіх дарог, прычым не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі.

— Аб’язная дарога — адзін з самых вялікіх аб’ектаў — таму складаных. Хоць паўсюль ёсць свае асаблівасці, — кажа ён. — Важна, што мы закальцавалі аўтарух вакол Магілёва. Гэта значыць, што транзітны транспарт не будзе заязджаць у горад. А гэта вялікі плюс для экалогіі.

Не менш важны для Магілёва другі па ўліку аб’ект трэста — траса-дублёр. Яшчэ нядаўна жыхары новага мікрараёна Гарадшчына лічылі, што жывуць наводшыбе, але прыйшлі дарожнікі — і ўсё змянілася. «ДБТ № 3» узводзіць тут другі ўчастак трасы-дублёра, які ўжо налета зробіць гэту ўскраіну адным з прэстыжных раёнаў у горадзе.

— Траса дасць магчымасць хутка і якасна трапіць у любую частку Магілёва, — удакладняе прараб Сяргей ФАМІН.

На прадпрыемстве ён працуе болей за 30 гадоў. Расказвае, што за гэты час у дарожным будаўніцтве адбылася цэлая рэвалюцыя. Сучасныя тэхналогіі і механізмы дазваляюць будаваць дарогі ў мінімальныя тэрміны.

— 25 гадоў таму мы гэтую дарогу рабілі б тры гады — сёння спраўляемся за год, — кажа ён. — Паглядзіце, якая ў нас тэхніка. Раней працавалі дзесяцітоннікі, а зараз машыны перавозяць грузы па 30 тон. Перадавыя тэхналогіі дазваляюць рабіць дарогу гладкай, як ліст паперы, пазбегнуць яе дэфармацыі ў будучыні.

На аб’екце працуе майстрам выпускнік магілёўскага Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Васіль ІЛІМОВІЧ, які ўліўся ў калектыў трэста ў 2008 годзе. Прызнаецца, што работа падабаецца. І сваю справу ён стараецца рабіць так, каб іншых не падводзіць.

— Калі схалтурыш — узнікнуць праблемы, бо наступны этап чапляецца за папярэдні, — кажа ён. — А калі робіш правільна, потым усё добра і атрымліваецца. І задавальненне ад работы ёсць.

Пакуль на ўчастку ідуць падрыхтоўчыя работы пад укладку бетону, але дарожнікі абяцаюць, што праз год аб’ект будзе не пазнаць. З’явіцца прыгожая дарога з тратуарамі, прыпынкамі, веладарожкамі, шумапаглынальным экранам і нават новым падземным пешаходным пераходам.

— Нават не верыцца, што ў 2010 годзе тут было чыстае поле — зараз бачыце, як усё забудоўваецца, — з захапленнем кажа кіраўнік праекта Юрый БУЯКОЎ. — Для экалогіі Магілёва гэтая дарога — вялікая справа.

Добрыя словы ў адрас работнікаў «ДБТ № 3» сказала вядучы інжынер абласнога упраўлення камунальнага будаўніцтва Наталля КУЗНЯЦОВА, якая прыехала на аб’ект пракантраляваць будаўніцтва. «Супрацоўнікаў гэтага прадпрыемства адрознівае адказнасць, патрабавальнасць, прафесіяналізм», — падкрэсліла яна.

Траса-дублёр і аб’язная дарога на сёння — два асноўныя аб’екты трэста. Але ў рабоце іх болей за 60.

—У складзе нашага прадпрыемства працуе пяць участкаў, — кажа начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Сяргей АДЫНЕЦ. — Два з іх знаходзяцца ў Магілёве, і па адным — у Бабруйску, Крычаве і Горках. Усе гэтыя ўчасткі штомесячна вядуць па 12—15 аб’ектаў.

Шмат дарожных аб’ектаў у «ДБТ № 3» і ў Расіі.

— Сёння ў нас заключаны кантракт на будаўніцтва дзесяці-кіламетровай дарогі ў раёне Славянска-на-Кубані за Краснадарам. Акрамя гэтага, працуем у Казані і Бранскай вобласці, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара ААТ «ДБТ № 3» Леанід ЗАХАРКЕВІЧ.

Прафесійнае свята — нагода падвесці вынікі, азірнуцца назад, зверыць планы на будучыню.

— Нам давяраюць важныя аб’екты, будаваць якія — гонар для любога дарожніка, — падкрэслівае генеральны дырэктар ААТ «ДБТ № 3» Валерый ПАЛЯКЕВІЧ.

— Самае галоўнае маё пажаданне калектыву — не хварэць. Толькі здаровы калектыў можа сёння чагосьці дабіцца. На нашым прадпрыемстве няма слова «я» — ёсць толькі «мы». Адзін чалавек ніколі нічога не зробіць, толькі разам мы сіла, якая здольная стварыць нешта карыснае для свайго народа і краіны. Нашы супрацоўнікі — гонар прадпрыемства, якія хварэюць душой за сваю справу. Усім ім вялікі дзякуй за добрасумленную працу і адданасць прафесіі. І — са святам!

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Алена ДАЎЖАНОК.